АФРАДЫТА

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

5271_4

На стале ляжала турыстычная брашура “Кіпр”, над якой схіліліся дзве дзявочыя галоўкі. Адна светлая, другая — рыжавата-медная.  “Светка, глядзі, — сказала рыжанькая,  зеленавокая  Анюта, — вось месца ўказана, дзе з вады выйшла  Афрадыта, багіня прыгажосці. Ляці туды, у Ларнаку”. Святлана ўздыхнула і адказала: “Баюся, што ў мяне не хопіць грошай на такую паездку. Я ж крэдыт толькі выплаціла за кватэру”. — “Ну, пазычым у Ларысы,  яна  мае  валюту. Праз паўгода  аддасі, яна ж чалавек свой, не скнара”. — “Табе лёгка гаварыць, а я не рашаюся, бо толькі выйшла з аднаго доўгу і адразу ў другі”. Аптымістычная  Анюта не здавалася: “Дык Ларыска працэнтаў з цябе не возьме, гэта ж не банк. А ты падумай, пабываць на Кіпры, пакуль маладая, — гэта здорава! Ды ёсць надзея пазнаёміцца там з багатым мэнам. Ты ж у нас прыгожая, думаю, не горшая, чым тая выкапнёвая  Афрадыта”.

 Святлана задумалася, бо Анька прачытала яе даўнюю мару паехаць на Кіпр.

 Яна павярнулася да сяброўкі і  сказала:

 — Анька,  у цябе авантурная натура. Ну як можна ехаць за пазычаныя грошы?

— Божа мой, усе пазычаюць. А ты ж адпускныя атрымаеш, таму не бядуй. І наогул, чаму  ты  такая  сумная, Светка, хто не рызыкуе, той не п’е шампанскага. Я сама пайду да Ларысы.

Сяброўка згадзілася. Назаўтра Анюта прынесла ёй 700 еўра і сказала:

— Ларыска дала крэдыт на сем месяцаў, ну гэта ж нармальна, улічваючы твой неблагі  заробак.

 — Угаварыла, так і быць, паеду, пагляджу свет і набяруся рамантыкі.

 Самалёт на Ларнаку вылятаў з Мінска каля 9-і гадзін раніцы. У аэрапорце пасажыраў  было багата, яны памалу рухаліся на рэгістрацыю, падсоўваючы вялікія чамаданы на калёсіках і  аб’ёмістыя  сумкі. Святлана глядзела на стракаты людскі натоўп і паступова ўцягвалася ў гэтую вясёлую турыстычную гаману, якая нагадвала ёй цыганскі табар цывілізаванага 21-га стагоддзя. Яе здзіўляла, што людзі ехалі з малымі дзецьмі, нягледзячы на складанасці пералёту (як думалася ёй), што ўсе былі спакойныя, па-дарожнаму засяроджаныя. Прайшоўшы пашпартны кантроль, дзяўчына села ў зале чакання і агледзелася. Будынак аэрапорту пасля сёлетняга рамонту вы-глядаў унушальна, сцены са шкла і бетону  былі манументальна велічныя,  новыя, падлога бліскучая і крыху небяспечная  з-за абсалютна  гладкай паверхні. Нарэшце  аб’явілі  пасадку і пасажыры  паехалі  ў аўтобусе да самалёта, вялікі “Боінг” ужо гатовы  быў прыняць у сваё нутро аматараў падарожжаў. Святлана заходзіла ў салон з лёгкай апаскай, бо ляцела ўпершыню. Села на сваё крэсла і паглядзела на суседзяў: ніхто і не думаў хвалявацца,  людзі  зручней  уладкоўваліся на сядзеннях, клапатліва  аглядалі  дзяцей, даставалі часопісы, перагаворваліся. Дзяўчына супакоілася і падумала: “Ну чаго баяцца, я ж не адна лячу, людзі вакол, ды і лётчыкі зацікаўлены ў спрыяльным зыходзе палёту, у іх жа  сем’і,  дзеці”.  Яна дастала з сумачкі мятную цукерку, кінула ў рот і пачала глядзець  у акно. Самалёт ужо набіраў вышыню, і дарогі  ўнізе  здаваліся  вузенькімі палосачкамі, зялёныя насаджэнні — казачнымі месцамі  жыхарства  гномаў, а вадаёмы — блішчастымі стужкамі. Святлана залюбавалася пейзажам і  супакоілася, але  на твары засталося, мабыць, нейкае напружанне, бо пасажыр на суседнім сядзенні сказаў, звяртаючыся да яе:  “Вы не хвалюйцеся, у наш час  авіяпералёт — самы небяспечны від транспарту”.  Дзяўчына па-глядзела на мужчыну і адказала: ”Ну, не такі ўжо і небяспечны, бываюць жа аварыі ў палёце. І разбіваюцца людзі”. — “Не  болей, чым на зямлі, вы паглядзіце статыстыку дарожных здарэнняў, і на веласіпедах трапляюць пад машыны. Урэшце, можна і дома паслізнуцца і зламаць нагу”.

Дзяўчына памаўчала, крадком па-глядзела на мужчыну, і нешта ёкнула ўнутры. Уразілі  блакітныя  вочы, цёплыя, нейкія родныя. “Што гэта я? —падумала, — не хапала ў дарозе закахацца. Ён, напэўна, жанаты, вось выйдзем  на Кіпры ды разыдземся ў розныя бакі. Але які прыемны мужчына…”

 Сусед нібы прачытаў яе думкі і сказаў: ”Давайце знаёміцца, раз ужо мы аказаліся побач, ды па славутым востраве разам паходзім. Пашукаем тое месца, дзе Афрадыта выйшла з марской пены на бераг”. — “А Вы не спяшаецеся? — астудзіла дзяўчына пыл незнаёмца. — Я Вас не ведаю, Вы — мяне”. — “Хіба гэта праблема? Мяне завуць Алік,  можна  Аляксандр,  Саша, як Вам больш падабаецца”.  — “Я — Святлана, можна Светка, як заве мяне сяброўка”.  “Ну вось і цудоўна, — адказаў Алік-Саша, — адпачывайце. Я бачу, што Вы спаць хочаце”. Сапраўды,  Святлана амаль  не  спала перад дарогай, таму цяпер яе цягнула на сон. Яна з удзячнасцю паглядзела на мужчыну і заплюшчыла вочы.

 Прачнулася,  калі сцюардэса  аб’-явіла: “Паважаныя пасажыры, наш самалёт прызямляецца ў Ларнацы, прыемнага вам адпачынку. Экіпаж развітваецца з вамі  і  жадае  ўсяго  найлепшага”. На кантролі ў аэрапорце зноў працягнуўся ланцужок  пасажыраў, але Света не засмучалася, яна радавалася, што добра перанесла палёт, уласна кажучы, праспала, і што яна на цудоўным грэчаскім востраве, пра які марыла яшчэ ў інстытуце, калі вывучала антычную літаратуру. “Вы  рады, Святлана, што апынуліся на востраве сваёй мары?” — пачуўся паблізу знаёмы голас. “Адкуль Вы ведаеце, што гэта мая даўняя  мара?” “Дык у Вас на твары напісана, і ажыўленне ў вачах”. Святлана нічога не адказала, накіравалася па сумку да  багажнага  транспарцёра. Ля выхаду з аэрапорта Алік зноў падышоў да яе і спытаў: ”Вы ў якім атэлі будзеце жыць?” — “У “Сэндзі Біч”, гэта на беразе мора”. — “Цудоўна! Я таксама ў гэтым атэлі. Ну, як тут не скажаш: лёс звёў нас на  берагах   Міжземнага мора”. Да аэрапорта падышоў трансферны аўтобус і павёз пасажыраў у атэль.

Шасціпавярховы будынак яго быў вытрыманы ў класічным стылі,  побач раслі  пальмы, сінеў паўкруглы басейн. Такога ж колеру парасончыкі акружалі   прыгожы вадаём. Света залюбавалася гэтым  вясёлым відам, перавяла пагляд на зеленавата-сіняе мора і адчула прыліў радасці: “Божа мой! Няўжо я тут? Як слаўна! Вось Анюта маладзец, што ўгаварыла мяне паехаць”. Размясціўшыся ў нумары, яна легла на шырокі ложак і ўсміхнулася. Успомніла Аліка  і падумала: “А што, закруціць раман, як сяброўка казала. Усё роўна тут часу багата, ды і ўдваіх лепш”.

Алік у сваім нумары таксама думаў пра яе: “Сімпатычная, валасы такія пшанічныя, а вочы: шэрыя, з іскрынкай. Ах, якая дзяўчынка! Шкада, што я жанаты. Але адразу гаварыць не буду, паглядзім, як пойдзе”.

 Пасля абеду ён знайшоў Святлану і запрасіў на мора:

— Не будзем траціць часу, пайшлі лавіць цёплыя промні і салёную ваду спрабаваць. І давай пяройдзем на “ты”, мы ўсё-такі суайчыннікі.

Святлана згадзілася:

— Прымаецца. Толькі пачакай, вазьму парэа, я ж забылася.

 Пакуль дзяўчына была ў атэлі, Алік падумаў: “Навошта ёй закрываць такія цудоўныя ногі ці талію? Лепш так,  каб вока цешыла”.

Калі Святлана выйшла, ён не сказаў нічога і яны накіраваліся на пляж. Зняўшы шлёпанцы, ступілі на гарачы пясок, дзяўчына з непрывычкі войкнула, і кароткімі перабежкамі маладыя людзі пабеглі да лежакоў.

А потым зайшлі ў ваду, халаднаватыя хвалі лёгенька пастуквалі па целах, белая пена з шумам кацілася на бераг. Святлана асмелілася і па-плыла,  і з вясёлым настроем крыкнула: “Вітаю цябе, радзіма Афрадыты! Дзе ты, прыгажуня антычная? Выйдзі, пакажыся. Я цябе чакаю”.

 Алік засмяяўся і сказаў:

— Якая ты рамантычная, Светка. А нашто нам Афрадыта? Ты ж не горшая, а можа, і лепшая. Ну, хто там памятае, якой яна была. Калі жадаеш, між іншым, буду цябе называць Афрадытай. Выйдзі, калі ласка, з мора.

Святлана паслухмяна ўстала, какетліва  ўсміхнулася і пайшла паходкай мадэлі да берага. Светлыя валасы блішчэлі на сонцы, стройнае цела было ў празрыстых кропельках вады, і Алік усклікнуў:

— Ты прыгажуня, марская фея!  Усё, вырашана: будзеш маёй Афрадытай, ты выйшла з марской пены і стала багіняй.

  І нагадаў  радкі  з  верша У. Высоцкага:

— Из пены уходящего потока

На берег тихо выбралась любовь.

Дзяўчына засмяялася:

— Ды ты рамантык, можа, і вершы пішаш.

— Пакуль не, але з табой навучуся.

Дзень праляцеў, як адно імгненне. І наступныя аказаліся такімі ж цудоўнымі, напоўненымі сонцам і морам, лёгкім фліртам,  які паступова ператвараўся ў нешта большае. Ва ўсякім выпадку, з боку Святланы. Яна захаплялася мужнай, спартыўнай  фігурай  Аліка, яго пачуццём гумару і галантнымі адносінамі  да яе, Афрадыты. А чаму і не пабыць багіняй на славутым востраве?!  Усё да гэтага схіляла: цікавыя экскурсіі, ласкавае  сонца  Кіпра, новыя людзі, экзатычныя мясціны,  незвычайная смачная ежа па праграме “ўсё ўключана”, бесклапотнасць. У апошні дзень Святлане стала сумна, не хацелася развітвацца з райскім жыццём і вяртаннем на радзіму з яе  “ўмерана кантынентальным кліматам”. Так прыкладна думаў і Алік і засмучаўся, што дзяўчына не стала яму блізкай, але баючыся разбурыць яе рамантычны свет,  не схіляў да інтыму. “Лепш дома, у Мінску, няхай думае пра мяне добра”.

У самалёце яны разглядалі здымкі, зробленыя мабільным тэлефонам мужчыны, жартавалі, пілі таматны сок, што разносілі сцюардэсы.  Пасля прызямлення выйшлі на вуліцу і апынуліся сярод  шумнага  патоку  лю-дзей  і  машын.

Святлана накіравалася да аўтобуса,  Алік сказаў:

— Пачакай, Светка. Ты мне вельмі спадабалася, і я хацеў бы з табой сустрэцца. Дзе і калі?

 — Ну, я не ведаю. Магчыма, у суботу, у мяне выхадны дзень. Думаю, ля парку Чалюскінцаў.

— Добра, давай у шэсць гадзін.

 Дома Светка разабрала сумку, расклала сувеніры і пазваніла Анюце. Тая прыімчалася хутка. Распытала пра ўсё, узрадавалася навіне пра знаёмства з Алікам і сказала:

— Ну, я так і думала. А дзе ж ён працуе?

— Казаў, што ў фірме па продажы камп’ютараў і айфонаў.

— О, значыць, не бедны. А жанаты?

— Я й не пытала.

— А дарэмна. Трэба ўсё было разведаць. Калі спатканка?

— У суботу, у шэсць.

— Глядзі ж, апраніся, каб з ног зваліўся, убачыўшы такую красуню.

— Ну, ты, Анька, усё перабольшваеш, метафар у цябе заўжды багата, трэба было ісці на філалагічны, а не на сумны эканамічны.

— Не скажы, сёння эканоміка займае першае месца па ўсіх параметрах, без яе ніяк. Вось хто нам шые ўборы? Фабрыкі, што адносяцца да лёгкай прамысловасці. А ўсё трэба разлічыць: дзе выгадна купіць якасную тканіну, прыдумаць прыгожы фасон, падлічыць, колькі чаго пашыць…

— О, пайшло, паехала, Анька-эканаміст выступае.

— Ну, добра, маўчу, але сукенку табе падбяром.

— Дружна вырашылі, што будзе лёгкая, блакітная сукенка з прыгожай  брошкай.

У суботу ля парку  Алік-Саша з нецярпеннем чакаў Святлану і маліў Бога, каб жонка Тамара не прыехала з дачы. Адносіны ў іх пасля дзесяці гадоў сумеснага жыцця былі далёка не рамантычныя, больш таго, дома склалася нервовая абстаноўка з-за паталагічнай рэўнасці яго законнай палавіны.

 Сустрэча са Святланай перавярнула ўсё ў душы і жыцці мужчыны, ён дзівіўся сам сабе: вядомы лавелас папаўся, ён адчуваў, што гэта дзяўчына — не чарговае захапленне, а нешта большае. “І што будзе далей? Я ж не сказаў, што жанаты. Баюся страціць маю Афрадыту. Маю… Каб жа…”

Дзяўчына прыйшла нейкая лёгкая, усмешлівая. Алік працягнуў ёй тры белыя ружы і захоплена вымавіў:

— Якая ты… Ты лепшая з усіх Афрадыт.

— Вярніся на радзіму, рамантык, ты ж не на Кіпры.

— На жаль, але ты для мяне ўсё роўна Афрадыта. Куды накіруемся, мая слаўная?

— Давай на кола агляднае, хачу палёту.

— Ну што ж, ляцім.

Круцілася кола, вецер трапаў валасы Святланы, яна весела смяялася, Саша таксама быў у добрым настроі. Паглядзелі наваколле з вышыні і спусціліся на грэшную зямлю. Мужчына прапанаваў зайсці ў кафэ, выпілі кавы з булачкамі, пажартавалі на розныя тэмы. Саша хацеў сказаць пра спатканне на адной з кватэр, але ніяк не рашаўся. Штосьці яго спыняла: ці вялікае пачуццё да дзяўчыны, ці боязь пакрыўдзіць яе. А потым набраў паветра і прамовіў:

— Светка, я хацеў бы з табой паехаць на кватэру, там мы будзем адны, пасядзім, пагаворым, вып’ем шампанскага…

Святлана задумалася, затым зга-дзілася, ёй таксама хацелася пабыць з Сашам.  Апошні прывёз яе да свайго сябра, які быў у ад’ездзе. Выпілі па келіху шампанскага, у дзяўчыны за-кружылася галава. А Саша падышоў да яе, абняў і прытуліў да сябе:

— Афрадыта, я хачу, каб ты была маёй, і толькі маёй, я кахаю цябе і ніколі не пакіну.

 Дзяўчына не адхілялася, ёй было прыемна і трывожна ў дужых руках каханага мужчыны. Так, каханага, яна вымушана была прызнацца сабе ў гэтым. Лёгкі туман  ахінуў яе і салодкая млявасць разлілася па целе. Яна толькі і здолела прашаптаць:

— Мілы…

Дома Святлана доўга не магла супакоіцца, хваляванне і адчуванне радасці не пакідалі яе. Так пачаўся курортны раман, раней яна скептычна ставілася да такіх банальных  гісторый, а цяпер нават не думала так. Ёй было добра з Сашам, яна бачыла і чула толькі яго, вакол не існавала ні мужчын, ні людзей увогуле. Маці заўважыла незвычайны стан дачкі і спытала:

— Што з табой, Светка? Ці не закахалася ты?

— Мама, я думаю, горш, проста жыць не магу без яго.

— Ну што ж , — усміхнулася маці. — На тое і маладосць. А ці ж добры хлопец?

— Лепшага няма.

— Ну, хай Бог дасць вам шчасця.

— На адным са спатканняў Саша прызнаўся, што жанаты. Дзяўчына адрэагавала спакойна, але папракнула, чаму не сказаў раней.

— Я баяўся страціць цябе. Да таго ж, у нас з жонкай ужо даўно сапсаваліся адносіны, і не ты ў гэтым  вінаватая. Стрымлівае мяне сын, яму восем гадоў, а так  бы развёўся даўно.

Святлана стаяла задумлівая, сур’ёзная, яна не ведала, што рабіць у такой сітуацыі. І Сашу не хацела адправіць назаўсёды, і шкада было невядомага хлопчыка, што можа застацца без бацькі. Мужчына спытаў:

— Ну, што ты вырашыла?

— Пакуль нічога, мне трэба падумаць.

Разышліся яны сумныя, кожны пры сваіх думках.

Дома Святлана ўспомніла даўно прачытанае:

Нам з табою лепш бы размінуцца,

Міма праляцець на паўкрыла,

Толькі я малюся той мінуце,

Што з табой  на момант нас звяла…

 У наступны раз Саша прывёз з сабой сына Генку, жадаючы пазнаёміць яго са Святланай, каб паступова прывык. Але хлопчык адрэагаваў рэзка:

— Ты навошта мяна знаёміш з гэтай цёцяй? У мяне ёсць мама і яна заўсёды будзе адна.

Бацька анямеў ад такога, а потым размахнуўся і моцна ўдарыў сына. Хлопчык  адляцеў убок, падняўся і крыкнуў:

— Ты мне не патрэбен!

А потым нечакана  пабег  на праезджую частку дарогі, дзе шумеў паток машын. Саша застыў на месцы, а Святлана кінулася за хлопчыкам, у апошнюю мінуту адпіхнула яго ад  сіняга “Опеля”  і  ўпала прама пад колы…

З машыны выскачыў  збялелы ва-дзіцель. Саша падбег да Святланы, паклікаў яе, але вочы дзяўчыны  ўжо  глядзелі нерухома ў высокі блакіт…

Рыдаючы, мужчына абняў яе і прашаптаў:

— Афрадыта, сонца маё, як хутка ты закацілася…

Раіса ХВІР, г.Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.