М.М. ХУДАЯ: «Усё жыццё аддадзена людзям…»

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Изображение 367

9 студзеня адзначыла свой юбілей Марыя Мікалаеўна Худая — чалавек, чый лёс непарыўна звязаны з Нясвіжчынай, чалавек, які носіць званне “Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа”. Яна ўзнагароджана ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Дружбы народаў і ордэнам Пашаны. Такія высокія дзяржаўныя ўзнагароды яна заслужыла самаадданай працай дзеля росквіту роднай беларускай зямлі, дзеля дабрабыту людзей.

Марыя Мікалаеўна нарадзілася ў вёсцы Сякерычы Клецкага раёна. У 1959 годзе скончыла Лідскі сельскагаспадарчы тэхнікум. На працу яе накіравалі ў калгас  “Ленінскі шлях” Нясвіжскага раёна. Была галоўным бухгалтарам, галоўным эканамістам, з’яўлялася адначасова намеснікам старшыні калгаса і сакратаром партыйнай арганізацыі.

Вышэйшую адукацыю набывала завочна — у Беларускай  сельгас-акадэміі, Маскоўскай сельгасакадэміі імя Ціміразева, Мінскай вышэйшай партыйнай школе.

З 1977 года яна — старшыня калгаса “1 Мая”. З верасня 1979 года — начальнік райсельгасупраўлення. Са студзеня 1981 года — старшыня выканкама  Нясвіжскага раённага Савета народных дэпутатаў. У снежні 1983 г. стала першым сакратаром раённага камітэта  Камуністычнай партыі Беларусі.

3 лістапада 1988 г. да лютага 1996 г. Марыя Худая ўзначальвала Мінскі абласны камітэт па экалогіі. Яна выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 8-га і 13-га скліканняў, і тры скліканні — дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага  сходу Рэспублікі Беларусь.

Цяпер Марыя Мікалаеўна Худая з’яўляецца  старшынёй Мінскага абласнога каардынацыйнага  савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, першым сакратаром Мінскага абкама КПБ.

Сёння наш аповед — пра яе. А хто ж лепш раскажа пра  гэтага цудоўнага, незвычайнага чалавека, як не тыя людзі, што працавалі побач?!

Першы мой тэлефонны званок — былому бухгалтару калгаса “Ленінскі шлях” Юліі Рыгораўне Жук.

— Марыя Мікалаеўна прыехала да нас маладым спецыялістам, — расказвае мая суразмоўца. — Была вельмі ўважлівая да лічбаў, скрупулёзная, старанная, акуратная. Павышала сваю кваліфікацыю — паступіла завочна ў Беларускую сель-скагаспадарчую акадэмію. Яе ўсе паважалі, у тым ліку і тадышні старшыня калгаса Уладзімір Аляксандравіч Дзідзевіч…

А вось што паведаў галоўны аграном закрытага акцыянернага таварыства “1 Мая” Мікалай Міхайлавіч Ленкавец:

— Я шмат гадоў у нашым  раёне працую, і Марыя Мікалаеўна на Нясвіжчыне доўгі час працавала, таму магу  сказаць, якой яна была. Энергічны чалавек, талковы работнік, добра ведала сваю справу і аддавала ёй усю сябе.

Калі Марыя Мікалаеўна ўзначаліла калгас “1 Мая”, я быў галоўным аграномам у калгасе імя Кірава (крыху пазней гэтыя гаспадаркі аб’ядналі ў адну). У той час мінеральныя ўгнаенні ўносілі самалётамі сельгасавіяцыі, і, памятаю, мы разам з ёй наймалі самалёт. У Качановічы на аэрадром, дзе захоўваліся тукі і запраўляўся  самалёт, я ездзіў як аграном, а яна, старшыня, наведвалася аса-біста, каб пракантраляваць і быць упэўненай, што ўсе ўгнаенні пойдуць па прызначэнні,  глеба атрымае неабходнае сілкаванне, і палі дадуць добры ўраджай. Яна кантралявала ўсе вытворчыя працэсы, усюды паспявала пабываць. Як расказвала мая цешча, якая ў той час працавала даяркай на ферме, Марыя Мікалаеўна спакойна магла пасля дойкі сесці ля каровы і праверыць, ці да канца выдаена малако. Яна не цуралася ніякай работы.

Шмат цікавага расказаў і цяперашні сакратар раённай  арганізацыі КПБ  несвіжанін  Якаў Паўлавіч Случак:

— Працуючы інструктарам райкама партыі, я быў замацаваны за зонай, у якую ўваходзіў калгас “Ленінскі шлях”. Даводзілася часцяком у ім бываць, а Марыя Мікалаеўна з’яўлялася там галоўным эканамістам і сакратаром партыйнай арганізацыі. Калгас быў нядрэнны. Тут ушчыльную ўзялі-ся за вытворчасць мяса, пабудавалі ля вёскі Чанавічы свінаферму, якая прыносіла неблагі даход. Старшыню калгаса Дзідзевіча  і сакратара парткама Худую запрасілі на Беларускае тэлебачанне, яны дзяліліся вопытам. Тады яшчэ Дзідзевіч агучыў фразу, якая стала крылатай: “Свінні Лань вывелі ў людзі”.

Калі Марыя Мікалаеўна ўзначальвала калгас  “1 Мая”, я быў дырэктарам завода кармавога біяміцыну. Мы з’яўляліся шэфамі гэтай  гаспадаркі, дапамагалі на розных сельгасработах. Старшыня заўсёды знаходзіла час сустрэць нас.

Прывозіла ў поле ці на луг  ваду, адзін раз, здаецца, нават малаком частавала.

Варта ўспомніць і наступны факт, які меў месца падчас яе работы ўжо старшынёй райвыканкама. У горадзе адсутнічалі ачышчальныя збудаванні. Іх узвядзенне даручылі нашаму заводу, з далявым удзелам  іншых прадпрыемстваў як крыніц фінансавання. А біязавод меў саюзнае падначаленне, і мы з Марыяй Мікалаеўнай паехалі ў Маскву, у Міністэрства мікрабіялагічнай прамысловасці СССР, “выбіваць” “дабро” і сродкі на будаўніцтва. Намеснік міністра прыняў нас даволі холадна і катэгарычна сказаў “не”. Бюджэт галіны быў ужо звярстаны, і маскоўскім чыноўнікам давялося б рабіць нейкія перастаноўкі ў фінансаванні аб’ектаў. Ды і што той Маскве наш маленькі Нясвіж?! Але Марыя Мікалаеўна — чалавек настойлівы, цвёрды, не прывыкла адступаць. Да таго ж, яна тады была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. І дэпутацкае пасведчанне мела вагу. Марыя Мікалаеўна трапіла на прыём да нашага  міністра. Заручыўшыся яго падтрымкай, мы  паехалі ў Дзяржплан СССР. І пытанне было вырашана станоўча, у Нясвіжы пачалі ўзвядзенне ачышчальных збудаванняў. Трэба сказаць, што гэта стала нашай вялікай перамогай.

Як старшынёй калгаса Марыя Мікалаеўна ведала, дзе, што і як у ім робіцца, так, стаўшы начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, пасля — кіраў-ніком раёна, ведала, што робіцца на яго тэрыторыі. Яна ўставала рана, садзілася за руль УАЗіка і аб’язджала  палі і фермы,  наведвалася да кіраўнікоў гаспадарак. І калі хто спрабаваў схітрыць, як кажуць,  “навешаць лапшы на вушы”, яму гэта не ўдавалася. Марыя Мікалаеўна перапыняла балбатуна і сама  гаварыла, што дзе бачыла ў яго “вотчыне”. І тут жа абмяркоўваліся праблемы, прымаліся нейкія захады для іх вырашэння. Яна ніколі не была кабінетным работнікам, заўсёды — у гушчы народа. Шмат надавала ўвагі дакладнай і зладжанай рабоце ўсіх звенняў раённага апарату, яго ўплыву на развіццё эканомікі, вырашэнне сацыяльных пытанняў.

… з кіраўніцтвам Мінскай вобласці і Нясвіжскага раёна на раённым злёце перадавікоў. 2006 год

… з кіраўніцтвам Мінскай вобласці і Нясвіжскага раёна на раённым злёце перадавікоў. 2006 год

Шмат зрабіла М.М. Худая, узначальваючы прыродаахоўную службу Мінскай вобласці. Яна фактычна стаяла ля вытокаў фарміравання экалагічнага фонду, які спачатку  ствараўся на добраахвотнай аснове, а потым быў  уведзены ў краіне ў ранг падатку. Дзякуючы гэтаму, у нашым раёне, як і ў цэлым у рэспубліцы, былі вырашаны многія праблемы. За сродкі, адлічаныя ў фонд, будаваліся водазаборы, ствараліся палігоны ТБА, сістэмы ачысткі выкідаў у паветра прамысловымі  прадпрыемствамі. Пачалася рэкультывацыя адпрацаваных кар’ераў — гэтых ран на твары зямлі. Прадпрыемствы і арганізацыі добраўпарадкавалі тэрыторыі, ажыццяўлялі праекты па азеляненні. У Нясвіжы адбылася рэканструкцыя гарадскога парка і ачышчальных збудаванняў.  Большую ўвагу пачалі звяртаць на якасць пітной вады. Для яе ачысткі ў школах і дзіцячых садах Нясвіжчыны былі  пастаўлены дадатковыя  фільтры. А гэта ж — клопат пра здароўе людзей, пра  здароўе падрастаючага пакалення.

— Калі б не стварылі ў пачатку 90-х фонду аховы прыроды, мы б так  і заставаліся па вырашэнні экалагічных  пытанняў у мінулым  стагоддзі, — такі адназначны вердыкт вынес мой чарговы суразмоўца — Міхаіл Міхайлавіч Чычко, які 13 гадоў узначальваў Нясвіжскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў  і аховы  навакольнага асяроддзя і большую частку гэтага перыяду разам з М.М. Худой ажыццяўляў розныя праекты экалагічнага кірунку (цяпер ён — дырэктар установы “Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр” Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі). — Мы больш строга пачалі прымяняць санкцыі. Дапамагалі тым, хто рабіў справу, і каралі тых, хто на ахову навакольнага  асяроддзя не звяртаў увагі. Дзейнічалі, такім чынам, метадам кнута і перніка. І яшчэ — Марыя Мікалаеўна сфарміравала калектыў абласной экалагічнай службы, які потым многія гады дружна, дзейсна стаяў на ахове прыроды пад яе кіраўніцтвам.

Марыя Мікалаеўна — з ветэранамі вайны. 2007 год

Марыя Мікалаеўна — з ветэранамі вайны. 2007 год

… з нясвіжскімі дзецьмі ля навагодняй ёлкі. 2007 год

… з нясвіжскімі дзецьмі ля навагодняй ёлкі. 2007 год

Марыя Мікалаеўна Худая многа ведала і многа зрабіла ў прырода-ахоўнай сферы. Таму, стаўшы дэпутатам Палаты  прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і працуючы на пастаяннай аснове намеснікам старшыні камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні, яна  ўносіла своечасовыя і абгрунтаваныя прапановы пры распрацоўцы і прыняцці праектаў законаў. Глыбока  ўнікаючы ў тэмы, яна станавілася прафесіяналам.

Акрамя таго, яна з’яўлялася старшынёй пастаяннай камісіі  Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый.

Дзякуючы энтузіязму, актыўнасці, нераўнадушшу Марыі  Мікалаеўны, яе ўменню з усімі знайсці агульную мову, у Мінскай вобласці пачалі праводзіць дзіцячыя экалагічныя форумы. Першынство “забіла” за сабой Любань, затое на Нясвіжчыне яны праходзяць рэгулярна, штогод. Пасля форум узняўся і на рэспубліканскі ўзровень. Прапаганда экалагічнага выхавання набывала ўсё большы размах.

— Цяжкавата было спачатку, калі прыйшла ў экалогію, — успамінае былое Марыя Мікалаеўна Худая. — Ведаў у гэтай сферы не хапала нават пры маіх трох вышэйшых адукацыях. Год працавала над сабой, вучылася… Стварылі мы добры калектыў. 20 гадоў мінула, як я пакінула гэтую пасаду, але больш за ўсё тэлефануюць мне зараз іменна  тыя людзі, былыя калегі. Пытанні экалогіі іграюць вялікую ролю, і над імі трэба вельмі сур’ёзна працаваць. Я, як ганаровы эколаг, працягваю займацца ў даным кірунку.

Два гады таму наша гераіня заснавала пераходны прыз  “Экалагічны глобус Худой Марыі Мікалаеўны” для лепшай  арганізацыі Нясвіжчыны па прапагандзе экалагічных ведаў, за ўласныя сродкі заказаўшы хрустальны глобус на Барысаўскім хрустальным заводзе. А Нясвіжская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя  і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама распрацавалі Палажэнне аб “Экалагічным глобусе”.

У 2013 годзе хрустальны глобус быў уручаны Цэнтру  дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна. У 2014-м — Карцэвіцкай сярэдняй школе.

… з намеснікам старшыні СВК “Агракамбінат Сноў”, заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Уладзі-мірам Бабром — на раённых дажынках. 2014 год

… з намеснікам старшыні СВК “Агракамбінат Сноў”, заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Уладзі-мірам Бабром — на раённых дажынках. 2014 год

Марыя Худая — з перадавым маладым камбайнерам СВК “Агракамбінат Сноў” Уладзімірам Яфімчыкам — падчас абласной патрыятычнай акцыі, прысвечанай 70-годдзю вызвалення Беларусі  ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай   вайне. 2014 год

Марыя Худая — з перадавым маладым камбайнерам СВК “Агракамбінат Сноў” Уладзімірам Яфімчыкам — падчас абласной патрыятычнай акцыі, прысвечанай 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. 2014 год

Будучы дэпутатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Марыя Мікалаеўна шмат  рабіла для простых людзей. Да яе на прыём прыходзілі з самымі рознымі  праблемамі, просьбамі, пытаннямі. І яна кожнага старалася падтрымаць, па магчымасці, дапамагчы. Яе можна было бачыць і ў працоўных калектывах, і сярод дзяцей на навагодніх ранішніках, з роднымі загінуўшых воінаў-афганцаў і мамамі дзетак-інвалідаў. Яна з радасцю сустракалася і сустракаецца з ветэранамі, і з не меншым жаданнем імкнецца сказаць цёплыя словы маладым перадавікам вытворчасці, таленавітым вучням.

Марыя Мікалаеўна працягвае:

— Больш трэба працаваць з моладдзю, дапамагаць яе станаўленню  ў наш няпросты час. Асабліва трэба дапамагаць добрасумленным маладым  людзям, хто сам імкнецца нечага дасягнуць…

Нягледзячы на ўзрост, мне хочацца дапамагчы пры падрыхтоўцы кадраў, папрацаваць з моладдзю, на колькі хопіць сіл і здароўя. Бо кадраў не хапае. У гэтым годзе стаўлю задачу: якія б мерапрыемствы мы ні праводзілі, усе яны павінны быць накіраваны на ўзаемадзеянне з моладдзю, з дзецьмі. Дзецям са школьнай  парты трэба дапамагаць у прафарыентацыі, выхоўваць у іх пачуццё адказнасці. Калі паступіў у ВНУ, то вучыцца павінен не дзеля вокладкі, а дзеля ведаў, каб стаць добрым спецыялістам, а атрымаўшы дыплом, не шукаць цёплага месцейка, а ісці працаваць туды, дзе болей патрэбен, хоць там, магчыма, і цяжэй.

... з дырэктарам Сноўскай СШ Галінай Радаман і вучаніцай гэтай школы Ірынай  Трушнікавай, якая дастойна прадставіла Рэспубліку Беларусь  на Міжнародным маладзёжным экалагічным форуме «Выратуй і захавай» у расійскім  Ханты-Мансійску. 2014 год

… з дырэктарам Сноўскай СШ Галінай Радаман і вучаніцай гэтай школы Ірынай Трушнікавай, якая дастойна прадставіла Рэспубліку Беларусь на Міжнародным маладзёжным экалагічным форуме «Выратуй і захавай» у расійскім Ханты-Мансійску. 2014 год

У 2014 годзе ў мяне на асабістым прыёме пабывалі 172 чалавекі. У тым ліку і з просьбай дапамагчы знайсці работу. Гляджу ў дыплом — а там  адзнакі “3”, “4”, “5”. Я ж не магу рэкамендаваць такога гора-спецыяліста, бо стаўлюся да пытання аб’ектыўна.

Прывяду яшчэ прыклад. Неяк у Маладзечне мне далі ў каледжы клас, каб добраўпарадкаваць, прыбраць у парку Перамогі алею, якую мы садзілі з заслужанымі, паважанымі людзьмі. Каб вы толькі бачылі, як рабяты працавалі! Проста цудоўна! Ім хочацца пабыць разам, прынесці карысць, пачуць параду. Моладзь наша добрая, яе толькі трэба накіроўваць.

Памятаю, калі працавала ў калгасе “Ленінскі шлях”, казала старшыні Ула-дзіміру Аляксандравічу Дзідзевічу: “Давайце накіроўваць маладых на вучобу, а яны будуць вяртацца ў калгас”. І ён мяне падтрымліваў. З моладдзю мы актыўна працавалі, я рэгулярна наведвалася ў Ланскую школу, гутарыла з вучнямі. Яны з часам станавіліся калгаснымі стыпендыятамі, а потым — нашымі спецыялістамі.

Першым настаўнікам на самастойным працоўным шляху Марыі Худой і быў У.А. Дзідзевіч. Ён дапамагаў маладому спецыялісту. Пра што Марыя Мікалаеўна і цяпер успамінае з удзячнасцю. Спачатку старшыня трошкі насцярожана адносіўся да маладзенькага галоўнага бухгалтара. Прапанаваў: “Пакуль увойдзеце ў курс справы, падпісвайце дакументы тады, як будзе стаяць мой подпіс”. Прайшоў месяц. Дзяўчына разабралася ва ўскладзеных на яе абавязках, і старшыня пераканаўся, што яна можа працаваць самастойна.

Значна пазней, калі яна ўжо стала галоўным эканамістам, намеснікам старшыні і сакратаром партыйнай арганізацыі — адначасова ў трох іпастасях, чаго нідзе болей не было, — выконвала палавіну работы старшыні, асабліва арганізацыйнай, бо  Уладзімір Аляксандравіч, інвалід Вя-лікай Айчыннай вайны, часта хварэў. А Марыя Мікалаеўна яго вельмі паважала і не магла зрабіць інакш.

Калі М.М. Худой прапанавалі ўзначаліць калгас “1 Мая”, яна ў першую чаргу звярнулася па параду да Дзідзевіча. Уладзімір Аляксандравіч сказаў: “Вы пойдзеце — пайду і я. Але  як дачцэ, раю: ідзіце, я веру, што ў вас атрымаецца”. Так ён благаславіў сваю падначаленую на гэты крок — стаць на няпросты, цяжкі, але і цікавы шлях кіраўніка.

Былі на гэтым шляху і іншыя людзі, якія падтрымлівалі, падказвалі, ва ўсіх складаных пытаннях давалі парады, жадалі толькі дабра і поспехаў. Яна лічыць, што галоўным стрыжнем яе станаўлення быў прыклад кіраўнікоў абласного і рэспубліканскага  ўзроўняў Івана Яўсеевіча Палякова, Пятра Міронавіча Машэрава, Уладзіміра Андрэевіча Мікуліча, Анатолія Аляксандравіча  Малафеева.

— Я гэтых людзей слухала, я ім  верыла. З нарадаў з Мінска вярталася такая акрыленая, — кажа Марыя Мікалаеўна. І тут жа ўспамінае выпадак, зноў з “Ленінскага шляху”:

— У канцы дня прыехаў у наш калгас Палякоў, першы сакратар абкама КПБ, а з ім таварыш па аргкадравай рабоце з Масквы. Я была на працы, сын маленькі — са мной, заснуў, нагуляўшыся. Ніхто не папярэдзіў, што начальства высокае  прыедзе. Разгубілася… Але ў нас з гасцямі адбылася такая працяглая, простая, нязмушаная, добразычлівая размова.

Шмат станоўчага прыўнесла і работа побач з Мяфодзіем Мікалаевічам Бандарчыкам. І калі быў у Нясві-жы першым сакратаром РК КПБ, і калі пайшоў у Мінскі абкам партыі, ён заўсёды заставаўся  вельмі прыстойным, чалавечным, глыбока ўнікаў ва ўсе пытанні.

Якія ж падзеі падчас яе работы ў Нясвіжскім раёне засталіся ў памяці як самыя значныя, самыя прыемныя?

— Канешне ж, нараджэнне сына. Праўда, у радзільны дом я паехала з работы: ішоў студзень, і мне трэба было складаць гадавую справаздачу калгаса.

Другая падзея — стварэнне Ланскага мужчынскага хору. Я, сакратар  камсамольскай арганізацыі калгаса, два  гады хадзіла вечарамі па вёсках, па хутарах, каб пераканаць мужчын і юнакоў, сабраць іх, адцягнуць ад дрэнных звычак. І гэта ўдалося! Калектыў з 60 чалавек заспяваў так годна, што нашаму хору прысвоілі з часам званне “народны”.

У 1986-1987 гадах Нясвіжскі раён выйшаў у лідары, і не толькі ў вобласці. Мы атрымалі ўраджай збожжавых па 53 цэнтнеры з гектара — такога ніхто не меў у рэспубліцы. Упэўнена: Нясвіж стаў лепшым на Міншчыне пасля таго, як мы два гады запар  вазілі  ўсіх кіраўнікоў і спецыялістаў на вучобу ў Гродзенскую вобласць. Мы падрыхтавалі вельмі сур’ёзныя кадры. Многія прадстаўнікі гэтага старэйшага пакалення і сёння перадаюць моладзі свой вопыт.

Добрыя ўспаміны пакінулі сустрэчы і работа побач з Міхаілам  Аляксандравічам Карчмітам.  Які ён быў мудры, гаспадарлівы, таленавіты! Ён, як толькі прыехаў пасля  інстытута інжынерам у “Ленінскі шлях”, адразу ж прапанаваў: “Давайце  бу-дзем прымаць нейкія захады, каб аблегчыць працу людзей на фермах”. Тое ж зрабіў, калі ўзначаліў калгас “Рассвет”, адначасова ўзняўшы і культуру земляробства.      Удзячныя яму “рассветаўцы” не хацелі, каб Міхаіла Аляксандравіча ад іх забіралі ў калгас імя Калініна. Адна група “хадакоў” прыехала з гэтай просьбай да мяне ў райкам партыі, другая паехала ў сталіцу. Мне давялося доўга пераконваць  сялян, што “Рассвет” ужо малы для Карчміта, што яго патэнцыял кіраўніка  значна большы, што гэтая перастаноўка патрэбна, яна пойдзе на карысць раёну… І я рада, што  не памылілася.

Хацелася б тут успомніць і нядаўнюю падзею, якая адбылася ў нашай вобласці амаль напрыканцы мінулага года — ушанаванне заслужаных працаўнікоў аграпрамысловага  комплексу Міншчыны. Калі я прапанавала старшыні аблвыканкама Сямёну Барысавічу Шапіру правесці такую сустрэчу, і ён сказаў: “Займайцеся гэтым”, ніколі не думала, што мерапрыемства будзе  мець такі размах, што для яго адвядуць залу на  400 чалавек… А ўсё гэта было: і прыгожы Палац культуры ў Маладзечне, і сувеніры, і цёплыя словы вядучых свята пра ветэранаў, і глыбокі, прасякнуты дабрынёй і ўдзячнасцю зварот да іх Сямёна Барысавіча… Мне хацелася сабраць гэтых людзей, якія працавалі некалі не за славу, а на сумленне. Ім даводзілася цяжка, і зарплата была нізкай… Але яны вытрымлівалі  ўсе нягоды. Трэба, каб усе ведалі: пра іх памятаюць, пра  іх расказваюць. А дзеці і ўнукі паважаных ветэранаў працы ганарацца сваімі роднымі. Гэта ж так важна ў выхаванні падрастаючага пакалення. Я ўсё жыццё аддала людзям, хочацца і далей рабіць ім дабро. Галоўная мая мэта — служыць людзям працы.

Марыя Худая і старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко — на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ў Нясвіжскім замку пераможцаў і лаўрэатаў абласнога конкурсу праектаў у сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. 2014 год

Марыя Худая і старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко — на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ў Нясвіжскім замку пераможцаў і лаўрэатаў абласнога конкурсу праектаў у сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. 2014 год

— Марыя Мікалаеўна, прадоўжце, калі ласка, фразу: “Нясвіжчына для мяне — гэта…”

— … Гэта ўсё маё жыццё.

— Вашы пажаданні жыхарам нашага раёна?

— Моцнага ўсім здароўя, дабра, радасці, шчасця, мірнага блакітнага неба, усіх даброт, утульнасці і любові — любові  да сваёй Айчыны, да роднай зямлі, да людзей. Людзей трэба любіць і паважаць. Я жыву іх праблемамі, жыву разам з імі, і яны мяне як бы натхняюць, дапамагаюць мне змагацца з цяжкасцямі, з рознымі складанасцямі…

Доўгі час побач з Марыяй Мікалаеўнай працаваў Леанід  Фёдаравіч Крупец, цяпер ён — Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Бразіліі. Ён неадкладна адгукнуўся на нашу просьбу, і з далёкага горада Бразіліа праз Атлантычны акіян даляцелі ў Нясвіж яго цёплыя,  поўныя павагі словы, адрасаваныя Марыі Мікалаеўне Худой: “Для мяне Вы заўсёды былі і з’яўляецеся прыкладам дабрыні, справядлівасці, працавітасці, актыўнай жыццёвай пазіцыі. З юбілеем Вас, Марыя Мікалаеўна! Прыміце самыя добрыя, шчырыя і сардэчныя віншаванні ад мяне і маёй сям’і. Зда-роўя, шчасця, міру і дабрабыту! Усяго Вам самага добрага і светлага!”

Не сумняюся, што ў гэтыя дні Марыя Мікалаеўна атрымлівае шмат падобных віншаванняў.

Калектыў «Нясвіжскіх навін» далучаецца да іх. Здароўя Вам, Марыя Мікалаеўна, радасці, доўгіх і светлых гадоў жыцця!

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ, Іны ВАСІЛЕВІЧ, Дзмітрыя ЯШЧАНКІ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.