Пра родную вёску – з любоўю

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Васьмікласніца Дзіяна Гегеня і яе настаўніца Наталля Васільеўна Плакса рыхтуюцца да чарговай творчай работы

Васьмікласніца Дзіяна Гегеня і яе настаўніца Наталля Васільеўна Плакса рыхтуюцца да чарговай творчай работы

У канцы мінулага года адбыўся рэспубліканскі конкурс сачыненняў “За што я люблю сваю вёску” сярод вучняў 8 — 11 класаў школ, размешчаных у сельскай мясцовасці, арганізаваны аддзяленнем “Сяльчанка” грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.  У лік пераможцаў у ім увайшла вучаніца 8 класа Карцэвіцкай  СШ Дзіяна Гегеня.

Як сказала сама дзяўчынка, перамога была для яе неспадзяванай, бо ўсе конкурсныя работы аказаліся дастойнымі і цікавымі.

А ўсё пачалося дзякуючы абвестцы пра конкурс, якую даслалі на школу.  Як творчаму чалавеку, падрыхтоўку кандыдатуры для ўдзелу ў конкурсе даручылі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Васільеўне Плакса. Яна вырашыла правесці міні-конкурс, каб знайсці самага дастойнага. Некалькім класам была дадзена тэма, на якую яны павінны былі напісаць кароткае сачыненне. Па яго выніках настаўніца вырашыла, што Дзіяна зможа справіцца з гэтай далёка не самай лёгкай працай. Акрамя таго, Наталля Васільеўна і раней ведала, што дзяўчына добра піша, таму нават неаднаразова давала Дзіяне магчымасць паўдзель-нічаць у “Хвілінках Нясвіжазнаўства” на раённым радыё.

Падрыхтоўка да конкурсу пачалася ў школе  на наступны дзень пасля атрымання тэмы. Пра тое, як яе раскрыць, Дзіяна параілася з настаўніцай, і, прыйшоўшы да выніку, што будзе цікава напісаць пра любоў да вёскі ў выглядзе запаведзей, прынялася за справу. Кожны дзень у школе дзяўчынка абмяркоўвала з Наталляй Васільеўнай,  як лепей гэта зрабіць. А пасля заняткаў дома  пісала  накіды сачынення. Настаўніца правярала напісаны тэкст, падказвала,  што і як падправіць. І,  калі сачыненне было канчаткова завершана, яго адправілі ў раённую камісію. Першапачаткова работа складалася з сямі запаведзей: “Жыць з нялёгкай працы на зямлі”, “Любіць і бараніць сваё”, “Помніць”, “Берагчы прыроду і верыць у яе магутнасць”, “Тварыць прыгажосць” і “Шанаваць матчыну мову”, але амаль за дзень да абароны сачынення Дзіяна дапісала і восьмую —“Гадаваць уласных дзяцей, любіць і песціць іх”. У кожнай запаведзі ўзгадваюцца лёсы яе аднавяскоўцаў, павучальныя моманты з іх жыцця,  бо любоў да сваёй вёскі — гэта любоў не толькі да мясцовасці, але ў першую чаргу — да яе жыхароў.  

Работа Дзіяны ўвайшла ў лік лепшых, якія былі прадстаўлены на вобласць, дзе адпаведная камісія ада-брала самыя моцныя з іх для абароны на рэспубліцы. Так Дзіяна з мамай адправілася ў Мінск. 

— Едучы на канчатковы этап, я хвалявалася, што будзе вялікая сцэна ці прыйдзецца выступаць, як на канферэнцыі, — узгадвала ў нашай гутарцы Дзіяна. — Але, убачыўшы месца выступлення сваімі вычыма, супакоілася, бо там панавала  спакойная і ўтульная атмасфера.  Для нас нават было арганізавана чаяпіцце, на якім мы абмяркоўвалі свае творчыя работы.

Іх  абарона доўжылася каля дзвюх гадзін, і пасля мерапрыемства Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Турцыі ў Рэспубліцы Беларусь Джэват Незіхіазкая уручыў ўдзельнікам памятныя падарункі, якімі былі ўзнагароджаны не толькі таленавітыя дзеці, але і іх бацькі.

Увогуле ж для Дзіяны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе сачыненняў “За што я люблю сваю вёску” — не адзіны паспяховы вопыт.  У 2013 годзе на конкурсе сярод маладых журналістаў «Залатое пяро Белай Русі» былі асабліва адзначаны яе фотаматэрыялы.

Спадзяёмся, што ў жыцці таленавітай і стараннай вучаніцы будзе яшчэ шмат перамог!

Неаніла ЛЮБАНЕЦ, вучаніца Нясвіжскай гімназіі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.