Пра што рассказала гітара…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_0490

У аўторак у камернай зале Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў адбыўся канцэрт  аднаго з самых яскравых прадстаўнікоў беларускай гітарнай школы Паўла Кухты.

Ён  нарадзіўся ў Гродна,  скончыў Гродзенскае дзяржаўнае  музычнае вучылішча, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і магістратуру акадэміі. Прымаў удзел у майстар-класах вядомых гітарыстаў П. Рамера, Д. Расела, М. Тамаё Дзіяз, Х. Кёпеля, О. Гілья, М. Дыла, А. Папандрэу і іншых.

Павел Кухта з’яўляецца лаўрэатам 17 міжнародных конкурсаў, чатыры гады быў стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі,  у 2007-м годзе — лаўрэатам прэміі Мінгарвыканкама. 3 2002 года вядзе актыўную канцэртную дзейнасць у гарадах Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Аўстрыі, Славакіі, Чэхіі і іншых краін, валодае багатым рэпертуарам з найскладанейшых твораў розных эпох, сярод якіх творы для камерных ансамбляў і канцэрты для гітары ў суправаджэнні  аркестра.

Павел Кухта супрацоўнічаў  з такімі ансамблямі і аркестрамі,  як квартэт «Ensemble Perosi» (Італія, Турын), «Аrko» пад кіраўніцтвам дырыжора А. Рэйна (Масква), Нацыянальны сімфанічны аркестр Украіны пад кіраўніцтвам дырыжора І. Палкіна (Кіеў), ансамбль салістаў «Класік-Авангард», мастацкі кіраўнік В. Байдаў (Мінск) і іншымі.

Цяпер музыкант з’яўляецца салістам Белдзяржфілармоніі і выкладчыкам класа гітары ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І.Глінкі.

IMG_0495

На канцэрце ў Нясвіжы, які артыст суправаджаў цікавымі музыказнаўчымі каментарыямі, гучала музыка кампазітараў Францыска Тарэгі, Эйтара Віла-Лобаса, Галіны Гарэлавай і іншых, а майстэрства выканаўцы дазволіла слухачам спаўна ацаніць вялізныя магчымасці класічнай гітары.

Сваё выступленне Павел Кухта завяршыў славутым танга «El Choclo» кампазітара Анхела Вілольда — самым першым аргенцінскім танга, якое стала вядомым за межамі Аргенціны і разышлося па ўсім свеце, стаўшы адной з самых папулярных мелодый у музычнай гісторыі чалавецтва.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.