Служыцель Мельпамены

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сцэна са спектакля “Чорная панна  Нясвіжа”. Валерый Мароз — у ролі  Мнішака, Эма Булат — у ролі  Боны Сфорцы. 2007 год

Сцэна са спектакля “Чорная панна Нясвіжа”. Валерый Мароз — у ролі Мнішака, Эма Булат — у ролі Боны Сфорцы. 2007 год

Многія несвіжане добра ведалі і памятаюць гэтага  таленавітага чалавека, дацэнта кафедры рэжысуры святаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, галоўнага рэжысёра заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь Нясвіжскага тэатра імя Уршулі Радзівіл — Валерыя Пятровіча Мароза. Рэжысёра, які дапамог нам атрымаць высокае званне народнага тэатра, затым — заслужанага аматарскага, з якім мы мелі цудоўныя творчыя перамогі на прэстыжных абласных, рэспубліканскіх, міжнародных фестывалях.

25 гадоў ён аддаў нашаму тэатру. 25 гадоў напружанай і плённай творчай працы. На жаль, пяць гадоў таму ён пайшоў з жыцця.

У многім дзякуючы намаганням Валерыя Пятровіча несвіжане з асаблівай любоўю ставяцца да свайго тэатра, ганарацца ім і сваёй прысутнасцю на нашых спектаклях выказваюць калектыву асаблівую прыхільнасць.

Спачатку хацелася б прыгадаць, як пачыналася супрацоўніцтва Валерыя Пятровіча з нашым тэатральным калектывам, яго, як бы сказаць, урастанне ў Нясвіжскую зямлю.

У далёкіх 70-х, калі ў Нясвіжскім доме культуры склаўся калектыў людзей, улюбёных у тэатр, і яны перайшлі да пастаноўкі класічных твораў, адчулі, што не хапае прафесіяналізму, сцэнічнага майстэрства, без чаго тэатр не мог расці і развівацца. Вось тады і вырашылі за-прасіць у дапамогу сталічнага кансультанта. І ў 1977 годзе, у адзін з вечароў на рэпетыцыю прыехаў малады, прыгожы, са шчырай усмешкай, якая адразу ўсіх паланіла, наш паважаны Валерый Пятровіч Мароз. Прыехаў, каб застацца на цэлых 25 гадоў. Як зачараваныя, самадзейныя артысты слухалі яго аповед пра тэатральнае майстэрства і, наогул, пра ўсё, што звязана з тэатрам, артыстамі, сцэнічнымі пастаноўкамі. І адразу ж, як толькі Валерый Пятровіч пачаў ставіць спектаклі, з’явілася жаданне  весці калектыў, як калісьці Уршуля Радзівіл,  па прыступках сцвярджэння, пераконваючы, што тэатр у Нясвіжы можа і павінен лічыцца прадаўжальнікам традыцый, закладзеных больш двух стагоддзяў таму назад.

В.П. Мароз атрымаў пасведчанне аб прысваенні Нясвіжскаму тэатру звання “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр імя Уршулі Радзівіл”. 2009 год

В.П. Мароз атрымаў пасведчанне аб прысваенні Нясвіжскаму тэатру звання “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр імя Уршулі Радзівіл”. 2009 год

Валерый Пятровіч лічыў Нясвіж сваёй другой малой радзімай, а самадзейных нашых артыстаў — людзьмі, ад якіх можна і трэба па-трабаваць прафесійнага сцэнічнага майстэрства. А гэта, у сваю чаргу, дапамагала выходзіць не толькі на раённую, але і на абласную сцэну.

Валерый Мароз-чалавек, Валерый Мароз-творца вельмі ўважлівым і толькі яму ўласцівым поглядам мог углядацца ў чалавека, у самыя патаемныя куточкі яго душы. Але з асаблівай яскравасцю, заўсёды ўзвышана і ўзрушана ён маляваў у сваіх спектаклях самае светлае пачуццё чалавека — каханне. Ва ўсіх нашых спектаклях героі кахаюць так, што ім літаральна пачынаеш зайздросціць, іх пачуццямі любуешся і захапляешся.

За гады працы Валерыем Пятровічам былі пастаўлены спектаклі па п’есах А.Астроўскага “Не было ни гроша, да вдруг алтын”, Б.Гарбатава “Юность отцов”, А.Макаёнка “Трыбунал”, “Выбачайце, калі ласка”, Янкі Купалы “Прымакі”, Р.Марчука “Дэфіцытны жаніх”, А.Фёдарава “Аз і Ферт” і іншыя.

У 1989 годзе за спектакль па п’есе М.Чарота “Мікітаў лапаць” тэатру прысвоена пачэснае званне “народны”, а ў 2008 годзе за спектакль па п’есе А.Дударава “Чорная панна Нясвіжа” — званне “заслужаны аматарскі”.

Апошнія спектаклі — па п’есе А.Дударава “Вечар”, мясцовага аўтара К.Шышыгінай “Помнік каханню”, У.Радзівіл “Распуснікі ў пастцы”’, В.Рудава “Камедыя пра няшчаснага селяніна і чорта, які страціў сэнс існавання” — атрымалі самыя высокія адзнакі гледачоў.

Шмат перамог прынёс тэатру спектакль “Чорная панна Нясвіжа”: ён стаў лаўрэатам і дыпламантам абласных фестываляў народных тэатраў “Бярэзінская рампа”, атрымаў дыплом ІІ ступені на Рэспубліканскім фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральныя скрыжаванні” ў г.Маладзечна, паспяхова выступіў на трох Міжнародных фестывалях тэатральнага мастацтва ў Літве, прыняў удзел у правядзенні дзён Нясвіжа ў горадзе-пабраціме Пулавы (Польшча).

Высокі прафесіяналізм, творчы падыход да справы і вялікая праца-здольнасць Валерыя Пятровіча былі высока адзначаны Нясвіжскім райвыканкамам — у красавіку 2008 года яму прысвоена званне  “Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа”.

Таццяна ЛУК’ЯНЧЫК, дырэктар Нясвіжскага раённага цэнтра культуры.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.