Сустрэча праз чвэрць стагоддзя або Уражанні, якімі хочацца падзяліцца

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_4163

Вельмі люблю новыя станоўчыя эмоцыі, такая  ўжо мая натура. А стагнаць і трымаць панура нос — гэта не для мяне. Па маім меркаванні, новыя ўражанні можна атрымаць дзе хочаш, было б жаданне, але найлепш — змяніўшы сваё месцазнаходжанне хоць на пару дзён. Доўгай дарогі не люблю, таму выбрала Балтыйскае мора, горад Калінінград. А там, як вядома, уся вобласць ля мора. І блізка, і не вельмі дорага, хоць наконт кошту можна са мною паспрачацца.

Маршрут невыпадковы, таму што там я была ў 1990 годзе, калі працавала ў “Чырвоным сцягу”. Па прафсаюзных пуцёўках мы тады ездзілі і на Львоўшчыну, нават у Сочы можна было адпачыць месяц. Стала разбіраць цікаўнасць: а як у Калінінградзе сёння?

Адправіліся  туды на самалёце з Мінска, бо віза на паветраны транспарт у той бок ніякая не патрэбна, хоць і праляталі над краінамі Еўрасаюза. Дарога ў два бакі на ранішнія рэйсы, што ў 8.35, абышлася ў 129 еўра з лёгкім сняданачкам кшталту кава, шакаладка, вафля, сок, вада. Праз гадзіну самалёт прызямліўся ў Калінінградзе. Далей — да горада. Паездка на таксі каштуе 600 расійскіх рублёў за няпоўныя 30 км, а на звычайным  мяккім аўтобусе — 45 руб. (Долар на канец кастрычніка быў роўны 41 руб. 15 кап.). Пасялілася ў гатэлі, які не так даўно прывялі ў адпаведнасць з еўрапейскімі стандартамі. У нумары было ўсё — ад тэлевізара да сейфа, і снеданне ўваходзіла ў кошт пражывання. За 4 сутак заплаціла 9 тысяч 700 рублёў. Ёсць і больш таннае жыллё, але мне патрэбны быў вакзал непадалёку, каб ездзіць да мора. З Бальшавіцкага завулка, дзе быў гатэль, да галоўнага вакзала вобласці Паўднёвага ісці роўна 5 хвілін. Тут жа і гандлёвы цэнтр “Еўрапейскі”, такога ж тыпу, як у Маскве і іншых расійскіх гарадах. З такой назвай у Калінінградзе ажно 5 буйных гандлёвых кропак. У другім канцы горада знаходзіцца Паўночны вакзал, але гатэляў з прымальным коштам пражывання блізка не было. Усе аўтобусныя маршруты да мора ідуць праз горад, таму можна сесці на патрэбны нумар на адпаведным прыпынку, затым гэтак жа вярнуцца назад.

IMG_4120

Да самага вядомага курортнага горада на беразе мора Светлагорска квіток каштуе 69 руб., ехаць адну гадзіну, на маршрутцы — крыху менш і 60 руб. складае кошт дарогі. Здзівіла і ўразіла  тое, што мяккія камфортныя аўтобусы да мора курсіруюць кожныя 30 хвілін да Светлагорска і кожныя 20 хвілін да Зелена-градска, гэтак жа да Балтыйска, Янтарнага. Назад таксама праз 20—30 хвілін цэлы дзень, пачынаючы з 7 гадзін раніцы і да 20 вечара. Пасажыры ёсць на кожны рэйс як туды, так і назад. Летам, па словах маёй аднакурсніцы, якая жыве ў Калінінградзе больш за 35 гадоў, да мора едуць заўсёды на адной назе ў абодва бакі.

Вось і мора!.. Паветра свежае і цёплае, бо яшчэ даволі сонечна, плюс 8; хвалі шумяць, набягаючы адна на адну, а чайкі вялікімі чародамі лунаюць над вадой ля набярэжнай, смела садзяцца ў доўгі радок на парэнчы, чакаюць спажывы ад людзей, бо ўжо прывыклі да такога  ладу жыцця. Хто кіне крошак — усхопяцца з крыкам і пачынаюць паказваць свой спрыт. Калі няма жадаючых іх карміць, то мірна сядзяць на слупах хвалярэзаў і грэюцца. Гэтыя марскія прыстасаванні ўздоўж  усяго курортнага ўзбярэжжа праз кожныя 200 —250 метраў. А на набярэжнай на лавачках дрэмлюць рэдкія адпачываючыя, некаторыя, маладзейшыя, заняты на трэнажорах для праблем з апорна-рухальным апаратам, хтосьці з кульбачкай паціху крочыць у бок кафэ “У Нептуна” ці да “Дэльфіна”, або да драўлянага пірса. Адпачывалі ў асноўным пажылыя, моладзі амаль не відаць было. Санаторыі і пансіянаты не поўнасцю загружаны, не сезон ужо для некаторых, хоць яшчэ тыдзень  таму ўсё было занята. Спад ідзе пасля 25 кастрычніка. Я і была якраз у гэтыя дні, з 24 па 28 кастрычніка. Дзіўна, але цэны не спалі. Кубачак кавы ўсюды каштуе 95 —100 руб., сырнікі — 180, а калі што з рыбы, то, будзь ласкавы, выкладзі 700 — 800 руб., як з гарнірам ды салатаю.

У Светлагорску мясцовым рабіць няма  чаго, калі б не мора ды ўсе лячэбныя ўстановы. Іншай працы няма. Некалькі крамаў сякіх-такіх і рыначак. Жывуць у асноўным з турыстаў у сезон, а зімой — хто як.

На набярэжнай, акрамя тых кафэ, няма ніякіх забаваў для здаровага чалавека. Калі б не мора, нічога ўвогуле не было б. Нават установы стацыянарнай з чалавечкамі  на дзвярах няма нідзе. Стаяў зачынены біятуалет, толькі старая вывеска-паперка засталася: 10 руб. Мясцовым прасцей, яны тут  свае, сама бачыла, а заезджаму чалавеку трэба ісці ў кафэ, там кошт 30 руб., лепш замовіць невялікі перакус, тады вырашыцца ўсё само сабой. Магу ўявіць, што робіцца там летам.

Назаўтра паехала ў Зеленаградск, па пуцінскай дарозе, якую зрабілі  нядаўна да прыезду У.І. Пуціна ў гэты горад, калі ён цікавіўся справамі ў Калінінградскай вобласці. Цудоўная дарога. Увогуле ўсе дарогі да мора і аэрапорта ў вельмі добрым стане, калі не  заязджаць у якія пасёлкі. Малюнак жыцця вельмі падобны да першага, і людзі жывуць тым самым, што і суседзі. Гуляючы па набярэжнай, папрасіла жанчыну сфатаграфаваць мяне; разгаварыліся пакрысе, пазнаёміліся. Калі пачула, што я з Беларусі, пазайздросціла, што ў нас спакой і парадак, працуюць усе, а я змагла  прыехаць да мора, бо ім такія паездкі не па кішэні. Яна падпрацоўвае тым, што няньчыць чужых дзетак  пару гадзін у дзень, калі трэба той маме куды адвярнуцца.

IMG_4132

Два дні правяла ля мора. Адзначу, што клімат вельмі добры, самаадчуванне ў першы дзень было такое, што хоць  песні спявай,  быццам допінгу якога ўжыла. У Калінінградзе  таксама паветра чыстае, загазаванасці не было аніяк, хоць транспарт ходзіць самы розны з 7 гадзін, а прыватны і таго раней. Што значыць рака ў горадзе (Прэголі) і мора побач! Няма мітусні вялікай, як у прамысловых гарадах, спакайней усё. Жыхароў каля  паўмільёна. У 2010 годзе было 431900 чалавек.

Да абеду на трэці дзень гуляла па горадзе з фотаапаратам у руках. Калінін-град мяняецца, будуецца, вельмі прыгожа і ўрачыста на плошчы Перамогі, што ў цэнтры, надзвычай цікавая  старадаўняя архітэктура. На ўскраінах жа тыя самыя шэрыя, абшарпаныя 4-5-павярховыя дамы савецкіх часоў, у выбоінах тратуары, патыхае нейкім запусценнем. Адным  словам — кантраст. У невялікіх прадуктовых крамах толькі віно, гарэлка, кансервы, пячэнне, цыгарэты. А побач у гандлёвым цэнтры ёсць усё, што хочаш. Бачыла беларускую прадукцыю ад “Мілавіцы” ў асобным аддзеле, ёсць і крама асобная на плошчы Перамогі з гэтым таварам; тварог “Брэст-Літоўскі”, “Савушкін прадукт” розны, яблыкі беларускія ў ларку на вуліцы па 60 руб. Адзенне тут у крамах дарагое і вельмі дарагое: ад 25 до 80 — 120 тысяч руб. і вышэй каштуюць плашчы, касцюмы, пінжакі, сукенкі, бо ўсё  імпартнае, брэндавае, супермоднае. У такіх крамах, дакладней, салонах, людзей няма. Тое ж самае і з абуткам. Цяпер мне зразумела, чаму мая аднакурсніца ўсё стараецца купляць у Беларусі, як прызджае да бацькоў на Віцебшчыну. Зазірнула ў краму пад назвай “Бярозка”, але сёння там гаспадарчыя тавары. Няма таго, што раней было…

Сёння вельмі здзіўляе мяне, як можна было знішчыць такую архітэктуру, як у Кёнігзбергу?! Няхай і падчас вайны.

У пачатку ХХ стагоддзя горад Кёнігзберг лічыўся прыгажэйшым горадам Еўропы. Размерны рытм жыцця быў прыпынены Другой сусветнай вайной.

Бамбардзіроўкі англійскай авіяцыі ў жніўні 1944 года ператварылі цэнтр горада ў суцэльныя руіны, а штурм савецкіх войск у красавіку 1945 года  прынёс дадатковыя разрушэнні.

IMG_4130

Сваю гісторыю горад пачынае з 1255 года, калі быў заснаваны замак Кёніг-зберг. Затым  з’явіліся пасяленні Альтштад, Найштад і Кнайпхоф, якія прымыкалі да замка. Гэтыя тры гарады займаліся рамяством, жывёлагадоўляй і гандлем, і ў 1340 годзе яны ўвайшлі ў купецкі саюз паўночнагерманскіх гарадоў “Ганза”. Затым у 1724 годзе ўказам караля Фрыдрыха Вільгельма I яны былі аб’яднаны.

Да сённяшняга дня захавалася 5 брамаў, 6 фортаў і бастыёнаў, якіх калісьці было 15 і яны ўтваралі знешняе кола горада, якое называлі “начная рубашка” Кёнігсберга.

У горадзе 7 мастоў з цікавымі  гістарычнымі назвамі: Патраховы, Мядовы, Высокі і іншыя. Пра іх можна асобную кнігу напісаць. Спусціўшыся з Эстакаднага моста, трапіла ў парк сучаснай скульптуры і да Кафедральнага сабора, які стаіць у гэтым парку. Некаторыя скульптуры знесены, толькі пастаменты засталіся. У 90-я гады парк быў цікавейшы. Сёння ён не папаўняецца, няма энтузіястаў. А вось сабор у цудоўным стане пасля рэстаўрацыі, якую вялі з 1992 года. Тут жа і пантэон Імануіла Канта.

Адразу за паркам, на другім беразе ракі Прэголі, знаходзіцца этнаграфічны гандлёва-рамесны цэнтр пад назвай “Рыбацкая вёска”, які быў заснаваны ў 2005 годзе ў гонар чарговага юбілею горада.  Ён і тады быў, але не было такога афармлення. Цяпер там усё па-сучаснаму, на беразе ракі шмат кавярняў, крамаў, проста месцаў для адпачынку, дзе можна пасядзець і палюбавацца сучаснымі светлымі гмахамі-дамамі на  супрацьлеглым беразе ракі, або падняцца на глядзельную вежу і пабачыць увесь горад зверху. За грошы, вядома.

Пра тое, што гэта горад-гісторыя, горад-музей, сведчаць і назвы вуліц, плошчаў, праспектаў, якія захаваны без змен з савецкіх часоў: праспект Васілеўскага, Калініна, Перамогі; вуліцы Баграціёна, Фрунзе, Л. Шаўцовай, М. Казея, Леніна, Кастрычніцкая, Мараходная, І. Канта, Партовая, Ялцінская, Суднабудаўнічая, Альтштадцкая, Літоўскі вал і іншыя.

Пасля абеду рушылі з сяброўкай Галяй у заапарк. Там усё быццам так, але больш заношана ўсё і ўсюды, па ўсёй тэрыторыі, а яна вельмі вялікая. Тагачасны гонар заапарка — мядзведзяў — не змаглі зберагчы ў той колькасці (каля 10 іх было), засталіся толькі 3 бурыя. Белыя некаторыя ледзь не памерлі з голаду, хоць калінінградцы тады дапамагалі, хто чым мог. Затым іх перадалі ў іншыя заапаркі Расіі. Тыя 3 бурыхі, што ёсць сёння, снавалі туды-сюды па камяністай тэрыторыі, быццам прасіліся на шырэйшы прастор ці ў лес, да роднай прыроды. Тыя ўмовы лічацца прыбліжанымі да натуральных. Шкада ўсіх звяроў, быццам правініліся ў чымсьці і іх пакарала чалавечая выдумка. Слон стаяў, адвярнуўшыся галавой у кут, а мы любаваліся яго задняй часткай. Жырафаў цяпер 2, клетка значна большая,  чым тады была. Тыя ж самыя бегемоты ў парным памяшканні ў вадзе; з’явіліся аслы, буйвалы; даволі шмат пеліканаў, лебедзяў чорных і белых, чапляў ды іншых птушак і звяроў. Папаўняецца заапарк. Але відаць, што нечага не хапае: ці грошай, ці жадання. Можа, і таго, і другога разам. Даведалася, што супрацоўнікі атрымліваюць па 100 — 120 тыс. руб., а дырэктар і таго больш (у той час, як выхавацель дзіцячага садка — усяго 17—20 тысяч руб. у сярэднім). Прыстойная зарплата. Адміністрацыя горада пастаралася, каб супрацоўнікі заапарка не разбегліся. Тут ужо справа гонару Калінінграда. А квіток уваходны каштуе ўсяго  130 руб.

Пачало цямнець, і мы крыху заблу-дзіліся. Тут жа нас дагнаў вартаўнік на веласіпедзе і накіраваў да выхаду.

На чацвёрты дзень зноў паехала ў Зеленаградск. Пацяплела яшчэ, было плюс 10, свяціла сонца.

Адзін чалавек не вытрымаў, пачаў распранацца, расцірацца і палез у мора. Вось ён у вадзе па калена, вышэй пояса, па шыю, затым паплыў, разагнаўшы чаек, толькі лысіна была відаць з вады. Не спужаўся, трымаў марку, хоць і не малады ўжо! А нас на беразе ўжо сабралася (адкуль і ўзяліся?), сачылі за гэтым дзеяннем. Праз пяць хвілін купальшчык выйшаў з вады і ўсё скончылася.

У аўторак я вярнулася дамоў у Нясвіж. Мару зноў паехаць, вясною, па-глядзець форт № 3 — крэпасць караля Фрыдрыха, бункер Ляма,  свабодную гавань новага Кёнігзбергскага порта. А гэта яшчэ далёка не ўсё, што ёсць у гэтым незвычайным горадзе.

Ларыса АЛЕНІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.