Святло маленькага Парыжа

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Загадчыца ясляў-садка №4 г. Нясвіжа «Караблік дзяцінства» Вольга Пуляк (другая справа) з маленькімі валанцёрамі з атрада «Сэрцайкі», іх бацькамі і супрацоўнікамі садка

Загадчыца ясляў-садка №4 г. Нясвіжа «Караблік дзяцінства» Вольга Пуляк (другая справа) з маленькімі валанцёрамі з атрада «Сэрцайкі», іх бацькамі і супрацоўнікамі садка

Нясвіжскі раён, які разам са Стаўбцоўскім, Валожынскім, Мядзельскім, Маладзечанскім і Клецкім адзначае 75-годдзе, слаўны не толькі сваёй унікальнай гісторыяй і культурай, але і багатай духоўнай спадчынай.

Далёка за межамі «маленькага Парыжа» ведаюць касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, акт аб заснаванні якога быў падпісаны ў далёкім 1584 годзе, — цудоўны архітэктурны помнік ранняга барока, пабудаваны італьянскім архітэктарам Джавані Бернардоні, і  радавы склеп князёў Радзівілаў, размешчаны ў ім. Гэтае месца было святыняй і для сям’і Ра-дзівілаў, і для ўсіх жыхароў Вялікага Княства Літоўскага. Праводзяцца набажэнствы ў касцёле і сёння. Ідзе работа па яго рэканструкцыі: ужо абноўлены дахі, купалы, устаноўлены новы крыж.

Шматлюдна і ў праваслаўным Свята-Георгіеўскім храме, пабудаваным на пачатку 1950-х. Больш за шэсцьдзясят год яго настаяцелем быў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы грамадзянін Нясвіжа Дзмітрый Хмель.

Праз усю вайну ён пранёc іконку Мікалая Цудатворца. Яна ахоўвала салдата і тады, калі выжыць было, здавалася б, немагчыма. У адным з баёў ва Усходняй Прусіі Дзмітрый Хмель быў цяжка паранены, і яго зусім выпадкова знайшла пахавальная каманда. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе Дзмітрый Пятровіч паступіў у Адэскі тэхналагічны інстытут, але яго чакаў іншы жыццёвы шлях. Аднойчы прысніўся дзіўны сон, дзе хлопец убачыў таго самага святога, які сказаў, што ён павінен выбраць сабе іншую жыццёвую дарогу. Ён убачыў у сне нават той будынак, куды трэба было яму пайсці. Гэта была Адэская духоўная семінарыя…

І зноў быў бой — бой за чалавечыя душы. Калі яго пыталіся: «Як жыць?» — ён адказваў: «Жывіце так, нібыта сёння вы павінны памерці, а дзейнічайце так, быццам жыць будзеце вечна…»

Сёння яго традыцыі дастойна працягвае малады пераемнік — протаіерэй Мікалай Лабынько. Побач са старым будынкам царквы нядаўна вырасла дзіцячая нядзельная школа.

Дзіцячая нядзельная школа пры Свята-Георгіеўскім храме г. Нясвіжа

Дзіцячая нядзельная школа пры Свята-Георгіеўскім храме г. Нясвіжа

У цэнтры ж горада ідзе будаўніцтва сучаснага праваслаўнага храма. «Будаўніцтва храма Узнясення Гасподняга ідзе з 2005 года, — патлумачыў благачынны цэркваў Нясвіжскай акругі Аляксандр Данчанка. — Ён так названы ў гонар Узнясення нашага Госпада на неба з гары Іліён-скай. Сімвалічна і тое, што ў Нясвіжы ён таксама размясціўся на невялікім узвышшы». Паводле слоў благачыннага Аляксандра Данчанкі, духоўная праца з жыхарамі Няс-віжскай акругі пасля доўгай пары атэізму  — справа няпростая, але пачэсная і адказная. Святары — частыя госці школ, дзіцячых садкоў. Па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама і благачыннага цэркваў Нясвіжскай акругі чатыры гады таму пры цэнтральнай раённай бібліятэцы быў створаны духоўна-асветніцкі цэнтр «Існасць», дзе праводзяцца духоўна-асветніцкія семінары, лекцыі для дарослых і моладзі. «Мы ніколі не ставім мэтай такім чынам папоўніць шэрагі нашых прыхаджан, —  гаворыць благачынны. — Вельмі важна, каб людзі ўмелі самастойна прыйсці да спрадвечных ісцін, адрозніваючы існае ад фальшывага, зберагаючы тыя праваслаўныя святыні, якія даравалі нам нашы продкі. Менавіта ў царкве можна даведацца кожнай юнай душы, што ёсць Любоў сапраўдная. На жаль, гэта далёка не тыя пачуцці, якія часам дэманструюцца на тэле- і кінаэкранах, у трактоўках інтэрнэта…»

Вялікую работу па духоўным выхаванні школьнікаў ажыццяўляе і клуб «Ноеў каўчэг», удзельнікі якога ўжо пабывалі ў многіх святых мясцінах Полацка, Мінска, Пінска, Жыровічаў. Ідзе актыўная работа і з самымі маленькімі несвіжанамі. Шмат цікавых мерапрыемстваў праводзіцца ў яслях-садку №4 Нясвіжа «Караблік дзяцінства».

«Работа па духоўным выхаванні нашых юных грамадзян пачалася чатыры гады таму, — расказвае яго загадчыца Вольга Пуляк. — Пачалі яе разам з настаяцелем Свята-Георгіеўскага праваслаўнага храма Мікалаем Лабынько. З 2012 года працавалі ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі фарміравання культуры гендарных адносін на аснове праваслаўных традыцый і каштоўнасцей беларускай сям’і». Працуючы ў гэтым праекце, паступова падышлі да другога: «Фарміраванне мадэлі ўкаранення аптымістычнага светаўспрымання дзяцей дашкольнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях праваслаўнай сям’і». Узялі пад свой патранат дзяцей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі. Асобна працуем і з бацькамі, запрашаючы да нас урачоў, псіхолагаў, святароў пры цеснай падтрымцы з боку галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама Наталлі Рыбаковай, старшыні Нясвіжскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Валянціны Пратасенка і іншых».

Далёка за межамі Мінскай вобласці ведаюць маленькіх валанцёраў з атрада «Сэрцайкі», якія вучацца быць міласэрнымі і шчырымі. У садку ёсць свае лялькі — Васілёк і Васілінка, дзякуючы якім малыя набываюць веды пра ўзаеміны паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі. У пакойчыку «Калысачка для душы» можна не толькі пазнаёміцца з цікавымі рэцэптамі калядных страў, але і даведацца, як з малітвай нашы продкі рабілі гэта шмат год таму, як сустракалі Каляды. У час калядных сустрэч да іх у садок завітаў і епіскап Слуцкі і Салігорскі архімандрыт Антоній, які быў усцешаны шчырымі размовамі з дзецьмі пра праваслаўныя святыні і тое высокае духоўнае прызначэнне чалавека на Зямлі, дзе Бог ёсць Любоў.

Ён з радасцю ўбачыў калядны спектакль юных выхаванцаў, дзе ў ноч перад Божым Нараджэннем панавала Дабрыня, і нават Воўк у гэты час быў добрым. Святло «маленькага Парыжа» даравала надзею на лепшае заўтра.

Святлана ХОРСУН, “МП”

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.