Сялянскі сын

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

демух

Мікалай Іванавіч Дэмух

Дзяцінства Мікалая Дэмуха было азмрочана Вялікай Айчыннай вайной. У самым  яе пачатку загінуў бацька, які ў гэты час знаходзіўся на будаўніцтве  аэрадрома ў Беластоцкай вобласці, што ўваходзіла ў склад Савецкай Беларусі пасля ўз’яднання ў верасні 1939 года. У першы дзень вайны гэтая тэрыторыя  і ўсе ваенныя збудаванні  на ёй былі захоплены фашыстамі, а нашы вайскоўцы забіты або захоплены ў палон. З 12 чалавек, што былі з іх вёскі Высокая Ліпа, дамоў вярнуліся толькі двое. Вось яны пра ўсё і расказалі.  Пасля вайны ў сем’і прыйшлі паведамленні, што іх родныя прапалі без вестак у першыя  яе дні…

З матуляю засталіся чацвёра малых дзяцей: пяцігадовы Мікалай і тры яго сястры, старэйшай — 8 гадоў, малодшай — чатыры месяцы. Удосталь давялося ім  паспытаць сірочага хлеба. Невядома, як бы выжылі ў гады нямецкай акупацыі, але тады была яшчэ свая зямля (калгас быў створаны пазней), дапамагаў дзядуля  па лініі маці, які трымаў каня і Дэмухаў кавалачак зямлі ў полі апрацоўваў разам са сваёй, а ў агародзе ўвіхалася маці з большымі дзецьмі.

Пасля вызвалення Нясвіжскага раёна ў 1944 годзе хлопчык пайшоў у першы клас Ліпаўскай школы, а ў 1954-м закончыў Сноўскую дзесяцігодку і спрабаваў паступіць у Віцебскі ветэрынарны інстытут, але не прайшоў па конкурсе. Пайшоў служыць у армію. Пасля заканчэння школы малодшых камандзіраў стаў камандаваць аддзяленнем. Служыў у зенітна-артылерыйскіх войсках. Але думка пра  вучобу яго не пакідала ніколі. У вольны час браўся за хімію, фізіку, рускую літаратуру, падручнікі па якіх вазіў з сабою з другога года службы. Вабілі юнака сялянскія спецыяльнасці. Толькі на гэты раз рашыў вучыцца на агранома і падаў дакументы ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію на агранамічны факультэт. За добрую службу быў датэрмінова дэмабілізаваны ў ліпені (было такое правіла для тых, хто паступаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы і хто таго заслугоўваў). Паспяхова вытрымаў уступныя экзамены і атрымаў на рукі паведамленне аб залічэнні на агранамічны факультэт. Вось так з арміі  Мікалай Дэмух вярнуўся студэнтам.

Жыў са стыпендыі.  Маці дапамагчы не магла, у калгасе на працадні атрымалівалі не вельмі многа,  ды і дзяўчатам, якія ўжо выраслі, неабходна было куды больш на адзенне. Пасля заняткаў, у асноўным ноччу, з такімі ж бедалагамі, хадзіў на чыгуначную станцыю Пагодзіна разгружаць вагоны. Не цураліся ніякай работы, якія б грузы ні паступалі — цэмент, цэгла, лесаматэрыялы, абы быў заробак. Гэта давала магчымасць справіць якую-небудзь абноўку з адзення ці абутку.

У акадэміі, як і ў арміі, юнак быў актывістам, старастам групы, вось і накіравалі яго пасля заканчэння на пярэдні рубеж — галоўным аграномам калгаса імя Дзяржынскага Слуцкага раёна.

— Гаспадарка была памерам, як нашы калгасы “17 верасня” і імя Калі-ніна ў той час: 8000 гектараў сельгас-угоддзяў, 13 паляводчых і дзве агароднія брыгады, — расказвае Мікалай Іванавіч. — Вось і прыходзілася з раніцы да позняга вечара спасцігаць на практыцы навуку  земляроба-тэхнолага.

Адпрацаваўшы два гады, ён атрымаў накіраванне на пасаду галоўнага агранома Нясвіжскага раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Тады Клецкі раён сюды яшчэ таксама ўваходзіў. Даводзілася на матацыкле з каляскай праязджаць за дзень па 150-200 кіламетраў па Клецкай зоне, як яе тады называлі. Гэта быў час, калі ўкаранялі квадратна-гнездавы спосаб вырошчвання цукровых буракоў, кукурузы. Пастаянна праводзілі абнаўленне насення бульбы, збожжавых культур, укаранялі дасягненні навукі і перадавой практыкі. Вынікі былі нядрэнныя. Нясвіжскі раён заўсёды ішоў у ліку перадавікоў сацыялістычнага спаборніцтва. Па выніках выканання пяцігадовых заданняў атрымліваў Пераходныя Чырвоныя сцягі і дыпломы абласнога, рэспубліканскага, саюзнага ўзроўняў. Як гаварылі, “Нясвіж забраў усе сцягі, ад Масквы да самых да ўскраін”.

— Нам зайздросцілі многія раёны, на сходах у вобласці таварышы па рабоце так прама і гаварылі: “У вас багатая зямля, вось вы і разумныя”, — працягвае М.І. Дэмух. — Землі нашы  і сапраўды нядрэнныя, але ж у нас і працавітыя, здольныя людзі, якія жывуць на гэтай зямлі, абрабляюць яе. Атрымлівалася так: калі даводзілі заданні па ўраджайнасці, нарыхтоўках сельгаспрадукцыі, то паказчыкі нам спускалі самыя высокія (бо багатая зямля), а калі размяркоўвалі ўгнаенні, сродкі аховы раслін, то Нясвіжу (зноў — “багатая зямля”) вы-дзялялі іх меншую колькасць.

Ураджай збожжа ў 25-30 цэнтнераў тады лічыўся рэкордным. Менавіта за поспехі ў раслінаводстве Мікалай Іванавіч Дэмух быў узнагаро-джаны  ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За доблесную працу”, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Моцна “прырос” Мікалай Іванавіч да Нясвіжчыны. Запрашалі на работу ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і нарыхтовак, на навуковую працу  ў Жодзіна. Але ён застаўся адданы роднаму краю, як кажуць, дзе нарадзіўся — там і прыгадзіўся. Працаваў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, загадчыкам сельгасаддзела райкама партыі, на іншых пасадах, куды лічыла неабходным паслаць кіраўніцтва раёна. Заўсёды быў прынцыповым, патрабавальным у рамках дазволенага — да сябе і падначаленых. Заслужыў павагу і аўтарытэт кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, раённага актыву.

Цяпер Мікалай Іванавіч на пенсіі, але ён мала часу вабіць каля блакітнага экрана тэлевізара. У вёсцы Высокая Ліпа знаходзіцца яго бацькоўская хата, цяпер яе называюць дачай. Вось там ён і праводзіць усё лета. Патомны хлебароб, сын і ўнук простых сялян, энергічны, рухавы ў свае 80 гадоў (19 студзеня ён адзначыць свой юбілей), улюбёны ў сваю справу, вырошчвае бульбу, агародніну, займаецца садоўніцтвам: робіць “прышчэпы” перспектыўных гатункаў яблынь, груш, сліў, чарэшні, дорыць іх вяскоўцам.  І яшчэ ёсць любімая справа — вырошчванне кветак. Яны ў яго ўвесь сезон. Як толькі сыйдзе  снег, зацві-таюць крокусы, белыя, ружовыя, чырвоныя цюльпаны, пазней — рознакаляровыя гладыёлусы, больш за дзесяць гатункаў, многа астраў, а перад самай зімой цвітуць хрызантэмы. У вёсцы лягчэй дыхаецца, лепшы настрой, калі бачны вынікі сваёй працы. Хоць гады ўжо даюць аб сабе знаць, але сваіх заняткаў на зямлі Мікалай Іванавіч не пакідае. Ён умее многае: паправіць паламаны плот, сплесці кошык, звязаць венік. Мо хто-небудзь і пасмейваецца з гэтага, але Мікалай Іванавіч  лічыць, што любая работа патрэбна. Упэўнены, што свой жыццёвы шлях ён выбраў правільна, як сапраўды сялянскі сын.

Анастасія КАРЖАНЕЎСКАЯ, студэнтка аддзялення журналістыкі  факультэта славянскай філалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова

Фота з архіва рэдакцыі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.