З думкай пра новы ўраджай

DL4A4433

Георгія Пятровіча Закудоўскага добра ведаюць не толькі ў адкрытым акцыянерным  таварыстве “Грыцкевічы”, дзе ён працуе механізатарам, але і ва ўсім Нясвіжскім раёне. Бо ён — неаднаразовы ўдзельнік  раённых дажынак. Дзякуючы вопыту і стараннасці, Георгій Пятровіч ужо каторы год запар выходзіць у сваёй гаспадарцы пераможцам у спаборніцтве  камбайнераў на ўборцы збожжавых культур.

Вось і летась, убраўшы 263 гектары, намалаціўшы 1921,8 тоны збожжа, стаў лідарам.

А пазней, калі пачалі  ўбіраць на зерне кукурузу, зноў  вывеў у поле свой “Лексіён-550”. Другое жніво на восеньскіх палетках “Грыцкевіч” ён вёў адзін. Зжаў 170 гектараў пасеваў, намалаціў 1948 тон бурштынавага зерня.

Жніво падвяло вынікі старанняў хлебаробаў на працягу года. А працаўнікі палёў ААТ “Грыцкевічы” вельмі пастараліся. У выніку гаспадарка выйшла  ў лік пераможцаў у раёне па некалькіх намінацыях: яна забяспечыла рост валавога  збору зерня да сярэдняга  ўзроўню мінулых трох гадоў 129,8 працэнта, паспяхова  выканала даведзенае на 2014 год  заданне па валавым зборы, забяспечыла выхад збожжа ў разліку на адзін бала-гектар пасяўной плошчы 212,3 кг, што больш сярэднераённага ўзроўню, і атрымала прырост ура-джайнасці з аднаго бала-гектара да паказчыка 2013 года.

Усяго ў ААТ “Грыцкевічы” летась было намалочана 7365,1 тоны збожжа, кожны гектар даў па 72,7 цэнтнера. У параўнанні з 2013 годам гэта болей адпаведна на 1426,1 тоны і на 10,5 цэнтнера з гектара. У раённай зводцы па ўраджайнасці ААТ “Грыцкевічы” на чацвёртым месцы — пасля ААТ “Новае жыццё”, СВК “Агракамбінат Сноў” і ААТ “17 верасня”.

Такія вынікі радуюць механізатара Георгія Пятровіча Закудоўскага. Бо ён жа, разам з калегамі, шмат што зрабіў і робіць, каб ураджай вырас. Напрыклад, летась, пасля жніва, на трактары МТЗ-82.1 вёў праполку азі-мых, уносіў хімікаты супраць пустазелля на палях, дзе сёлета будуць сеяць цукровыя буракі. Таксама вывозіць у бурты арганіку. Даручаюць і іншую работу, якой шмат у сельгас-прадпрыемстве.

Закончыўшы палявыя работы, Георгій Пятровіч паставіў замацаваную за ім тэхніку (а гэта апырсквальнік, дыскавая барана, збожжавы камбайн) на зімовае захоўванне. Напрыклад, з камбайна зняты рэшаты, нахільная камера, ланцугі, аслаблены пасы, гідрацыліндры пакрыты спецыяльнай змазкай, каб не ржавелі. Сам камбайн узняты на падстаўкі, каб не было нагрузкі на колы. Зімуе “Лексіён” разам са сваімі сабратамі ў ангары. Георгій Пятровіч уважліва  перагледзеў замацаваную тэхніку, ведае, які рамонт  трэба будзе правесці. Запасныя часткі для гэтага заказаны.

І механізатар зімой узяў чарговы працоўны водпуск.

— З такім работнікам, як Георгій Пятровіч, няма ніколі ніякіх пытанняў ці праблем, — гаворыць галоўны інжынер гаспадаркі Міхаіл Мікалаевіч Цыуля. — Ён акуратны, старанны. Усё, што даручаем, выконвае найлепшым чынам.

Анастасія КАРЖАНЕЎСКАЯ, студэнтка 4 курса аддзялення журналістыкі факультэта славянскай філагогіі Магілёўскага дзяржаўнага  ўніверсітэта імя А.А. Куляшова

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.