«Зямля маіх сноў»

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Фота 1

Фота 1

Адразу дзве прыкметныя падзеі ў адзін дзень адбыліся пад дахам Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея. 8 студзеня там прайшла прэзентацыя календара «Зямля маіх сноў»,  арганізаваная ў межах адкрыцця выставы мастака Яўгена Ждана «Калі не патрэбны словы». (Падрабязней аб календары чытайце ў матэрыяле Соф’і Любанец у нумары за сераду, 31.12.2014).

“Сённяшняя сустрэча прысвечана 77-годдзю з дня нараджэння нашага земляка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, лаўрэата прэміі Беларусі «За духоўнае адраджэнне», узнагароджанага медалямі Ф.Скарыны і Саюза мастакоў «За асаблівыя заслугі ў галіне мастацтва», ганаровага грамадзяніна Нясвіжа Яўгена Іванавіча Ждана,” — такімі словамі пачала сваё выступленне перад сабраўшыміся навуковы супрацоўнік музея Ірына Калібаба. Дарэчы, на прэзентацыю прыйшлі моладзь, навукоўцы, прадстаўнікі грамадскасці горада і раёна (фота 2,3), краязнаўцы і мастакі.

Фота 2

Фота 2

  Яўген Іванавіч нарадзіўся 15 снежня 1937 г. у невялікай вёсцы Тарэйкі, што недалёка ад Снова. З самага дзяцінства ён любіў маляваць і марыў быць толькі мастаком. І яго мара спраўдзілася. Адным са сваіх настаўнікаў Яўген Іванавіч называе мастака Міхаіла Сеўрука.

З 1964 г. Я.Ждан — удзельнік мастацкіх міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх выставаў. У 1967 го-дзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і быў накіраваны на працу ў Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі, з 1987 года — галоўны мастак у Рэспубліканскай дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1994 года — галоўны мастак Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі.

Яўген Іванавіч — вядучы мастак не толькі ў тэатральным жывапісе, але і ў станковым, а таксама ў графіцы, пейзажы, нацюрморце, плакаце. Вялікае прафесійнае майстэрства, глыбокае мастацкае асэнсаванне вобразаў і тэатральных пастановак, жывапісных карцін і графічных лістоў паставілі імя Я. Ждана ў шэраг вядомых дзеячаў нацыянальнай і сусветнай культуры.

Шмат вольнага часу Яўген Іванавіч праводзіць у вёсцы Сноў, дзе знаходзіцца яго Дом-музей. Родныя мясціны даюць яму шмат новых творчых адкрыццяў, тут ён чэрпае матэрыялы для сваіх твораў. Напісаныя ім пейзажы прасякнуты любоўю да родных мясцін.

Фота 3

Фота 3

Творы мастака знаходзяцца не толькі ў музеях Рэспублікі Беларусь, сярод якіх — Нацыянальны мастацкі музей, Музей сучаснага мастацтва, Дзяржаўны музей гісторыі музыкі і тэатра, Карцін-ная галерэя мастакоў Беларусі, Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей, Нацыя-нальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», але і ў прыватных калекцыях грамадзян розных краін свету (Беларусі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Ізраіля, Канады, Польшчы, Славакіі, Расіі, ЗША, Францыі, Швецыі, Чэхіі, Японіі).

Да дня нараджэння мастака Яўгена Ждана быў выдадзены каляндар «Зямля маіх сноў» з серыі календароў «Маляўнічая Бацькаўшчына», аўтарам праекта якога з’яўляецца Валеры Дранчук (фота 1).

Наша даведка: Валеры Дранчук — публіцыст і мастак-графік; за-снавальнік і кіраўнік праекта “Маляўнічая Бацькаўшчына”; адзін з заснавальнікаў “Зялёнага” выдавецтва на Беларусі; заснавальнік і выдавец газеты “Белавежская Пушча”, якая выдавалася ў перыяд з 1995 па 2008 год; аўтар шэрагу кніг, у тым ліку: “Белавежская Пушча. Рэзалюцыя SOS”, “Нацыянальныя паркі Амерыкі”, “Кажу дзецям”, кнігі паэзіі “Воблакі-лебедзі”.

Валеры Дранчук у розныя гады ўзнагароджваўся Еўрапейскай прэміяй Генры Форда “За захаванне культурнай спадчыны і навакольнага асяроддзя”; прэміяй імя Алеся Адамовіча “За публіцыстыку ў абарону беларускай прыроды”.        

На прэзентацыі прысутнічала сааўтар выдання календара, вядучая рубрыкі “Хвілінкі Нясвіжазнаўства” на нясвіжскім радыё, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Карцэвіцкай сярэдняй школы Наталля Плакса.

Падчас прэзентацыі госці пазнаёміліся з гісторыяй стварэння календара,  падзякавалі яго стваральнікам. Цёплыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас галоўнага фундатара вытворчасці календара — Мікалая Радамана, члена Савета Рэспублікі  Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні СВК “Агракамбінат Сноў”.                 

“НН”


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.