З юбілеем, вераснёўцы!

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У акцыянерным таварыстве  “17 верасня” павагай карыстаецца механізатар Сяргей Іванавіч Малец. На трактары МТЗ-1523 ён выконвае самыя розныя віды      работ: уносіць арганіку, сее кукурузу, косіць траву. А падчас жніва на камбайне КЗС-1218 убірае збожжавыя культуры. З усім, што ні даручаюць, спраўляецца хутка і якасна.

У акцыянерным таварыстве “17 верасня” павагай карыстаецца механізатар Сяргей Іванавіч Малец. На трактары МТЗ-1523 ён выконвае самыя розныя віды работ: уносіць арганіку, сее кукурузу, косіць траву. А падчас жніва на камбайне КЗС-1218 убірае збожжавыя культуры. З усім, што ні даручаюць, спраўляецца хутка і якасна.

ААТ “17 верасня” — 75 гадоў

У гэтыя дні калектыў адкрытага  акцыянернага таварыства “17 верасня” святкуе 75-гадовы  юбілей сельгаспрадпрыемства. У лютым далёкага 1940 года былыя парабкі пана Абуховіча ў вёсцы Вялікая Ліпа аб’ядналіся  ў калектыўную гаспадарку і назвалі яе ў гонар  значнай падзеі ў жыцці нашага народа —  дня аб’яднання беларускіх зямель,  тых, што на ўсходзе, дзе даўно ўсталявалася савецкая ўлада, і тых, што на захадзе,  якія  да 17 верасня 1939 года знаходзіліся  пад прыгнётам панскай Польшчы.  Але заглянула сонца і ў наша аконца.  Прыйшло свята і на нашу вуліцу… Заўтра, 14 лютага, вераснёўцы збяруцца на свой чарговы справаздачны сход, падвядуць вынікі зробленага, акрэсляць задачы на бліжэйшую перспектыву. А цеплыню і святочнасць гэтаму мерапрыемству надасць менавіта ўрачыстасць з нагоды юбілею.

 

Паважаныя працаўнікі  ААТ “17 верасня”, дарагія ветэраны сельгасвытворчасці!

Шчыра віншуем вас з 75-годдзем нашай гаспадаркі! За гэты працяглы перыяд часу вы  дабіліся  велізарных зрухаў у яе развіцці. Намнога багацейшай стала збожжавая ніва, вырас ураджай іншых сельгаскультур. Абнаўляецца  машынна-трактарны парк. Жывёлаводы працуюць на новых фермах, дзе сучасныя тэхналогіі прыйшлі на дапамогу чалавеку.

Сваімі найлепшымі намаганнямі, адказнасцю, творчым падыходам і высокім прафесіяналізмам вы памнажаеце багацце вераснёўскай  зямлі. Дзякуй вам за самаадданую працу!

Жадаем добрага здароўя на доўгія гады, поспехаў у дасягненні  пастаўленай мэты, шчасця, радасці,   дабрабыту!

Дырэкцыя і прафсаюзны камітэт адкрытага  акцыянернага таварыства “17 верасня”.

 

Дырэктар ААТ “17 верасня” Андрэй Генрыхавіч  Коктыш — на раённых дажынках 2014 г.

Дырэктар ААТ “17 верасня” Андрэй Генрыхавіч Коктыш — на раённых дажынках 2014 г.

З якімі паказчыкамі  сустракаюць юбілей працаўнікі ад крытага акцыянернага  таварыства?

Валавая вытворчасць збожжа разам з кукурузай склала ў 2014 го-дзе 13394 тоны. Рост да ўзроўню папярэдняга года — 103,1 %. З кожнага гектара сабралі па 80,8 цэнтнера зерня — на 3,6 ц/га болей, чым было залетась. Ад рэалізацыі збожжа выручылі  15331 млн. рублёў, прыбытак  склаў 5239 млн. руб., а рэнтабельнасць — 51,9 %.

Цукровых буракоў сабралі 25288 тон, рост — 119,3 %. Кожны гектар даў па 562 цэнтнеры салодкага кораня. Выручка ад рэалізацыі склала 10652 млн. рублёў, прыбытак — 1876 млн., рэнтабельнасць — 21,4 %.

Перадавы аператар   машыннага даення кароў  ААТ “17 верасня” Алена Пятроўна Була

Перадавы аператар машыннага даення кароў ААТ “17 верасня” Алена Пятроўна Була

Гаворачы пра раслінаводства, варта адзначыць, што ААТ “17 верасня” ў раённым спаборніцтве на ўборцы ўраджаю збожжавых у 2014 годзе выйшла ў лік пераможцаў у трох намінацыях. Па-першае, як гаспадарка, якая забяспечыла найвышэйшы паказчык тэмпаў росту валавога збору зерня да  сярэдняга ўзроўню трох папярэдніх гадоў з улікам вытворчасці на 1 бала-гектар. Рост склаў 125,2 %. Па-другое, таварыства выканала даведзенае заданне па валавым зборы зерня. Па-трэцяе, яно забяспечыла высокі выхад зерня ў разліку на 1 бала-гектар — 230,9 кг.

У індывідуальным спаборніцтве ў лік пераможцаў у раёне выйшаў старшы аператар збожжасушыльнай устаноўкі Мікалай Ягоравіч Грушнік, які  дапрацаваў 7878,6 тоны збожжавых, а пазней — 1205 т кукурузы на зерне.

А там, дзе  прызавыя месцы, вядома — і дыпломы раённага  выканаўчага камітэта, і грашовыя прэміі.

Вадзіцель Юрый  Пятровіч  Налівайка

Вадзіцель Юрый Пятровіч Налівайка

Нядрэнныя здабыткі і жывёлаводаў. Валавая вытворчасць малака дасягнула за мінулы год 8079,7 тоны, рост да ўзроўню 2013 г. склаў 106,5 %, у тым ліку рост у снежні — 124,3 %. Сярэдні надой на адну фуражную    карову — 6210 кг малака, або на 17 кг болей, чым у  папярэднім годзе. Выручка ад рэалізацыі малака дасягнула 28439 млн. руб., прыбытак — 3970 млн., рэнтабельнасць — 16,2 %.

Прадукцыя вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы — 519,2 т, рост дасягнуў 101,1 %. Сярэднясутачная прывага на вырошчванніі і адкорме склала 649 грамаў — павялічылася на 13 грамаў. Ад рэалізацыі ялавічыны гаспадарка выручыла 6379 млн. рублёў.

Статак буйной рагатай жывёлы па стане на 1 студзеня 2015 года  налічваў 3633 галавы (рост — 109,3 %), у тым ліку дойны статак — 1330 галоў (рост — 105,6 %).

Рэнтабельнасць гаспадарання ў цэлым па ААТ склала 11,6 %, сярэднямесячная зарплата — 4565,3 тысячы рублёў.

Вадзіцель Ігар  Іванавіч Аглашэвіч

Вадзіцель Ігар Іванавіч Аглашэвіч

За гэтымі лічбамі стаіць добрасумленная, старанная праца многіх і многіх работнікаў таварыства. Гэта механізатары Сяргей Міхайлавіч Янчык, які ўмее якасна араць глебу, Віктар Аляксандравіч Раманчук, заняты пагрузкай арганікі, Вячаслаў Леанідавіч  Апанасік, які на МТЗ-1221 унёс летась у глебу 14082 тоны арганікі. Юрый Леанідавіч Клаўсюк унёс мінеральныя ўгнаенні  на плошчы 900,5 га. Уладзіслаў Віктаравіч Навоша апрацаваў хімікатамі сельгаскультуры на плошчы 5560 га. Сяргей Мікалаевіч Арціменя, які кіруе магутным “Джон-Дзірам”,  вызначыўся на сяўбе збожжавых культур (460 га). Яго калега  Мікалай Віктаравіч Сідарцоў — на сяўбе кукурузы (303 га), а Дзмітрый Юр’евіч Клаўсюк — на сяўбе цукровых буракоў (326 га). 984 гектары занёс на свой рахунак падчас касьбы траў Дзмітрый Іванавіч Фенька. Мікалай Віктаравіч Сідарцоў на “Ягуары” здрабніў і пагрузіў 20927,9 т сянажнай і сіласнай масы. На адвозцы гэтай масы да траншэй вызначыўся Іван Іванавіч  Раманчук, які даставіў яе  3187,9 т. На ўборцы збожжавых не было роўных Ігару Іванавічу Аглашэвічу. На “Лексіёне-550” ён намалаціў 1686,18 тоны, а пазней яшчэ — 976 тон кукурузы на зерне. Механізатары Анатоль Леанідавіч Валочнік і Сяргей Іванавіч Каленік умела ўбіралі  на “Холмеры” цукровыя буракі. На іх рахунку — 450 га і 25288 т салодкага кораня.

Загадчыца новай МТФ “Круты Бераг” Наталля Міхайлаўна Чарняўская і  галоўны  заатэхнік ААТ “17 верасня” Таццяна Уладзіміраўна Утко

Загадчыца новай МТФ “Круты Бераг” Наталля Міхайлаўна Чарняўская і галоўны заатэхнік ААТ “17 верасня” Таццяна Уладзіміраўна Утко

Механізатары Мікалай Віктаравіч Сідарцоў і Уладзімір Георгіевіч Малец

Механізатары Мікалай Віктаравіч Сідарцоў і Уладзімір Георгіевіч Малец

Сярод жывёлаводаў мне ў        першую чаргу назвалі апера-тара машыннага даення Алену Пятроўну була з МТФ “Круты бераг”. Яна надаіла 307,2 т малака, ад кожнай каровы — па 7315 кг, што на 1682 кг болей, чым у 2013 годзе.

Ладзяцца справы ў калектыва новай, сучаснай малочнатаварнай фермы “Круты бераг” на 1000 галоў дойнага статка, які ўзначальвае Наталля Міхайлаўна Чарняўская. Сярэдняя прадуктыўнасць фуражнай каровы тут — 6429 кг малака.

На 2015 год працаўнікі ААТ “17 верасня” ўзялі новыя абавязацельствы. І ўпэўнена рухаюцца  да пастаўленай мэты. Гэтак жа, як раней — іх папярэднікі, ідучы  па шляху станаўлення маладой калектыўнай гаспадаркі.

Аператары машыннага даення МТФ “Круты Бераг” на 1000 галоў  Алена Васільеўна Еўстрат, Аляксандр Іванавіч Бабурын  і Святлана Васільеўна Антановіч

Аператары машыннага даення МТФ “Круты Бераг” на 1000 галоў Алена Васільеўна Еўстрат, Аляксандр Іванавіч Бабурын і Святлана Васільеўна Антановіч

Новая вуліца ў Высокай Ліпе. 2015 г.

Новая вуліца ў Высокай Ліпе. 2015 г.

У ААТ “17 верасня” памятаюць  тых, хто стаяў ля вытокаў калгаса, хто ствараў яго ў няпростыя  гады калектывізацыі, аднаўляў у пасляваенны час, рабіў многае, каб гаспадарка расла, мацнела, развівалася.

Калгас “17 верасня” быў створаны ў лютым 1940 года ў вёсцы Вялікая Ліпа на базе маёнтка пана Абуховіча. Назвалі яго ў гонар дня далучэння заходняй Беларусі да БССР. Калгаснікамі сталі былыя  парабкі. У карыстанне ім было перададзена каля 300 га панскіх зямель. Адразу ж была арганізавана і жывёлагадоўчая ферма. Першым старшынёй быў Андрэй  Адамавіч Шапавал. Дзейнасць калгаса спынілася з пачаткам Вялікай Айчыннай  вайны, адноўлена ў верасні 1944 г. Узначаліў яго Аляксандр Ільіч Верамейчык. Нягледзячы на цяжкасці, калгаснікі дружна ўзяліся за аднаўленне гаспадаркі, стараючыся забяспечыць неабходным Чырвоную Армію, якая з кровапралітнымі, але пераможнымі баямі рухалася ўсё далей на захад, да логава фашызму.

Старшыня калгаса “17 верасня” ў 1967-1992 гадах Рыгор  Паўлавіч Сасноўскі

Старшыня калгаса “17 верасня” ў 1967-1992 гадах Рыгор Паўлавіч Сасноўскі

Кіраўніком гаспадаркі працаваў таксама Юліян Іосіфавіч Чыжэўскі. Але 10 жніўня 1945 года яго забілі бандыты.

Толькі ўжо нішто не магло спыніць шырокую плынь калектывізацыі.

Каб хутчэй правесці ўсе сельгасработы, калгаснікі вырашылі арганізаваць дзіцячыя яслі. Загадчыкам іх праўленне прызначыла камсамолку Ніну Макаўчык. Падабралі памяшканне, выдзелілі харчовы фонд.

Калгас “17 верасня” за поспехі ў спаборніцтве на сяўбе яравых быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару.

Старшыня калгаса “17 верасня” ў 1951-1967 гадах Уладзімір Аляксеевіч  Галушка і яго сын, аграном гаспадаркі Аляксей Уладзіміравіч Галушка,  правяраюць якасць сяўбы. 1959 г.

Старшыня калгаса “17 верасня” ў 1951-1967 гадах Уладзімір Аляксеевіч Галушка і яго сын, аграном гаспадаркі Аляксей Уладзіміравіч Галушка, правяраюць якасць сяўбы. 1959 г.

Брыгадзір будаўнічай брыгады Вікенцій Аляксандравіч  Капытка і птушніца Вера Міхайлаўна Майсеня ля дома,  які перададзены ёй праўленнем калгаса за высокія  паказчыкі ў рабоце. 1959 г.

Брыгадзір будаўнічай брыгады Вікенцій Аляксандравіч
Капытка і птушніца Вера Міхайлаўна Майсеня ля дома,
які перададзены ёй праўленнем калгаса за высокія
паказчыкі ў рабоце. 1959 г.

А вось што пісала раённая газета “Чырвоны сцяг” у жніўні 1946 г.: “Камсамолку Дзярнову Яўгенію ведаюць у калгасе “17 верасня” як лепшую звеннявую камсамольска-маладзёжнага звяна, якое займае ў калгасе першае месца па ўборцы і абмалоту збожжа.

Сама звеннявая выпрацавала ўжо 250 працадзён. Каб хутчэй закончыць уборку і абмалот хлеба, звяно працуе ў выхадны дзень”.

Дарэчы, імя Яўгеніі Сцяпанаўны Дзярновай было занесена ў Кнігу Гонару касамольцаў Мінскай вобласці. Актыўна працавалі таксама звенні на чале з Надзеяй Малеж і Марыяй Новік.

Ладзіліся справы і ў жывёлагадоўлі. Па здачы малака  дзяржаве, напрыклад, у 1946 г. калгас “17 верасня” ішоў у раёне трэцім пасля сельгасарцеляў “Чырвоны бераг” і імя Молатава. Дарэчы, першымі ардэнаносцамі ў раёне  сталі ў 50-я гады менавіта вераснёўцы: Я. Дзярнова, А. Майсеня, Р. Вілько, В. Грышановіч, М. Зянько.

Звеннявая па льне Ніна  Ануфрыеўна Касач. 1955 г.

Звеннявая па льне Ніна Ануфрыеўна Касач. 1955 г.

Адначасова ў навакольных вёсках таксама ствараліся калектыўныя сельгасарцелі, якія пазней зліліся ў адзін вялікі калгас “17 верасня”. У 1940 г. — у Завушшы на базе маёнтка Гартынга — калгас “Чырвоны бераг”, старшынёй якога абралі Уладзіміра Ільіча Мя-дзведскага. У 1948 г. у в. Панюцічы   арганізавалі калгас “Новы шлях” (старшыня Фёдар Фёдаравіч Даронін). У в. Клепачы — “Камсамолец” (старшыня Мікалай Іосіфавіч Кухарчык), у Крутым Беразе — імя Някрасава (старшыня Сцяпан Вікенцьевіч Пазняк), у Квачах — “Савецкая Беларусь” (старшыня Аляксандр Іосіфавіч  Хрушч). У 1949 г. арганізавалі калгасы ў Высокай Ліпе (“Новая зара”, старшыня Юльян Іосіфавіч Савасцей), у Баярах (“Маяк камунізму”, старшыня  Уладзімір Іосіфавіч Худніцкі), у Еськавічах (“Маладая гвардыя”, старшыня Станіслаў Мікалаевіч  Капытка). Паступова дробныя  гаспадаркі аб’ядналіся ў больш буйныя. Такія аб’яднанні прайшлі  ў сакавіку і чэрвені 1951 года, пасля — у студзені 1959 года, і на чале ўзбуйненай гаспадаркі стаў Уладзімір Аляксеевіч Галушка, які дагэтуль ужо кіраваў калгасам “17 верасня”.

“былы бядняк, сын селяніна, ён валодаў зайздроснай кемлівасцю, прыродным дарам разумець людзей, бачыць перспектыву, умеў рабіць усё, каб зямля давала  прыбытак, каб паляпшаўся дабрабыт і стан жыцця. Старшыня прыслухоўваўся да старэйшых членаў калгаса, пераймаў карыснае з практыкі работы свайго добрага сябра К.П. Арлоўскага з калгаса “Рассвет” Кіраўскага раёна. Не хапала грошай на развіццё вытворчасці, стварэнне неабходнай матэрыяльнай базы, але Галушка разумеў, што для забеспячэння далейшых поспехаў неабходна дбаць таксама пра адукаванасць і культуру людзей. У калгасе змаглі пабудаваць  сярэднюю школу, Дом культуры, вялі інтэнсіўнае ссяленне з хутароў”, — так пазней расказваў пра У.А. Галушку яго  пераемнік Рыгор Паўлавіч Сасноўскі.

Свінарка Еўдакія Пятроўна  Смякайла. 1955 г.

Свінарка Еўдакія Пятроўна Смякайла. 1955 г.

“Грашовы даход у перадавой сельгасарцелі “17 верасня” (старшыня тав. Галушка) у 1954 годзе павялічыўся ў параўнанні з 1953 годам больш чым у два разы і дасягнуў 4316500 рублёў. Непадзельны фонд калгаса складае зараз 2100000 рублёў. Тут вялікая ўвага надаецца развіццю грамадскай жывёлагадоўлі. Пабудавана шмат жывёлагадоўчых памяшканняў. За год ад кожнай з 210 кароў надоена па 1459 кілаграмаў малака, знята з адкорму 174 галавы свіней.

Разам з ростам  грамадскай гаспадаркі расце і матэрыяльны дабрабыт калгаснікаў. На кожны праца-дзень члены гэтай сельгасарцелі атрымліваюць па 2,5 кілаграма збожжа, 3 кілаграмы бульбы і 8 рублёў грашыма,” — так расказвала пра справы вераснёўцаў раённая газета “Чырвоны сцяг” у сваім нумары за 1 студзеня 1955 года.

Юстын Андрэевіч Абрамовіч  працаваў брыгадзірам агародняй брыгады  калгаса “17 верасня”. Брыгада дабілася высокага ўра-джаю капусты,  агуркоў,  памідораў. Ад агародніцтва  гаспадарка атрымала ў 1954 г. 450 тысяч рублёў прыбытку. Па выніках работы за 1953 год Юстын Абрамовіч стаў удзельнікам Усесаюзнай  сельскагаспадарчай выстаўкі  ў Маскве.Юстына Абрамовіча  называлі “калгаснік-мічурынец”.  Ён першым у раёне ў 1953 г.  ужыў метад вырошчвання  расады ў торфаперагнойных  гаршчочках і атрымаў з кожнага гектара  агароду па  200 цэнтнераў капусты. Па яго ініцыятыве быў закладзены плодагадавальнік,  у якім вырасцілі  4000 саджанцаў  яблынь і груш. Пазней у калгасе з’явіўся сад. У 1955 г. Ю.А. Абрамовіча  выбралі  дэпутатам раённага  Савета дэпутатаў.

Юстын Андрэевіч Абрамовіч працаваў брыгадзірам агародняй брыгады калгаса “17 верасня”. Брыгада дабілася высокага ўра-джаю капусты, агуркоў, памідораў. Ад агародніцтва гаспадарка атрымала ў 1954 г. 450 тысяч рублёў прыбытку. Па выніках работы за 1953 год Юстын Абрамовіч стаў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве.Юстына Абрамовіча называлі “калгаснік-мічурынец”. Ён першым у раёне ў 1953 г. ужыў метад вырошчвання расады ў торфаперагнойных гаршчочках і атрымаў з кожнага гектара агароду па 200 цэнтнераў капусты. Па яго ініцыятыве быў закладзены плодагадавальнік, у якім вырасцілі 4000 саджанцаў яблынь і груш. Пазней у калгасе з’явіўся сад. У 1955 г. Ю.А. Абрамовіча выбралі дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.

Паспяхова вырашаліся задачы па развіцці льнаводства. Калгас “17 верасня” атрымаў у 1954 г. на плошчы 160 гектараў па 480 кілаграмаў ільнонасення і па 490 кг валакна з кожнага гектара. Грашовы даход ад ільну тут дасягнуў трох мільёнаў рублёў. На кожны  агульны працадзень у калгасе выдавалі людзям па 8 рублёў, а на працадзень, выпрацаваны ў ільнаводстве, — па 21 рублю. “За дасягнутыя поспехі ў ільнаводстве Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР узнагародзіў Граматай  Фёдара Лук’янавіча Касача, брыгадзіра паляводчай брыгады калгаса “17 верасня”, расказвае “Чырвоны сцяг” за 2 лютага 1955 г.

Сярод ільнаводаў раёна ў пачатку 50-х гадоў стала вядома імя Ніны Касач з гэтай гаспадаркі. Дзякуючы правільнай агратэхніцы, стараннай працы, звяно, якое ўзначальвала  Ніна  Ануфрыеўна  Касач, сабрала ў 1954 г. з кожнага гектара па 7,4 ц  ільнонасення і па 8 ц ільновалакна. Гэтыя поспехі дасягнуты яшчэ і таму, што Ніна Касач вучылася на трохгадовых агратэхнічных курсах. Высокія паказчыкі па льне былі і ў звеннях Алены Чарняк і Ганны Бруй.

Станоўчай ацэнкі заслугоўвала таксама праца калгаснікаў Нілы Капытка, Веры Турко,  Міхаіла Качуры, Віктара Сцепановіча, Аляксандра Валочніка, Ганны Була, Яўгеніі Качура, Соф’і Палуянчык, Ніны Гаціла, брыгадзіраў паляводчых брыгад Міхаіла Зянько, Пятра Аляшкевіча, Сяргея Берташа.

У жывёлагадоўлі загучалі імёны свінарак калгаса Варвары Барысаўны Апанасік, Еўдакіі Пятроўны Смякайла. У 1954 г. першая атрымала па 16,8 парасяці на адну свінаматку, другая — па 17 парасят. За самаадданую працу Е. Смякайла была ўзнагароджана Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.  Адкормачнае пагалоўе старанна даглядалі Раіса Бейня і Марыя Малец. У групе першай сутачная прывага свіней даходзіла да кілаграма, у групе другой — да 800 грамаў.

Калгас “17 верасня” ўпэўнена лідыраваў у раёне па прадуктыўнасці дойнага статка.

На раённую Дошку гонару ў 1955 годзе  былі занесены перадавікі вытворчасці, акрамя старшыні У.А. Галушкі, даяркі калгаса А.Н. Варчук, Ю.А. Верамейчык, Л.М. Худніцкая.

У студзені 1955 г. пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. На сходзе ў Гарадзейскай МТС брыгадзір трактарнай брыгады Мікалай Кастэнка прапанаваў вылучыць кандыдатам па Гарадзейскай выбарчай акрузе № 53 старшыню калгаса “17 верасня” Уладзіміра Аляксеевіча Галушку. Ён падкрэсліў: “На працягу шэрагу гадоў наша трактарная  брыгада абслугоў-вае калгас “17 верасня”. Мы, механі-затары, добра ведаем таварыша Галушку. Пад яго кіраўніцтвам сельгас-арцель ідзе ўгару, багацее…” (“Чырвоны сцяг” за 19 студзеня 1955 г.)

Уладзімір Аляксеевіч карыстаўся вялікай павагай. Яго двойчы выбіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Ён быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, “Знак Пашаны”, медалямі, трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Новыя вуліцы калгаса “17 верасня”. 1960-я гады

Новыя вуліцы калгаса “17 верасня”. 1960-я гады

У 1967 годзе калгас узначаліў Р.П. Сасноўскі і кіраваў ім  чвэрць стагоддзя. Рыгор Паўлавіч даражыў даверам людзей, адчуваў вялікую адказнасць за справы ў калгасе, за лёс яго жыхароў. У цэнтры гаспадаркі — Высокай Ліпе — быў створаны з часам сапраўдны аграгарадок. Тут адкрылі ўрачэбную  амбулаторыю, пабудавалі дзіцячы сад, сталовую-кафэ-бар, лазню-пральню, комплексны пункт бы-тавога абслугоўвання, шмат кватэр. У вёску прыйшоў прыродны газ. У калгасе з’явіліся новыя фермы, іншыя будынкі. Выраслі аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі. У 1987 г. хлебаробы атрымалі рэкордны на той час ураджай збожжавых культур — 56 ц/га. Надой малака ад каровы дасягнуў 4270 кг. Рэнтабельнасць гаспадаркі складала 50,8 %, сярэдні заробак — 202 рублі ў месяц, а механізатараў і жывёлаводаў — больш за 260 рублёў.

На палях і фермах калгаса “17 верасня” працавала шмат добрасумленных, адданых роднай  зямлі людзей. За сваю стараннасць вераснёўцы атрымлівалі дзяржаўныя ўзнагароды. Так, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга атрымалі ў 70-х гадах даяркі Г.К. Грыцкевіч, Г.С. Казусёнак і А.К. Фамічова, механізатары І.П. Зянько, К.К. Грыцкевіч, М.І. Лазюк, В.І. Ломскі, В.І. Савасцей, свінарка Л.І. Малец, палявод М.А. Качура, эканаміст У.П. Сасноўскі. Такім жа ордэнам у 1969 г. быў узнагароджаны трактарыст І.С. Чабатарэнка, які пазней стаў начальнікам вытворчага ўчастка. Яго малодшы брат Л.С. Чабатарэнка, які спачатку працаваў таксама механізатарам, а пасля атрымання спецыяльнай адукацыі — начальнікам комплексу па вырошчванні цялушак, спецыялістам па кормавытворчасці, атрымаў такі ж ордэн у 1972 г. Яго ўклад у сельгасвытворчасць быў адзначаны таксама ордэнамі “Знак Пашаны” і Працоўнай Славы 3-й ступені. У 1958 г. ордэнам “Знак Пашаны” ўзнагародзілі палявода Ф.А. Карпач, у 1965-м — палявода А.У. Юрашчык, у 1966-м — старшыню калгаса Р.П. Сасноўскага. У 70-я гады — механізатара І.І. Лігара, паляводаў Я.У. Аляшкевіча, Г.І. Кузьміч,  В.І. Кунаш, пастуха І.П. Зыкава, агранома П.Ф. Сцефановіча, загадчыка свінафермы М.Ф. Сямёнава. У 80-х гадах вадзіцель В.Н. Глобаж і механізатар С.М. Янчык атрымалі ордэн Працоўнай Славы 3-й ступені.

Старшыня калгаса Р.П. Сасноўскі пайшоў на пенсію ў 1992 г., перадаўшы руль кіравання А.Р. Камёнку. Потым калектыў узначальвалі У.А. Прыбор, А.А. Дунец, А.І. Булыга, А.К. Ратомскі. У 2010-м старшынёй абралі А.Г. Коктыша.

Мянялася і форма ўласнасці ў гаспадарцы. У 1996 г. калгас рэфармавалі ў СКП “17 верасня”, у 2003 г. — у СВК, а з 2011 года  гэта — адкрытае акцыянернае  таварыства. У 2005 г. частка зямель, вакол вёсак Клепачы і Панюцічы, адышла СВК “Агракамбінат Сноў”.

Толькі  задачы перад  вераснёўцамі стаялі і стаяць адны:  паступова нарошчваць вытворчасць прадукцыі, паляпшаць эканамічныя паказчыкі, павышаць прадукцыйнасць працы. У акцыянерным таварыстве робяць усё, каб квітнела родная зямля, больш заможнымі станавіліся людзі. Яны ажыццяўляюць мары сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія ў далёкім 1940-м выбралі гэты шлях.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ,  з Беларускага дзяржаўнага   архіва кінафотафонадакументаў  і архіва рэдакцыі.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.