… І праўнукі — у госці

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

DL4A8594

Снаўчанка Ніна Міхайлаўна Зарожная нядаўна адзначыла свой юбілей. На свята прыехалі дочкі, зяці, унукі, праўнукі, якіх у яе ўжо трое. Прыехалі з кветкамі, з цёплымі словамі віншаванняў і пажаданняў добрага здароўя, даўгалецця.

Яна ганарыцца сваімі дзяўчатамі — Людмілай, Ірынай, Аленай. Выраслі добрымі, спагадлівымі. Людміла жыве з сям’ёй у Расіі, бывае не так часта. А вось Алена з Баранавічаў прыязджае кожны выхадны. Мужа Ніны Міхайлаўны, Міхаіла Іосіфавіча, не стала дзесяць  гадоў таму, і, зразумела, ёй патрэбны дапамога і ўвага.

— У мяне і суседзі вельмі добрыя — Карманавы, — гаворыць Ніна Міхайлаўна. — Калі трэба заараць, пасадзіць агарод ці зімой снег пачысціць — усё зробяць. І па тэлефоне рэгулярна цікавяцца, як сябе адчуваю.

У Снове Ніну Зарожную добра ведаюць, паважаюць. Яна шмат  гадоў адпрацавала даяркай, узнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (у 1976 г.) і Дружбы народаў (у 1988 г.), бронзавым і чатырма сярэбранымі медалямі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, знакамі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, Ганаровымі  граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Яна з’яўляецца ганаровым работнікам СВК “Агракамбінат Сноў” і карыстаецца пэўнымі льготамі: атрымлівае талоны на малако і дзве базавыя велічыні да пенсіі.

— Я рана засталася без мамы. Таму ў 14 гадоў пайшла працаваць у калгас, — працягвае свой  аповед мая суразмоўца. — Спачатку — на свінаферму, потым — на малочнатаварную ферму. Даіла кароў спачатку ў Грускове, потым — у Дольным Снове. 43 гады аддала рабоце  даяркі.  Спачатку было вельмі цяжка. Даілі і кармы раздавалі  ўручную. Кароў падсцілалі тарфакрошкай, таму перад даеннем іх трэба было  спачатку “адкапаць”. Пазней жывёлу перавялі на цвёрдую падлогу, даенне стала механізаваным.

— З кім Вы працавалі побач?

— Старэйшых даярак ужо няма нікога. Гэта ж і мне  споўнілася 75. Гады ідуць… А вось з малодшых магу назваць Марыю Рацкевіч, якая яшчэ працягвае працаваць, і Галіну  Бруй, якая пайшла на пенсію. Там жа, на МТФ “Дольны Сноў”, працаваў жывёлаводам і мой муж.

— Што, на Вашу думку, галоўнае ў жыцці?

— Мець сям’ю, такую клапатлівую, як мае дзеці. На нашай беларускай зямлі ціха,  спакойна — і гэта вельмі добра. Бо як паглядзіш, што  ва Украіне робіцца… У мужа  там сваякі былі, некалі ён да іх у Данецк ездзіў. Потым сувязі перарваліся. Не ведаю, што там з імі. Трэба спадзявацца, што ўсё ўсталюецца… Мір на зямлі — гэта і ёсць галоўнае.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.