У палоне Мельпамены

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_1123

З пражытых васьмідзесяці гадоў актрыса заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь Нясвіжскага тэатра імя Уршулі Радзівіл Эма Трафімаўна Булат ужо шэсцьдзясят год радуе гледачоў сваёй выдатнай ігрой. На пытанне, калі яна захапілася тэатрам, мая суразмоўца адказала, што любіла яго заўсёды. Яшчэ ў дзяцінстве, калі вучылася ў школе, ездзіла ў Маскву на канікулах і глядзела там балет у Вялікім і Малым тэатрах.  Ужо тады вельмі цікавілася знакамітымі акцёрамі і актрысамі, старалася ведаць іх усіх па прозвішчах.  У школе выступаць на сцэне пачала ў 1954-м годзе, калі вучылася ў дзясятым класе. Але тады паспела паўдзельнічаць толькі ў адной пастаноўцы, бо паехала паступаць у Маскву. Не ў тэатральны, а на хімічны факультэт. Школу яна закончыла з залатым медалём і паспяхова паступіла. Але потым моцна захварэла, перанесла дзве аперацыі. І на трэцім курсе прыйшлося пакінуць вучобу і вярнуцца дахаты, у Нясвіж. І ўжо тут, пад кіраўніцтвам тагачаснага дырэктара раённага Дома культуры А. Г. Мельнікавай, яна пачала ўдзельнічаць у пастаноўках мясцовага аматарскага тэатра. Ёй гэта вельмі падабалася. Калектыў  быў цудоўны, асабліва, калі да іх прыйшоў працаваць рэжысёрам В. П. Мароз. Вельмі цікавы чалавек. Дзякуючы яму Нясвіжскі тэатр атрымаў адным з першых сярод аматарскіх тэатральных калектываў Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі званне заслужанага — за спектакль “Чорная панна Нясвіжа”.

Несвіжане часта ставілі Астроўскага і ўвогуле было шмат рускіх пастановак. Потым з’яві-ліся спектаклі і на беларускай мове.  Штогод ездзілі ў Беразіно, дзе не раз займалі першае месца на “Бярэзінскай рампе” — фестывалі народных тэатраў. На адным з іх Эма Булат атрымала дыплом і прыз за лепшую жаночую ролю, калі ўвасобіла Феліцату ў спектаклі па п’есе Аляксандра Астроўскага “Праўда добра, а шчасце лепш”. Валерый Пятровіч вельмі шмат зрабіў для тэатра, успамінае Эма Трафімаўна. Акцёрам было з ім цікава. Нездарма ён быў выкладчыкам ва ўніверсітэце культуры: заўсёды ведаў, што і як трэба правільна рабіць: якімі павінны быць жэст, погляд вачэй, міміка твару, тэмбр голасу. І калі яго не стала, калектыў як быццам застаўся сіратой. Быў час, калі прыязджаў сам драматург Аляксей Дудараў і абяцаў напісаць п’есу спецыяльна для нашага тэатра. Хутчэй за ўсё, ён гэта і зрабіў бы, але, паколькі дамаўляўся з самім Марозам, то планы не спраўдзіліся, калі Валерый Пятровіч пайшоў з жыцця.

Цяпер галоўным рэжысёрам з’яўляецца Яўген Валабоеў. Калектыў пад яго кіраўніцтвам выступаў і ў Маладзечне, і ў Мінску, і нават некалькі разоў у Польшчы не толькі з ранейшай, але і  з новай пастаноўкай па п’есе Дударава “Чорная панна Нясвіжа”, якая называецца “Бог ёсць любоў”. І, зразумела, новая інсцэніроўка крыху адрозніваецца ад ранейшай, бо кожны рэжысёр бачыць адно і тое ж па-свойму. Акрамя гэтага, бывалі і ў Літве.

Калектыў вельмі вялікі і багаты на акцёраў самых розных узростаў. Але гэта не перашкаджае ім збірацца і разам праводзіць час. У гэтым дружным калектыве ўсе з асалодай віншуюць адзін аднаго з усімі святамі, і ў журботныя дні не забываюць пра таварышаў.

На погляд Эмы Трафімаўны, захапленне тэатрам дазваляе пашырыць кругагляд, бо кожная п’еса па-асабліваму ўзбагачае ўнутраны свет. Таму яна заўсёды старалася чытаць пра той час, у якім жыве гераіня, каб лепш яе разумець. Вельмі моцна дапамагаюць у гэтым і калектыўныя размовы, абмеркаванні, бо падчас ігры сам сябе з боку не бачыш, а думка калег дарагога каштуе. “То рукамі махаў не так, як трэба, то на падлогу глядзеў — вось гэтага рабіць ні ў якім разе нельга: гледачы не ўбачаць тваіх вачэй. Твар заўсёды павінен быць адкрытым. Бо калі чалавек у зале суперажывае, то і артысту цікавей. Менавіта рэакцыя гледачоў дапамагае пры адлюстраванні таго, што збіраешся выказаць”, — гаворыць Эма Трафімаўна.

Колькі б Эма Трафімаўна ні выступала, яна заўсёды хвалюецца, таму што кожны раз усё па-новаму. У акцёра не могуць быць кожны раз адны і тыя ж эмоцыі, перажыванні. І гэта толькі яшчэ больш захапляе. Актрыса заўсёды стараецца, каб гледачам было цікава.

Адныя з яе найбольш любімых роляў —  Ганна ў п’есе “Вечар” Дударава, місіс Сэвідж у камедыі амерыканскага драматурга Джона Патрыка “Дзіўная місіс Сэвідж” і Бона Сфорца ў п’есе Дударава “Чорная панна Нясвіжа”. Увогуле, у Эмы Трафімаўны было шмат цікавых роляў у п’есах Вайніловіча, Астроўскага і іншых знакамітых пісьменнікаў.

Беручы пад увагу шаноўны ўзрост маёй суразмоўцы, я не магла не спытаць, у чым, на яе погляд, заключаецца сакрэт захавання бадзёрасці і здароўя на доўгія гады. У адказ пачула, што сакрэт — у імкненні да самаразвіцця. Гэта прыносіць асалоду. Больш за  ўсё Эма Трафімаўна любіць чытаць — аб знакамітых мастаках, скульптарах і артыстах. Вельмі ўразіла яе кніга аб французскім скульптары Радэне, нядаўна закончыла чытаць пра спявачку Патрысію Каас. Шмат цікавага таксама пазнае з перадачы “Культура” на РТР. А яшчэ яна пільна сочыць за спартыўным жыццём — не прапусціла трансляцыі ні адной гульні чэмпіянату свету па хакеі, нядаўняга чэмпіянату па біятлоне сярод юніёраў.

Не апошнюю ролю адыгрываюць сябры. Іх падтрымка значна дапамагае. “А што датычыцца здароўя, то бывае дзень лепей, потым два дні горш, а потым зноў — добра. Таму не трэба звяртаць увагі на гэтыя горшыя дні, бо галоўнае — ніколі не вешаць носа, жыццё заўсёды “паласатае”, — раіць Эма Трафімаўна Булат.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ,

вучаніца Нясвіжскай гімназіі.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.