Ад мінулага да сучаснасці

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_5379

Шлях  кожнага храма,  як і чалавека, складаны і няпросты. Такім ён быў і для Свята-Троіцкай  царквы ў вёсцы Салтанаўшчына, у якую па благаславенні Благачыннага Нясвіжскай акругі протаіерэя Аляксандра Данчанкі адбылася духоўная паездка.

Прыходскі святар, іерэй Алег Абрамовіч цёпла  сустрэў  групу  прыезджых, прыхіль-нікаў  духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”, дзеючага пры раённай  бібліятэцы, і гасцёўні  “Ясь і Яніна”. У планах  іх  работы  заўсёды  ўдзяляецца ўвага святыням Нясвіжчыны, а таксама іншых рэгіёнаў краіны. На гэты раз  мы наведалі  храм, які  быў пабудаваны ў 1826-м годзе. Прымацаваная да сцяны таблічка сведчыць пра тое, што будынак ахоў-ваецца законам  як гістарычная і архітэктурная каштоўнасць. Амаль за 200 гадоў ён спазнаў нямала змен і катаклізмаў, многае  для  абсталявання і развіцця духоўнага дома  зрабіла ў канцы ХIХ стагоддзя  расійская дзяржава. У тыя часы і пазней сюды збіраліся  прыхаджане  вёсак Салтанаўшчына, Юшавічы, Пляшэвічы, Дубейкі, Кудзінавічы Капыльскага раёна і іншых.  Разам з царквой  яны перажывалі  часы застою і ганення, даводзілася змагацца з тадышнімі атэістамі супраць закрыцця храма. Прайшлі гады, маральныя законы павярнуліся ў бок духоўнасці, людзі прыйшлі маліцца свабодна. Многія дапамагалі  ўладкоўваць і рамантаваць  царкву. З кожным годам усё прыходзіла ў патрэбны парадак, шмат чаго зрабілі папярэднікі айца Алега, вялікі ўклад у добрую справу ўнёс і ён за 18 гадоў службы.

У дзень наведвання храма іерэй Алег адслужыў набажэнства і памаліўся за здароўе  блізкіх і родных прыезджых, а таксама за спачын.

Паведаміў ён і пра выпадкі з’яўлення міры на іконах і фактах вылечвання цяжка-хворых, іншых праяўленнях  добрай  волі  Гасподняй.

У Свята-Троіцкім храме в. Салтанаўшчына ёсць Распяцце з часцінай Крыжа Гасподня і часцінкі мошчаў святых. Асабліва шануюць у гэтым храме іконы Маці Божай Чэнстахоўскай і Эканаміса. Усё гэта дапамагае  прыхаджанам верыць у дабро  і пазбаўляцца ад  дрэнных уплываў, аздараўляцца духам і целам. Бо, як сказана ў Бібліі, “па веры вашай даецца вам”.

Запомніўся расказ святара пра яго паломніцтва на знакамітую Святую Гару Афон, якая знаходзіца у Грэцыі. Адтуль ён прывёз шмат пачуццяў, якімі падзяліўся з намі, і ікону  “Усецарыца”. У гэтым святым месцы ён маліўся за сваіх блізкіх і прыхаджан. Пашчасціла яму падняцца на вяршыню Афона, якая знаходзіцца на вышыні 2000 метраў над узроўнем мора. На Афоне размешчаны манастырскі комплекс,  які  склаўся ў Х — ХІ стагоддзях і  ўключае   20  маляўніча  размешчаных у скалах  умацаваных  кляштараў, у тым ліку Пратат і Лаўру (Х ст.), Івірон (980 г.), сербскі Хіландар,  рускі Святога Панцеляймона (абодва ХII ст.) , балгарскі Зограф (ХI — ХIII ст.)  На гары Афон сабрана  вялікая  колькасць візантыйскіх  рукапісаў, ікон, прадметаў дэкаратыўнага мастацтва. Цікавы факт: жанчынам уваход на Афон забаронены. Гэта воля Багародзіцы. Спрабавала адна султанша, але  перад ёй  з’явілася  фігура Багародзіцы і не дала магчымасці ступіць наверх. Але выхад быў знойдзены наступным чынам. Асобы прыгожага полу, жадаючыя  пабачыць хаця б здалёк  знакамітае месца, садзяцца на карабель і падплываюць да Святой Гары не бліжэй за 500 метраў. З благаславення, на борт іх судна могуць падняць некаторыя святыні. Часцей за ўсё гэта ікона Пантанаса і Пояс Багародзіцы.

Затым прыхільнікі  цэнтра  “Існасць” накіраваліся да храма Дабравешчання Пра-святой Багародзіцы ў в. Кунаса (на фота), пабудаванай у 1905 годзе. Лёс яе падобны на лёсы  ўсіх духоўных збудаванняў: перажытыя гады забыцця, адраджэнне і дзейнічанне.  Будынак не раз рамантаваўся і цяпер радуе вока: блакітна-белы, з прыгожай аздобай і стромкімі купаламі. Прыхаджан нямнога, бо ў вёсцы людзей з кожным годам становіцца менш. І ўсё ж храм на святы адчыняе дзверы сваім  вернікам. Тут ёсць іконы  Мікалая Цудатворцы, Іаана Кармянскага, іншыя царкоўныя святыні. Знамянальна: сярод прыезджых была жанчына, якую пры нараджэнні  хрысцілі ў гэтай царкве, яна ўзрадавалася  сустрэчы праз шмат гадоў. Вось так бывае, што нязведаныя шляхі-дарогі вядуць нас да памятных мясцін і  абуджаюць у чалавека добрыя пачуцці.

Праслухаўшы кароткую малітву, мы накіраваліся дамоў, прасветленыя і абноўленыя.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.