Брыгадзір. Дружыннік. Стараста

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

лучший дружинник   Рацкевич С. (1)

Васямнаццаць гадоў працуе ў СВК “Агракамбінат Сноў” Сяргей Рацкевіч. Быў дыспетчарам, апошнія шэсць гадоў узначальвае брыгаду № 2, у якую ўваходзяць вёскі Хвоева, Клепачы і частка Снова.

І ўвесь гэты час ён — бяззменны дружыннік. Разам з Мікалаем Грыцэнкам, Сяргеем Мацкевічам і іншымі спецыялістамі аб’язджаюць вясковыя вуліцы, вытворчыя тэрыторыі, дзяжураць каля сельскага  Цэнтра культуры.

— Бывае, часам, што патрабуецца ўмяшанне дружыннікаў, — расказвае Сяргей Валян-цінавіч. — Каму — трэба заўвагу зрабіць, каму — дапамагчы разабрацца, нейкае пытанне вырашыць, каб прадухіліць канфліктную сітуацыю. Неяк у Снове давялося супакойваць сямейнага дэбашыра, якога “разагрэў” алкаголь. Працуем у цеснай звязцы з участковым інспектарам РАУС Валерыем Сцяпурам, маёрам міліцыі. Што я заўважыў: цяпер у вёсках больш цішыні і парадку, чым гадоў пяць назад. Намнога спакайней, дысцыпліна належней…

Як і патрабуецца, дружыннікі выходзяць на дзяжурства з пасведчаннямі, павязкамі і значкамі.

— Мы рэгулярна праводзім пасяджэнні ў грамадскім пункце аховы правапарадку, — дапаўняе старшыня Сноўскага сельскага выканаўчага камітэта Галіна Карпей. — Там дружыннікі дакладваюць аб сваіх дзяжурствах, разам абмяркоўваем парушэнні, з якімі давялося сутыкнуцца, і прымаем меры, каб у далейшым пазбегнуць падобнага.

Сяргей Рацкевіч вельмі сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязкаў дружынніка. Нездарма ж па выніках работы 2014 года ён быў прызнаны адным з лепшых дружыннікаў добраахвотных дружын Нясвіжскага раёна. І атрымаў Падзяку старшыні  райвыканкама.

Акрамя таго, Сяргей Рацкевіч з’яўляецца старастам вёскі Хвоева. Да яго часта звяртаюцца сяляне з рознымі просьбамі. Калі ў сілах дапамагчы сам, як брыгадзір, дапамагае. Калі праблема больш сур’ёзная, выносіць на абмеркаванне членаў праўлення агракамбіната, хадайнічае перад кіраўніцтвам. Ён упэўнены: калі людзі змогуць своечасова вырашаць узнікшыя  пытанні асабістага і грамадскага кшталту, то яны будуць і на калектыўнай працы шчыраваць сумленна, самааддана, з высокай эфектыўнасцю.

Што, як гаворыцца, і трэба было даказаць.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Галіны КАРПЕЙ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.