БУДНІ І СВЯТЫ “АПТЫМІСТАЎ”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

помощь старым

Многім  вядомы  выраз  “In wita mobile”,  што ў перакладзе з лацін-скай мовы азначае   “У руху  жыццё”.  На гэта нас заўжды нацэльваюць і медыкі. Актыўны лад жыцця неабходны ў любым узросце. Асабліва ён патрэбен  тым,  хто знаходзіцца на пенсіі і не  спяшаецца на работу.

У гэтым даўно пераканаліся  ўдзельнікі хору ветэранаў працы г.Нясвіжа “Аптымісты”, якія два разы ў тыдзень збіраюцца на рэпетыцыі, каб вывучыць   новыя песні, удасканаліць свой вакал. Чацвёрты  дзясятак  пайшоў, як стварыўся хор, які спачатку называўся хорам     удзельнікаў  Вялікай  Айчыннай вайны. З цягам часу былых партызан, артылерыстаў і танкістаў станавілася ўсё менш, на іх месца прыходзілі другія людзі, і сёння ў калектыве няма ніводнага ветэрана вайны.  Але закладзеныя імі творчыя традыцыі жывуць, набываюць новыя    рысы і фарбы, час не стаіць на месцы. Прыемна, што кожны год у хор уліваюцца навічкі. Летась, напрыклад, да нас прыйшлі Любоў і Іван Шухно, Віталь Раманчук  з Нясвіжа. Першыя, сямейная пара, спяваюць і ў хоры, і дуэтам.

В. К. Раманчук не толькі мае добры голас, ён яшчэ валодае мастацкім свістам, і калі  выконваем песню “Ой, у зялёненькім садочку”, віртуозна перадае свіст салаўя, чым выклікае бурныя апладысменты слухачоў. З вёскі Салтанаўшчына ездзіць у Нясвіж на рэпетыцыі аматар песні Міхаіл Петручэня, ён, дарэчы, піша і чытае вершы. Маюць намер далучыцца да хору і іншыя спевакі.

Розныя  арганізацыі і ўстановы часта запрашаюць калектыў “Аптымістаў” выступіць з канцэртам. Мы, вядома, рады гэтаму і ахвотна ідзём насустрач. Ужо другі  год  святары  Свята-Георгіеўскага  храма  наладж-ваюць у канцы  зімы  Масленіцу і  рады бачыць і чуць там хор ветэранаў. Сёлета таксама спевакі выступалі перад прыхаджанамі, выконвалі духоўную песню “Да вячэрні” і свецкія, бадзёрыя, вясёлыя.

Усталяваліся і сяброўскія сувязі з калектывам педагогаў і навучэнцаў каледжа імя Якуба Коласа. Летась там цёпла прымалі “Аптымістаў”, запрасілі і  ў бягучым годзе. Знамянальна, што канцэрт адбыўся 23 лютага, у свята абаронцаў Айчыны. Гучалі патрыятычныя песні “На ўсё астатняе жыццё”, “Бяседа”, “Барадзіно” ў выкананні мужчынскай групы хору. Не абышлося і без цёплых, лірычных, жартоўных песень. Прыемна адзначыць, што маладыя людзі з цікавасцю слухалі выступленне старэйшых, падпявалі, дружна апла-дзіравалі, было шмат авацый. Ёсць надзея, што ў душах  юнага пакалення засталіся добрыя пачуцці, разуменне родных песень і гучання беларускай мовы. А на ёй напісана так многа цудоўных твораў, і будучым настаўнікам ці экскурсаводам  гэта спатрэбіцца ў жыцці. Ды і сам факт  яднання пакаленняў, як  адзін  з важных момантаў  у выхаванні, знойдзе жывы  водгук.

“Аптымісты” карыстаюцца любоўю  публікі, аб чым сведчыць і запрашэнне на Масленіцу ў апошнюю нядзелю  лютага ў “Харчэўню на Замкавай”. Там харысты выконвалі ля кафэ песні  “Ой, у зялёненькім садочку”, “Хлеб ды соль”, “Лёгка на сэрцы ад песні вясёлай”  і іншыя творы, танцавалі, спявалі прыпеўкі. Апошнія, дарэчы,  выконваў акампаніятар Аляксандр  Гапановіч. Людзі, якія праходзілі, спыняліся, слухалі выканаўцаў, фатаграфавалі іх, некаторыя далучаліся і спявалі разам. Атрымалася  вясёлае агульнае свята, ва ўсіх  быў добры настрой. А гэта самае важнае як для харыстаў, так і для слухачоў.

Былі, вядома, і смачныя бліны з рознай начынкай, гарачыя кава і чай і ўсё, што жадалі заказаць несвіжане і госці горада. Між іншым, у “Харчэўні” ў  той дзень пабывала шмат народу, і ўсе былі задаволены вясёлай абстаноўкай і добрымі стравамі.

Наперадзе ў “Аптымістаў” новыя песні, карпатлівая работа над імі, новыя канцэрты і паездкі. Да іх энтузіясты сцэны заўсёды гатовыя.

Раіса ХВІР,

удзельніца хору “Аптымісты”, г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.