Час дыктуе перамены

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

1

Да юбілею ўстановы нельга не пагутарыць з яе кіраўніком, таму сёння мая суразмоўца — дырэктар Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі  Людміла Іванаўна Вітко. У яе даволі цікавая біяграфія. Бацька  быў ваенны, таму лёс закінуў сям’ю ў Чыцінскую вобласць, на станцыю Мірная, дзе і нарадзілася дзяўчынка Люда. Яе тата з мамай па нацыянальнасці ўкраінцы, натуральна, і дачка — украінка.

Потым ваенныя шляхі-дарогі прывялі І.С.Трачука з сям’ёй у Беларусь, у горад Валожын.  Там Людміла закончыла  дзевяць  класаў, марыла стаць артысткай, маючы прыгожую знешнасць і сцэнічныя даныя, але мама Лідзія  Мікалаеўна была супраць. Па яе цвёрдым рашэнні бачыць дачку настаўніцай Люда паступіла ў Нясвіжскі каледж імя Якуба Коласа на спецыяльнасць “настаўнік  пачатковых  класаў  і працоўнага навучання”. Пасля заканчэння навучання ў ім дзяўчына прадоўжыла вучобу ў Дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на факультэце сацыяльнай педагогікі. Працавала ў раённым цэнтры культуры кіраўніком гуртка, а потым — рэжысёрам. Каб больш авалодаць прафесіяй, паступіла  ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў. У Нясвіжы выйшла замуж, мае пяцігадовага сыночка Дзімку і мужа Алега. Пяць з паловай гадоў назад Людміле Іванаўне прапанавалі ўзначаліць раённую бібліятэку. Я пацікавілася: як яна адчувае сябе на гэтым поле дзейнасці?

18

— Ведаеце, я ўдзячна за прапанову працаваць у бібліятэцы. Мне цікава. Да таго ж, калектыў падабраўся добры. Стараюся выконваць усё належным чынам, бо мой бацька заўсёды вучыў нас: ”Любую работу трэба цаніць і ставіцца да яе з вялікай адказнасцю”. Я памятаю гэты наказ. А праца ў бібліятэцы сёння — гэта не толькі выдача літаратуры, але і асветніцка-культурная работа, бо бібліятэка зараз з’яўляецца інфармацыйным цэнтрам рознай тэматыкі і накіраванасці. Улічваючы сучасныя тэхналогіі, мы павінны выклікаць цікавасць да друкаванага слова, прыцягваць і нечым здзіўляць наведвальнікаў. Таму пазіцыяніруем бібліятэку ў грамадстве новымі акцыямі. Гэта, напрыклад, “Фры-маркет”, або абмен кнігамі паміж чытачамі па інтарэсах, бібліяночы, на якія запрашаем не толькі нашых чытачоў, але і візажыстаў, касметолагаў, частуем прысутных смачным пячэннем, дэманструем экспанаты калекцыянераў, міні-кніжкі і шмат іншага. Маюць сваіх прыхільнікаў і тэматычныя аб’яднанні: літаратурна-музычнае “Валошкі”, духоўныя “Існасць” і “Ноеў каўчэг”. Наладжваем пасяджэнні для пажылых і юных людзей з мэтай карыснага правядзення вольнага часу, на якія запрашаем урачоў, юрыстаў, паэтаў і празаікаў, вядомых людзей. Праводзяцца прэзентацыі зборнікаў, людзі розных узростаў даведваюцца пра іх аўтараў многа новага і цікавага. Дэманструюцца відэафільмы аб прыро-дзе роднага краю і  цікавых мясцінах суседніх краін,  пра  выдатных майстроў-землякоў.

— Сёння ўсё большую інфармацыйную прастору заваёўвае інтэрнэт, многія чытаюць электронныя кнігі. Як Вы лічыце, ці будзе змяншацца цікавасць да папяровых носьбітаў?

— Я думаю, што кніга, да якой мы прывыклі з дзяцінства, усё-такі будзе жыць, бо пакаленне ХХ стагоддзя вырасла з ёй. А моладзь ХХI разважае па-другому, і гэта лагічна.  Да сучасных тэхналогій мы ставімся спакойна, проста трэба не канкурыраваць з імі, а дзейнічаць у тандэме. Два гады назад мы праводзілі па школах конкурс любімых  кніг чытачоў на сайце райбібліятэкі і гэта выклікала цікавасць. Наша задача — прапагандаваць кнігу праз інтэрнэт, шукаць новыя сродкі работы, развіваць сацыяльныя сеткі ў патрэбным нам кірунку. І граматны, начытаны чалавек заўсёды будзе ў ліку перадавых, бо духоўна-кніжнае багацце яшчэ нікому не шкодзіла, хутчэй наадварот. У нас, напрыклад, ёсць факсімільнае выданне некалькіх тамоў Францыска Скарыны, падораных  Нацыянальнай  бібліятэкай Беларусі, а гэта, як вядома, каштоўны скарб для кожнай установы культуры. Усяго плануецца мець іх 25 тамоў. А яшчэ маем “Жыціе Ефрасінні Полацкай”, шмат цікавага краязнаўчага матэрыялу. З гэтымі  кніжнымі шэдэўрамі можна па-знаёміцца ці папрацаваць у чытальнай зале.

— Ці ёсць праблемы з папулярызацыяй кнігі ўвогуле?

— Тут значэнне маюць розныя фактары. Напрыклад, чытачы дарослага абанементу не мяняюць сваіх звычак і любяць кнігу, аб чым сведчаць іх запоўненыя фармуляры. Ёсць аматары друкаванага слова і сярод юных, праўда, менш, бо многія захапляюцца ўсё тым жа інтэрнэтам і электроннымі кнігамі. Але навучэнцы каледжа бяруць праграмную літаратуру па-ранейшаму, і гэта радуе. Хачу адзначыць, што бацькі павінны чытаць  малодшым  дзецям добрыя кнігі, каб яны развіваліся, пашыралі свой лексікон. Не думаю, што гэта ўсё дасць ім  камп’ютар, захапленне якім бывае  іншы раз залішнім і адвучае думаць. Сёлета, у год моладзі, у нас запланаваны  маладзёжны форум “нясвіж, чытай!”, у ходзе якога пройдуць “круглы стол”, прэзентацыя творчасці маладых пісьменнікаў  і паэтаў Нясвіжчыны, ток-шоу “Мы выбі-раем”, будуць разгорнуты кніжныя выставы, у тым ліку кніг-лаўрэатаў літаратурных прэмій, выстава-кірмаш выдавецтваў і іншае.

Да 70-годдзя Перамогі распрацавалі праект “Непакораная Беларусь”, дзе запланаваны паездкі па месцах баявой славы, конкурс вершаў і іншыя добрыя справы.

— Як вядома, час дыктуе перамены. Як будзе бібліятэка ісці ў нагу з ім, і што б Вы пажадалі чытачам?

— Пастараемся не адставаць, у нас ёсць каталогі кніг як тэкставыя, так і электронныя. Будзем шукаць магчымасці для пашырэння сучасных тэхналогій. Як дырэктар, я мару мець залу, дзе наведвальнікі змаглі б пачытаць літаратуру ў электронным  варыянце, магчыма, гэта не за гарамі.

А пакуль запрашаем усіх да нашых кніг: дзіцячых і дарослых, лірычных і дакументальных, любоўных і дэтэктыўных — выбар за вамі. Я, напрыклад, на рабоце працую ў асноўным з камп’ютарам, а дома чытаю раман Джэка Лондана “Марцін Ідэн”, гэта цікавая кніга.

Напрыканцы хачу сказаць, што ўдзячна сваім папярэднікам, тым, хто пастараўся, каб сённяшні будынак бібліятэкі выглядаў так сучасна і прыгожа. У першую чаргу — Людміле Сцяпанаўне Дашко, якая была сапраўдным творцам сваёй прафесіі і прыклала шмат намаганняў, каб наш літаратурна-асветніцкі цэнтр быў вядомым сярод людзей. Будзем дастойна несці перададзеную нам эстафету святла кнігі, бо напісанае застаецца назаўсёды.

Гутарку вяла Раіса ХВІР,

г.Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.