Даніна памяці

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

70 лет

Пра суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны нагадваюць не толькі ўспаміны яе ветэранаў, дакументальныя і мастацкія кінафільмы,  але і шматлікія помнікі. Каб пакланіцца апошнім і яшчэ раз ушанаваць памяць тых, хто набліжаў Перамогу, загінуў ад рук фашыстаў у канцлагерах і быў расстраляны, група прыхільнікаў клуба  “Альбом майго жыцця”  пры раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага  абслугоўвання насельніцтва наведала некаторыя памятныя мясціны Нясвіжчыны. Ініцыятарамі паездкі сталі супрацоўніца Цэнтра А.В.Варабей і старшыня раённага таварыства інвалідаў Г.А. Галабурда.

Пачалося падарожжа з гарадзейскай дарогі, дзе за дваццаць метраў ад трасы, што вядзе на Брэст-Маскоўскую шашу, знаходзіцца мемарыял, створаны вядомым беларускім архітэктарам Леанідам Левіным. Тут закладзены камень з надпісам:  “На гэтым месцы 17 ліпеня 1942 года фашыстамі былі знішчаны 1137 мірных жыхароў г.п. Гарадзея, ахвяраў Халакосту”. Ад  гэтага своеасаблівага помніка ўверх  выкладзены  па колькасці  загінуўшых  розных памераў камяні, а завяршае сумную кампазіцыю сімвалічны фундамент будынка, дзе былі спалены людзі, і дзве аконныя рамы. Несвіжане пакланіліся гэтаму месцу і зрабілі здымак на памяць.

Наступным прыпынкам быў помнік воінам і партызанам на брацкай магіле ў Гарадзеі, дзе выбіты імёны салдат, афіцэраў і партызан, якія  загінулі  ў барацьбе з фашыстамі. Там жа напісаны прозвішчы мірных жыхароў і ўказана, што тут пахаваны 102 невядомыя вайскоўцы.  Завяршае манумент  выява салдата  з аўтаматам і  надпісам  “Слава героям”.

У канцы вуліцы Шымко ў Нясвіжы ўзведзены памятны знак у выглядзе зоркі, і там зроблены надпіс, які знаёмы,  бадай,  усім жыхарам райцэнтра. І ўсё ж, думаю, варта нагадаць лішні раз пра тых, каму мы абавязаны сённяшнім мірным жыццём.

На мануменце высечаны невялікі тэкст: “3 ліпеня 1944 года артылерысты лейтэнанта Лешчанкі М.П. 1381 супрацьтанкавага палка 1 Беларускага фронту знішчылі 5 нямецкіх танкаў”. Далей за манументам размешчана артылерыйская гармата, як напамін пра няроўны бой з ворагам  савецкіх салдат. Мужныя  воіны на чале з каман-дзірам разліку вымусілі павярнуць назад ад Нясвіжа астатнія тры нямецкія  танкі (усіх было восем). За гэты подзвіг  М.П. Лешчанку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, баявыя ўзнагароды атрымалі і астатнія ўдзельнікі бою. Дарэчы, наш вызваліцель стаў пазней ганаровым грамадзянінам г. Нясвіжа і прыязджаў на адно з юбілейных свят у гонар Перамогі.

Помнік на брацкай магіле партызан, салдат і афіцэраў, якія загінулі пры вызваленні Нясвіжа ад фашыстаў у памятным 1944-м, узвышаецца ў гарадскім парку ля замка Радзівілаў. Там гарыць Вечны агонь, як  незгасальная памяць пра тых, хто прынёс мір і  набліжаў Перамогу.

Ля манумента салдату з аўтаматам  завяршылася падарожжа ўдзельнікаў гэтай шчымліва кранальнай паездкі. Сумныя, задумлівыя твары, гонар за тых, хто ваяваў за свабоду, і, разам з тым, успаміны аб сваім, бо кожную нашу сям’ю  закранула вайна. Помніць аб мінулым, мацаваць мір стваральнай працай і шанаваць Радзіму — наш святы абавязак сёння.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.