Доўгажыхар — пачэснае званне

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

DL4A1592

У Нясвіжскім раёне пражываюць 8 чалавек, якія  пераступілі 100-гадовы рубеж. Сярод іх — 1 мужчына і 7 жанчын.

У сераду прымала віншаванні са 100-гадовым юбілеем жыхарка Нясвіжа Сцефаніда Сцяпанаўна Францкевіч. Яна нарадзілася 22 красавіка 1915 года ў вёсцы Ляскі, што на Уздзеншчыне. Жыццё не песціла яе — у 10 гадоў засталася сіратою, жыла з дзвюма сёстрамі. З дзяцінства зведала цяжкую сялянскую працу ў полі і не змяняла ёй да самых сталых гадоў — працавала паляводам у калгасе, а пасля — брыгадзірам паляводчай брыгады, яшчэ ў 80 гадоў брала дзялкі з буракамі, апрацоўвала іх ад праполкі да ўборкі, і зараз з гонарам носіць медаль “Ветэран працы”.

Да вайны Сцефаніда Сцяпанаўна першы раз выйшла замуж, але сямейнае шчасце было нядоўгім — муж прапаў без вестак падчас Вялікай Айчыннай. Пасля вайны звязала свой лёс з удаўцом з чатырма дзецьмі, нарадзіла яшчэ дваіх сваіх — сына і дачку, у сям’і якой і жыве цяпер.

Шчырая працаўніца, Сцефаніда Сцяпанаўна і ўсіх сваіх дзяцей выхавала такімі ж сумленнымі, працавітымі людзьмі, як сама. Яны падарылі ёй 12 унукаў і 11 праўнукаў — вялікі працяг добрага роду, якім шаноўная юбілярка  па праве можа ганарыцца.

З нагоды стогадовага юбілею С.С. Францкевіч павіншавалі намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Толсцік і дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Корсак. Сцефаніда Сцяпанаўна атрымала прыгожы букет кветак і грашовую дапамогу ад райвыканкама, а спецыяліст аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Нясвіжскага РАУС Л.М. Цвірка ўручыла ёй новы пашпарт.

На фота:  Сцефаніда Сцяпанаўна Францкевіч разам з зяцем Пятром Іванавічам і дачкой Тамарай Мікалаеўнай Лабанок, якія штодзень атуляюць сваю дарагую цешчу і матулю клопатам і любоўю.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.