Дружна, усёй сям’ёй

Поделитесь с друзьями
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вольга і Анатоль Юшкевіч з сынам Радзівонам

Вольга і Анатоль Юшкевіч з сынам Радзівонам

У раённым аглядзе-конкурсе  па добраўпарадкаванні населеных  пунктаў Нясвіжчыны ў 2014 годзе сядзіба Анатолія  Анатольевіча Юшкевіча з вёскі Грускова заняла трэцяе  месца па Сноўскім сельскім  выканаўчым камітэце.

Гэты дом на вуліцы Цэнтральнай у Грускове сям’я Юшкевіч купіла 6 гадоў таму.  Пераехала ў Сноўскі  сельсавет з Баранавічаў, а родам Анатоль Анатольевіч з нашых Казлоў. Па спецыяльнасці ён — тэхнік-механік, працуе грузчыкам на перапрацоўчай вытворчасці СВК “Агракамбінат Сноў”. Жонка Вольга Валер’еўна — машыніст распаковачна-упаковачнай машыны на Сноўскім крухмальным заводзе.

— Дому гэтаму 70 гадоў, — расказвае гаспадар. — Сядзіба была не дагледжаная:  павалены плот, стары сад. Давялося нам тут  добра папрацаваць. Замянілі агароджу. Усе старыя дрэвы ўбралі, пакінулі пару яблынь і грушу. Пасадзілі малады сад. Акрамя яблынь і груш, ёсць у нас слівы, чарэшні. Купляем сарты новыя, непрывычныя, каб паглядзець, паспрабаваць, што яны сабой уяўляюць. Сад даглядаем з задавальненнем: белім, абразаем, апырскваем ад хвароб і шкоднікаў. Маем таксама шмат карысных кустарнікаў: ажыну, буякі, бружмель — дарэчы, гэта ягада спее самай першай. Нядаўна пасадзілі вінаград.

Закінутую сядзібу працавітыя рукі гэтых лю-дзей ператварылі ў цудоўны, яркі куточак. Дом абшылі сайдзінгам, прыбудавалі кухню, веранду, унутры ўсё зрабілі, як трэба, каб было і ўтульна, і камфортна, і прыгожа. Усё — самі, удваіх.

— Вам дагэтуль даводзілася займацца такімі будаўнічымі, рамонтнымі работамі? Быў нейкі вопыт? — пацікавілася я.

— Не, нічога не ўмелі, — адказаў Анатоль Анатольевіч. — Усё спрабавалі ўпершыню. Атрымалася.

Стварыўшы ўмовы для жыцця, ушчыльную заняліся добраўпарадкаваннем сядзібы. Тут ёсць і сажалка, і мосцік, і шмат розных “жывых” істот з фанеры — дзед з бабкай, карова, Баба Ёжка, лебедзь… Фігуркі малюе і выразае Вольга Валер’еўна. Любіць гэтым займацца і іх сын Радзівон, пяцікласнік Сноўскай сярэдняй школы. Хлопчык расказаў мне, што навучыўся гэтаму ў школе, ды й дома, гледзячы на бацькоў, дапамагаючы ім, можна набрацца ведаў.

Сядзіба  сям’і Юшкевіч у вёсцы Грускова

Сядзіба сям’і Юшкевіч у вёсцы Грускова

Іх прысядзібны ўчастак займае 20 сотак. Шмат увагі гаспадары надаюць агароду. Такія цеплалюбівыя культуры, як памідоры і перцы, вырошчваюць у адкрытым грунце. Анатолю Анатольевічу па душы  праца на зямлі:        араць, капаць, штосьці садзіць. У памочніках мужчыны — мотаблок.

— Так раблю, што зямля ў мяне — як пушок, — задаволена расказвае мой суразмоўца.

Захапленне Вольгі Валер’еўны — кветкі. На клумбах растуць шматлікія ружы, петуніі, астры, сурфінія. Жанчына цікавіцца навінкамі, і сёлета вырасціла расаду кляомы, астры нізкарослай або пінокіо, лабеліі, агератума. Спланавалі, што  цяпер па-іншаму разаб’юць клумбу, яна стане большай, бо ранейшая была невялікай. Нядаўна Юшкевічы пабудавалі лазню, каля яе высадзілі ў рад туі.

Да іх часта прыязджаюць сваякі. Тут ёсць дзе адпачыць. І ў лазні, папарыўшыся, можна пасядзець за сталом. І на вуліцы, у цёплую пару года, — у альтанцы.

— Я ўсё жыццё ў кватэры пражыла, а тут — свой дом, таму з вялікім задавальненнем, з радасцю працуем на ўчастку, —  кажа Вольга Валер’еўна. — Усе разам, дружна, дапамагаем адзін аднаму.

І што вельмі важна: як выразна тут праяўляюцца аспекты сямейнага выхавання. Сын дапамагае тату ў яго  мужчынскіх справах, калі трэба  штосьці падтрымаць, цвік забіць. Дапамагае маме: поле градкі і кветнік, палівае расліны, пустазелле на калясцы вывозіць.

— Каля дому  ў нас прыгожа, мне падабаецца, — гаворыць Радзівон.

А летам, на канікулах, ён жыве ў бабулі, у вёсцы Казлы, дапамагае ёй, бо бабуля трымае жыўнасць. У іх жа ў Грускове — толькі сабака. Вялікі, а мянушку мае  Малыш. Ён — больш сябар, чым вартаўнік.

Летам 2013 года ў Грускове праходзіла свята вёскі. У конкурсе на лепшую сядзібу Юшкевічы занялі першае месца. Ім уручылі вялікі чайны сервіз. Прызы для вяскоўцаў на свята набываў СВК “Агракамбінат Сноў”.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Галіны КАРПЕЙ.

 

 


Поделитесь с друзьями
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.