Фарбы велікоднай радасці

Поделитесь с друзьями
  • 5
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Фото 1

Фото 1

Велікодная радасць  кранула сэрца кожнага, хто наведаў  раённую выставу  “Яечак сёлета багата —  мы шчыра сустракаем свята”, якая адкрылася  8 красавіка ў раённым цэнтры культуры.

Сёлета выстава работ гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва ўстаноў культуры, адукацыі і асобных  майстроў раёна праводзілася ўжо ў восьмы раз. На ёй былі прадстаўлены самыя разнастайныя мастацкія вырабы — ад пано да работ з  бісеру. Вышываныя іконы, інкруставаныя саломкай велікодныя яйкі, тэкстыльныя лялькі, мяккія цацкі, вырабленыя з бісеру дрэвы і іншыя яркія, незвычайныя рэчы стварылі непаўторную святочную атмасферу. На адкрыцці выставы прысутнічалі дэкан Нясвіжскага дэканата, пробашч Рымска-Каталіцкай парафіі  Божага Цела ў г. Нясвіжы ксёндз Пётр Шарко (на фота 3 справа), клірыкі Свята-Георгіеўскага храма г. Нясвіжа іерэй Андрэй Еўшаль (на фота 3  злева) і дыякан Павел Кокін. Кожны па-свойму,  яны знайшлі самыя  цёплыя словы, каб павіншаваць прысутных са святам Вялікадня і  адзначыць веліч гэтага дня для кожнага хрысція-ніна.

Фото 2

Фото 2

— Мы вельмі рады, што ў гэтым годзе з намі супрацоўнічаюць і ўстановы адукацыі раёна, — адзначыла загадчык Нясвіжскага раённага цэнтра народнай творчасці Наталля Богуш (фота 4), — на выставе прадстаўлены шматлікія работы школьнікаў у розных тэхніках. Гэта выдатная магчымасць далучыць нашых дзяцей і падлеткаў да хрысціянскай культуры, да традыцый народнай творчасці.

Упершыню на велікоднай выставе свае работы выстаўлялі несвіжанкі Ірына Камёнка (фота 2)  і Таццяна Пакроўская. Маці з дачкою вышываюць іконы і карціны ніткамі і бісерам, займаюцца бісерапляценнем у вольны час, але іх рэчы ўжо вызначае высокі прафесіяналізм.

З арыгінальнымі вырабамі з фаамірана (пластычнай замшы) і палімернай гліны дэбютавала на выставе таксама і майстар Наталля Рыбалка (на фота 1 у цэнтры). Кветкі, упрыгажэнні, абручы і разнастайныя дэкарыраваныя элементы выклікалі непадробнае захапленне ў прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва.

Уразілі гледачоў прыгажосцю і вышытыя іконы Надзеі Ліпніцкай. Прайсці міма і не звярнуць увагі на сапраўдныя творы мастацтва майстра са Снова было проста немагчыма. Адну ікону сярэдняга памеру На-дзея Іванаўна вышывае больш чым месяц. Работа паспявае ўвабраць у сябе цяпло душы і рук творцы, што і надае ёй адметны почырк.

Свае работы на выставу прадставілі  і ўмельцы ўстаноў культуры раёна і вядомыя майстры. Сярод іх — Ларыса Гетнер, Вольга Сцепановіч, Наталля Леўшына і іншыя. У іх рукатворных цудах прысутнічала адчуванне цяпла, свята, велікоднай весялосці.

Фото 3

Фото 3

І, канешне ж, свята Вялікадня здаўна не абыходзіцца без фарбаванага яйка. Паводле вераванняў, першае велікоднае яйка святая роўна-апостальная Марыя Магдаліна паднесла рымскаму імператару Тыберыю. Калі Марыя прыйшла да Тыберыя і аб’явіла пра Уваскрэсенне Хрыста, імператар адказаў, што гэта гэтак жа немагчыма, як і тое, што курынае яйка стане чырвоным. Пасля гэтых слоў курынае яйка, якое ён трымаў, пачырванела.

Паводле падання, усталяваўся звычай у знак веры хрысціян ва Уваскрэсенне і вечнае жыццё дарыць адзін аднаму на Вялікдзень фарбаваныя яйкі. А нясвіжскія майстры падышлі да справы з фанта-зіяй, аздобіўшы яйкі бісерам, саломкай, роспісам, тканінай. Дарэчы, 4 красавіка кіраўнік клуба майстроў “Дыяменты Нясвіжскага краю” Алена Івахніна прымала ўдзел у 2-м абласным свяце-конкурсе “Велікодная пісанка” і стала лаўрэатам у намінацыі “Інкрустацыя-аплікацыя саломкай”.

Фото 4

Фото 4

Творца свету ўклаў у кожнага з   удзельнікаў выставы іскрынку Свайго таленту, інакш бы не атрымалася такая прыгажосць, створаная іх рукамі, якая сагравае, захапляе, радуе душу і не пакідае нікога абыякавым.

Выстава “Яечак сёлета багата — мы шчыра сустракаем свята” будзе працаваць да канца гэтага тыдня.

Аксана ГРОХ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 


Поделитесь с друзьями
  • 5
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.