Набліжаючы Дзень Перамогі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_3451

(Працяг. Пачатак у № 30)

У пазыку дзяржаве

Вялікая падтрымка арміі з боку народа ішла праз Дзяржаўныя Ваенныя пазыкі. Першая была выпушчана ў 1942-м годзе. Для далейшага прыцягнення сродкаў насельніцтва на фінансаванне мерапрыемстваў, звязаных з вайной і аднаўленнем народнай гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкіх акупантаў, урад СССР 4 мая 1945 года  выпусціў Чацвёртую Дзяржаўную Ваенную пазыку. Жыхары Нясвіжскага раёна актыўна пачалі падпісвацца на яе. На мітынгу ў прамкамбінаце, які адбыўся з гэтай нагоды, інвалід Вялікай Айчыннай вайны, дырэктар млына тав. Бабкоў сказаў: “Фашысцкія бандыты зруйнавалі нашу народную гаспадарку. Наша Чырвоная Армія дабівае зараз ворага ў яго ўласнай бярлозе. І мы, працоўныя тылу, павінны дапамагчы дзяржаве — пазычыць грошы, якія ёй асабліва патрэбны зараз, напярэдадні поўнай перамогі. Я падпісваюся на гадавую сваю зарплату і ўношу 200 рублёў наяўнымі”. (“Чырвоны сцяг” за 4 мая 1945 г.).

На 1000 рублёў падпісаліся інвалід Вялікай Айчыннай вайны, рабочы млына Ісак Валажынскі, а таксама рабочыя Піткевіч, Крашэўскі, Лукашэвіч. За адну гадзіну падпіска па  прамкамбінаце склала 63650 рублёў, наяўнымі было ўнесена 800 рублёў.

Актыўна ішла пад-піска на Чацвёртую Дзяржаўную Ваенную пазыку і сярод сялян. Так, жыхар вёскі Наруцавічы Іван Сінькевіч, адзін сын якога быў забіты немцамі, а другі ваяваў у Чырвонай Арміі, унёс 1000 руб. Сялянка вёскі Жанкавічы Аляксандра Бубен, муж якой змагаўся з фашыстамі, вызваляючы ад іх народы Еўропы, падпісалася  на 500 руб. За 30 хвілін  падпіска па Казлоўскім сельсавеце склала 25000 руб., з якіх 15000 было ўнесена наяўнымі.

9600 рублёў далі ў пазыку дзяржаве калгаснікі калгаса  імя Молатава. У тым ліку больш за 4 тысячы было ўнесена  наяўнымі грашыма. На 300 рублёў падпісаліся калгасніцы Наталля Петраш і Ніна Бубен, муж якой ваяваў на фронце, а на ўтрыманні жанчыны  знаходзіліся трое дзяцей.

16 мая газета паведамляла: “Па раёне ахоплена падпіскай  8138 двароў на суму 1243 тысячы рублёў, што складае  142 % арыенціровачнай сумы. Рабочыя і служачыя падпісаліся на 800 тысяч рублёў, што значна  перавышае месячны фонд заработнай платы.

…Уперадзе ідуць такія сельсаветы, як Казлоўскі, Гарадзейскі і іншыя. Так, напрыклад, у Казлоўскім сельсавеце сяляне падпісаліся на 110 тысяч рублёў, што складае 169 працэнтаў арыенціровачнай сумы. Наяўнымі грашыма ўнесена 50 працэнтаў. У гэтым сельсавеце ўпаўнаважаным РК КП(б)Б быў тав. Чурак.

У Гарадзейскім сельсавеце праведзена падпіска на 93500 рублёў. Упаўнаважаным РК КП(б)Б там працаваў тав. Варывончык. Наяўнымі грашыма ўнесена 40 працэнтаў сумы…”

Толькі за першы дзень падпіска па Нясвіжскім раёне была праведзена на суму 1218 тысяч рублёў, з якіх унесена наяўнымі 157 тысяч.

На сродкі новай пазыкі Чырвоная Армія атрымала яшчэ больш узбраення і ўсяго  неабходнага для канчатковага  разгрому гітлераўскай дзяржавы і яе арміі. Грошы таксама накіроўваліся на хутчэйшае аднаўленне прамысловасці і сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы нашай краіны.

Каб хутчэй прыблізіць перамогу, людзі, знясіленыя, стомленыя вайной, страціўшыя родных і блізкіх, гатовыя былі аддаць усё, падзяліцца апошнім.

“Чырвоны сцяг”  чытала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

(Працяг будзе).


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.