Набліжаючы Дзень Перамогі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

сцяг

(Працяг. Пачатак у №№ 30,31.)

У тыле: адзіны працоўны парыў

Асноўная задача, якая стаяла  перад працаўнікамі раёна ў зімовы перыяд 1944-1945 гадоў — актыўна весці нарыхтоўку і вывазку лесу. Дровы былі патрэбны на паліва чыгункам, якія падвозілі ўзбраенне, боепрыпасы і прадукты на фронт. Лесаматэрыял быў патрэбен для аднаўлення разбуранай акупантамі  народнай гаспадаркі: шахтаў, фабрык, заводаў, для адбудоўвання гарадоў і вёсак. І зіма з’яўлялася  рашаючым перыядам у выкананні дзяржаўнага плана лесанарыхтовак.

Жыхары многіх сельсаветаў нашага раёна з разуменнем аднесліся да  вырашэння гэтай адказнай дзяржаўнай задачы. Так, Сейлавіцкі сельсавет (старшыня тав. Кіеня) перавыканаў план вывазкі лесаматэрыялаў 4 квартала 1944 года, і яго вяскоўцы, атрымаўшы заданне на 1 квартал 1945 года, дружна выехалі ў лес. Актыўна працавалі таксама жыхары Квачоўскага сельсавета.

У адказ на паведамленні аб пераможным шэсці на захад Чырвонай Арміі, якая вяла жорсткія баі за вызваленне ад фашыстаў Усходняй Прусіі, Польшчы, Чэха-славакіі, у студзені 1945 года жыхары Лявонавіцкага сельсавета ўзялі абавязацельства квартальны план лесанарыхтовак выканаць да 10 лютага. На мітынгу ў вёсцы Смалічы селянін Дзямідаў сказаў: “Перад намі дзяржава паставіла  задачу — выканаць у тэрмін  лесанарыхтоўкі. І мы гэту задачу павінны выканаць так, як выконваюць свае баявыя задачы воіны Чырвонай Арміі на фронце. Чым лепш мы будзем працаваць у  тыле, тым хутчэй будзе  перамога…” (“Чырвоны сцяг” за 25 студзеня 1945 г.).  Маладая дзяўчына Вольга Сланімская з вёскі Габруны  нарыхтавала 10 кубічных метраў лесу. Іван Казак з вёскі Лазавічы вывез 4 кубічныя метры. Арганізавана выйшлі на працу таксама жыхары вёсак Ляхі і Цякалаўшчына. Узятае абавязацельства сяляне  Лявонавіцкага сельсавета выканалі з гонарам. Старанна папрацавалі М. Ждановіч, В. Шынгель, П. Фалітар. Сельскаму Савету быў даведзены дадатковы план: нарыхтаваць яшчэ 700 кубаметраў лесу. Вяскоўцы далі слова выканаць яго да 10 сакавіка.

Як расказаў у “раёнцы” старшыня Лявонавіцкага сельсавета тав. Вараненка, іх сяляне аказалі  фронту вялікую дапамогу. Яны “здалі ў фонд Чырвонай Арміі 1406  пудоў збожжа, 1497 пудоў бульбы. Здалі грашовых падаткаў 182 тысячы рублёў, сабралі ў фонд абароны Радзімы 18 тысяч рублёў…” (“Чырвоны сцяг” за 25 студзеня 1945 г.).

У Быхаўскім сельсавеце ў лесе  штодзённа працавала 55 фурманак, якія вывезлі 130 кубаметраў драўніны, і 75 лесарубаў. 68-гадовы Іван Грудзіна вывез 13 кубаметраў, а вясковец Голаў — 12 кубаметраў лесу.

У Юшавіцкім сельсавеце на вывазцы лесу было занята 94 фурманкі, а нарыхтоўвалі яго 55 чалавек. Жыхары вёскі Затур’я выехалі ў лес асабліва арганізавана, вывезлі яго 150 кубічных метраў. Адам Быль з вёскі Ракавічы — 16 кубічных метраў. У Качановіцкім сельсавеце  працавала 54 фурманкі і 61 лесаруб. Ладзіліся справы ў жыхароў вёсак Пляшэвічы і Грыбаўшчына. З Казлоўскага сельсавета штодзень занараджвалася  47 фурманак і 23 лесарубы. Яны вывезлі  167 кубаметраў лесу. Іосіф  Пахвалёны з Долкіндаў вывез 22 кубаметры. Вось што заявіў жыхар в. Жанкавічы Іосіф Карачун: “Мне 67 год. Два сыны  мае дабіваюць праклятага ворага, а я ў тыле дапамагаю ім сваёй працай. Я вывез 17 кубічных метраў драўніны і заўтра зноў еду ў лес”… (“Чырвоны сцяг” за 8 лютага 1945 г.).

Усе сілы мабілізавалі на выкананне сваіх абавязацельстваў жыхары вёсак  Навасёлкаўскага (старшыня тав. Кісель) і Лысіцкага (старшыня тав. Сень) сельсаветаў. Першыя нарыхтавалі 540 і вывезлі 343 кубаметры, другія — адпаведна 548 і 242 кубаметры лесу.

У сваёй лютай нянавісці акупанты стараліся ператварыць Беларусь у руіны. Яны знішчалі мірнае насельніцтва, спальвалі гарады і вёскі. Для хутчэйшага іх аднаўлення, забеспячэння жыллём сялян, рабочых, служачых накіроў-валіся будаўнічыя матэрыялы.

На студзеньскім 1945 года пасяджэнні Нясвіжскага РК КП(б)Б быў заслуханы даклад  старшыні Гарадзейскага пасялковага Савета тав. Грынкевіча аб ходзе будаўніцтва індывідуальных дамоў у гарадскім пасёлку. У Гарадзеі фашысты спалілі і зруйнавалі 250 дамоў, іх аднаўленню неабходна было ўдзяліць асаблівую ўвагу. Райкам партыі абавязаў партыйныя і савецкія арганізацыі аказваць  сялянам усямерную дапамогу ў вывазцы лесу, дапамагаць іншым будаўнічым матэрыялам. І ў першую чаргу — сем’ям ваеннаслужачых, інвалідам Вялікай Айчыннай вайны і партызанам.

Перамогі Чырвонай Арміі на фронце ўздымалі патрыятычны  дух насельніцтва ў тыле. Каб хутчэй наблізіць перамогу, сяляне бралі абавязацельства датэрмінова здаць дзяржаве малако і мяса, на належным узроўні правесці вясновую пасяўную кампанію. Кожны на сваім  рабочым месцы працаваў, не пакладаючы рук.

У перадавым артыкуле газеты за 1 Мая расказвалася, што “ў лік абавязковых паставак дзяржаве на 1945 год авансам  сяляне здалі 27 тон мяса, 122 тоны малака, іншыя прадукты… Рабочыя спіртзавода “Альба” выканалі месячны вытворчы план на 200 працэнтаў, лесазавода — на 130 працэнтаў”. А ў сваёй заметцы дырэктар  лесазавода тав. Ліўшыц паведаміў, што брыгадзір Высоцкая выконвае норму  выпрацоўкі на 200 працэнтаў, а рабочыя Шумейка і Высоцкі — адпаведна на 250 і 150 працэнтаў.

Высокі працоўны ўздым на вызваленай ад ворага тэрыторыі быў характэрны не толькі для дарослага насельніцтва. Падлеткі таксама ўносілі свой уклад у агульную справу. Вось што паведаміў у рэдакцыю “раёнкі” Барыс Фянько з вёскі Круты Бераг: “Мне 14 год. У баранавіцкіх машынна-рамонтных майстэрнях мяне называюць майстар-токар. Я старанна вучуся, каб сапраўды стаць высокакваліфікаваным майстрам-токарам… Я ўжо раней навучыўся рамантаваць замкі, паяць вёдры і каструлі… Цяпер на сваім станку ўжо выконваю складаныя дэталі для трактараў і аўтамабіляў…” (“Чырвоны сцяг” за 18 студзеня 1945 г.).

“Чырвоны сцяг”  чытала

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

(Працяг будзе).


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.