Набліжаючы Дзень Перамогі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_3429

На танкавую калону  і эскадрыллю баявых самалётаў

Летась 3 ліпеня мы ўрачыста адзначалі вялікую дату ў гісторыі   беларускага народа — 70-годдзе вызвалення роднай Беларусі ад  фашысцкага іга. Баявыя дзеянні паступова адыходзілі

на захад,  а на ачышчанай ад ворага тэрыторыі пачалося аднаўленне народнай  гаспадаркі. У Нясвіжскім раёне ў 1944 годзе былі  адноўлены і запрацавалі спіртзавод, які выканаў гадавы план на 188 %, крухмальна-мельнічны камбінат, цагляны і лесапільны заводы, 15 млыноў, электрастанцыя, МТС, 3 калгасы, працавалі 65 школ,  у якіх навучаліся 9000 дзяцей, 4 бальніцы, радзільны дом.

Жыхары Нясвіжчыны ўсе сілы аддавалі для перамогі Чырвонай Арміі ў вялікай Айчыннай вайне, пастаўляючы ёй прадукты харчавання. І працай, і грашовымі сродкамі адказвалі яны  на заклік “Усё для фронту, усё для перамогі”. Так, у фонд Чырвонай Арміі працоўныя раёна здалі ў 1944 г. 1018 тон збожжа, 284 тоны бульбы, 120 тысяч рублёў.

І ў 1945 годзе ўсё было падпарадкавана адзінай мэце — хутчэй дабіць ворага. Аб гэтым з вялікай цікавасцю чытаю ў нашай раённай газеце, якая раней называлася  “Чырвоны сцяг”. Вучні збіралі грашовыя сродкі на  пабудову эскадрыллі баявых самалётаў “Баранавіцкі  школьнік”, а таксама падарункі воінам Чырвонай Арміі. Працаўнікі раёна збіралі грошы на пабудову танкавай калоны “Працоўны Баранавіцкай вобласці”. Як паведамлялася ў раённай газеце за 8 лютага  1945 г., сяляне Казлоўскага сельсавета сабралі з гэтай мэтай 2030 рублёў. Далей старшыня  Савета тав. Лебедзеў інфармаваў, што сяляне вёскі Долкінды, дзе дэпутатамі Кацярына Пахвалёная і Марыя Чайка, сабралі 580 рублёў, сяляне вёскі Жанкавічы (дэпутат Пётр Бубен) — 287 рублёў.

Сялянка вёскі Еськавічы Ліпскага сельсавета Марыя Вялічка, уносячы на пабудову танкавай калоны 525 рублёў, сказала: “Я маю ўсяго 3 гектары зямлі. На маім утрыманні 8 душ сям’і. Сын мой адзін у Чырвонай Арміі, другі ў рамесным вучылішчы. Астатнія маленькія, мне ні ў чым яшчэ не дапамагаюць. Цяжка мне было іх пракарміць і адзець пры нямецкай акупацыі. Кожны дзень прыходзілася хвалявацца за іх жыццё, бо нямецкія  зверы забівалі ні ў чым не павінных дзяцей, вывозілі на катаргу ў Германію. Але прыйшоў канец праклятым забойцам. Чырвоная Армія дабівае іх на іх жа ўласнай зямлі. Мне належыць дзяржаўная дапамога за сына-франтавіка. І я яе ўсю ўношу на пабудову танкавай  калоны. Дзяржава дапамагае нам, а мы павінны дапамагчы дзяржаве. Усе пакрыху, а ўвогуле сума сабіраецца вялікая. Тысячы танкаў, набытых на сродкі працоўных, будуць душыць праклятых забойцаў і рабаўнікоў”. (“Чырвоны сцяг” за 19 лютага 1945 г.).

Да 27-й гадавіны Чырвонай Арміі (23 лютага) працаўнікі раёна ўнеслі ў яе фонд 271855 рублёў, у тым ліку на танкавую калону “Працоўны Баранавіцкай вобласці” — 59241 руб., на эскадрыллю самалётаў “Камсамолец Беларусі” — 17060 руб.

IMG_3433

Акрамя таго, камсамольцы і моладзь Нясвіжчыны збіралі грошы на танкавую калону “Беларускі камсамолец”. Аб гэтым сакратар РК ЛКСМБ Мікалай Бірукоў накіраваў у Маскву на імя Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І.В. Сталіна тэлеграму.  У ей гаварылася: “Дарагі Іосіф Вісарыёнавіч! Камсамольцы і моладзь Нясвіжскага раёна, натхнёныя бліскучымі перамогамі гераічнай Чырвонай Арміі, у гонар 27 гадавіны Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, сабралі 116 тысяч рублёў на будаўніцтва танкавай калоны “Беларускі камсамолец”.

У адказ прыйшла тэлеграма з Крамля: “Горад Нясвіж, Баранавіцкая вобласць, сакратару Нясвіжскага райкома камсамола тав. Бірукову.

Прашу перадаць камсамольцам і моладзі Нясвіжскага раёна, якія сабралі 116 тысяч рублёў на будаўніцтва танкавай калоны “Беларускі камсамолец”, маё гарачае прывітанне і падзяку Чырвонай Арміі.

Іосіф Сталін”.

(“Чырвоны сцяг” за 27 лютага 1945 г.).

Тэлеграму кіраўніка дзяржавы сустрэлі ў нас з вялікай радасцю. І адказвалі на яе новымі патрыятычнымі акцыямі, працоўнымі подзвігамі. Так, падчас мітынгу ў дзяржаўным банку яго работнікі ўзялі на сябе  канкрэтныя абавязацельствы па павышэнні прадукцыйнасці працы, па ўмацаванні дысцыпліны. Тут жа, на мітынгу, сабралі 250 рублёў на пабудову танкавай калоны. А на мітынгу ў вёсцы Лань было сабрана  700 рублёў.

“Чырвоны сцяг”  чытала

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

(Працяг будзе).


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.