Натхнялі палымяным словам

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

бел.літ

Ужо даўно заўважана, што паэтычныя творы асабліва плённа  ствараюцца ў часіны глыбокіх выпрабаванняў, узрушэнняў  і пакут народа. У час Другой сусветнай вайны слова літаратара натхняла народ на барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія паэты знаходзіліся ў радах Чырвонай Арміі, удзельнічалі ў партызанскай барацьбе і падпольным друку. І сёння, у ХХІ стагоддзі, дзякуючы айчыннай  ваеннай паэзіі, мы зноў і зноў вяртаемся ў тыя  горкія дні адступлення, адчуваем боль страт, сум воіна і бежанца па роднай зямлі, ганарымся мужнай барацьбой партызан у тыле ворага, баявымі поспехамі салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Адметна, што ў вайну актыўна пачала развівацца масавая партызанская паэзія. Зразумела, што галоўнай у паэзіі стала тэма Радзімы, Бацькаўшчыны, Айчыны, яе лёсу. Значна па-глыбіўся грамадзянскі пафас лірыкі.

Вершы Янкі Купалы (“Беларускім партызанам”, “Зноў будзем шчасце мець і волю”), Якуба Коласа (“Народу-барацьбіту”, “Душою і сэрцам мы з вамі, героі”), вершы Петруся Броўкі, Пятра Глебкі,  Максіма Танка, Аркадзя  Куляшова, Пімена Панчанкі, Анатоля Астрэйкі клікалі народ да барацьбы, умацоў-валі яго веру ў перамогу. Дарэчы,  у 1943 годзе рэдакцыяй падпольнай слуцкай газеты “Народны мсцівец” быў выпушчаны нават цэлы зборнік Анатоля Астрэйкі “Слуцкі пояс”.

Асаблівай папулярнасцю ў народзе карыстаўся верш “Беларускім партызанам” Янкі Купалы, у якім паэт  пасылаў праклён Гітлеру-вампіру, фашысцкім нелюдзям, заклікаў партызан і ўвесь народ да барацьбы з лютым ворагам.

Вершы Пятра Глебкі “Вячэрнія думы”, “Смерць салдата”, “Партызаны” паказвалі радавых вайны, сілу іх духу. Петруся Броўку найперш хвалявалі гераічныя характары, подзвігі рэальных удзельнікаў вайны — Ф. Смалячкова, Ц. Бумажкова. Глыбокі лірызм яго вершаў “Рана”, “Мінск”, “Байцам-беларусам” не можа не крануць і сучаснага чытача. Драматызм і трагізм — гэта самыя характэрныя адзнакі вершаў і балад Аркадзя Куляшова (“Ліст з палону”, “Над брацкай магілай”, “Камсамольскі білет”. У паэзіі  Максіма Танка загучалі гарачыя заклікі, наказы (“Не шкадуйце, хлопцы, пораху!”, “Вастрыце зброю!” Бадай, адно з самых важных месцаў у паэзіі Вялікай Айчыннай заняла балада з вострым,  напружаным сюжэтам (“Балада аб чатырох залож-ніках” Аркадзя Куляшова, “Герой” Пімена Панчанкі, “У завею” Максіма Танка). Трэба дадаць, што ў вайну друкаваліся “аператыўныя”  творы — вершы-заклікі, вершы-звароты,   шматлікія сатырычныя вершы, памфлеты, эпіграмы, пародыі, у якіх з’едліва высмейваліся гітлераўцы і іх паслугачы. Прыкметны ўклад у ваенную паэзію Беларусі зрабілі таксама Мікола Аўрамчык, Алесь Бачыла, Канстанцыя Буйло,  Васіль Вітка, Анатоль Вялюгін, Кастусь Кірэенка, Максім Лужанін, Антон Бялевіч і іншыя аўтары.

Напрыклад, верш Петруся Броўкі “Спатканне” — гэта глыбока праўдзівая  салдацкая біяграфія. За плячыма салдата цяжкія ваенныя дарогі, гора, слёзы родных і блізкіх, смерць сяброў. З баямі ён дайшоў да бацькоўскай зямлі, знаёмых з дзяцінства мясцін, якія з цяжкасцю пазнаў. І пры выглядзе “засмучаных хат”, “здратаваных ніў”, “зганьбаванай” зямлі сціснулася ад болю сэрца салдата, запалала агнём помсты.

А ў вершы “Кожны з нас прыпасае Радзімы куток…” Пімен Панчанка ўзгадвае  цяжкія падзеі самага цяжкага года вайны — 1941-га. З акружэння на ўсход, за лінію фронту, прабіраюцца нашы воіны, адзін з якіх — беларус. І нарэшце, трапіўшы ў аршанскія лясы, баец падпоўз да роднай вёсачкі, расхінуў асцярожна галінкі хмызнячку і знямеў — каміны… каміны… Многа фашысцкіх здзекаў паспеў пабачыць салдат на спапялёнай і здратаванай ворагам Бацькаўшчыне, але такое… Немагчыма было салдату пазнаць родны куток: з усяго жывога застаўся толькі абгарэлы клён, які пасадзіў некалі яго бацька. І салдат упаў на зямлю, якая “прытулілася целам магутным” да яго, нібы просячы абараніць яе ад злых ворагаў-ліхадзеяў. А невялічкі верш  “Герой” Пімена Панчанкі  стаў сапраўдным помнікам простаму салдату, які вынес усе нечалавечыя пакуты вайны, сваім жыццём наблізіўшы Вялікую Перамогу.

Моцны штуршок развіццю вялікай формы паэзіі —  паэмы — у многім і  далі падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Драматычныя,  трагічныя і разам з тым гераічныя ў сваёй сутнасці, яны найлепшым чынам маглі  быць асэнсаваны жанрам паэмы, дзе лёс чалавечы і народны, сучаснае, мінулае і будучыня краіны і народа раскрываюцца ў яскравых, непасрэдных суадносінах. Сярод найбольш значных твораў  таго часу перш за ўсё хачу адзначыць паэмы “Адплата” Якуба Коласа,  “Прыгоды цымбал” і “Сцяг брыгады” Аркадзя Куляшова, “Беларусь” Петруся Броўкі,  “Янук Сяліба” Максіма Танка, “Эдэм” Змітрака Астапенкі, “Маладосць у паходзе” Пімена Панчанкі.  Думкамі аб адказнасці чалавека за лёс свайго народа і ўсяго чалавецтва прасякнуты таксама паэмы “Толькі ўперад” і “Цунамі” Аркадзя Куляшова, “Голас сэрца” Петруся Броўкі,  “Балада”  і “Балада Брэсцкай крэпасці” Рыгора Барадуліна. Ваенная рэчаіснасць давала аўтарам паэм драматычна-тра-гічны  матэрыял для  пастаноўкі шматлікіх праблем, звязаных з адказнасцю чалавека за мір на зямлі, адказнасцю перад сваім часам і будучыняй.

Так, паэма “Сцяг брыгады” здолела глыбока раскрыць народную драму, сілу патрыятычнага пачуцця, самаахвярнасці воіна, дакладна перадаць эмацыянальную атмасферу цяжкіх месяцаў  адступлення. У цэнтры яе сюжэта —  лёс байца Алеся Рыбкі, які ратуе сцяг разбітай брыгады. “Янук Сяліба” — паэма  з вострым сацыяльным канфліктам і гераічнымі характарамі. У “Адплаце” паказаны партызанская вайна на Беларусі, жыццё і побыт лясных салдат; тут аўтар піша пра здрадніка, фашысцкага паслугача. У паэме “Беларусь” створаны велічны вобраз Радзімы. Гэты твор і сёння не можа не хваляваць нас глыбокім роздумам Петруся Броўкі пра беларускі народ і яго гісторыю. А, напрыклад, паэмы Петруся Броўкі “Ясны кут “ і Аркадзя Куляшова “Дом № 24” паказваюць вяртанне ў родныя мясціны воіна і партызана, цяжкі пачатак аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі.

Як бачым, у аснове ваеннай паэзіі як  малых, так  і вялікіх форм — рэальныя ваенныя факты: звесткі аб падзеях на фронце, прыклады гераізму воінаў, эпізоды партызанскай і падпольнай барацьбы. Нельга не заўважыць, што айчынная ваенная паэзія  характарызуецца высокім і напружаным гучаннем, тонкім сплавам палымянай публіцыстычнасці, грамадзянскай страснасці і спавядальнасці. Увесь свой талент і паэтычныя здольнасці аўтары скіроўвалі на тое, каб паказаць жорсткасць і бесчалавечнасць ворага, натхніць воінаў на гераічную барацьбу, уславіць іх мужнасць, адвагу, самаахвярнасць, упэўніць веру людзей у хуткую перамогу над фашызмам.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.