Перад славай і будучыняй

Поделитесь с друзьями
  • 4
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

М.Сяўрук. Аўтапартрэт. Рэпрадукцыя з аўтографам мастака ў календары “Графіка травы  і лісця”, 2003

М.Сяўрук. Аўтапартрэт. Рэпрадукцыя з аўтографам мастака ў календары “Графіка травы і лісця”, 2003

Чарговы юбілей Міхаіла Сеўрука яскрава засведчыў папулярнасць мастака як адметную грамадска-культурную з’яву.  Я была госцяй свята, што наладзіў Нясвіжскі  гісторыка-краязнаўчы музей, і ў гэтым прыемна пераканалася. Упэўненая: прыйдзе час, і свята стане міжнародным, у Нясвіж прыедуць госці з Літвы і Польшчы, Украіны і Германіі, Францыі і Расіі. Так будзе. Але будучыня ўжо сёння выстаўляе высокія крытэрыі нашаму разуменню і нашай адказнасці перад славай мастака. З гэтай нагоды — і мае нататкі ў працяг размовы (гл. “НН” ад 20 сакавіка 2015 г. — “У памяць пра мастака”).

Сяўрук  ці Сеўрук?

Падчас святочнай імпрэзы — і ля помніка на могілках, і ў раённай бібліятэцы, дзе ладзілася адмысловая выстава, і затым у нясвіжскай кватэры-музеі мастака — усюды чую прозвішча Сеўрук.  Разам з тым, можна сустрэць і іншае. Так, Вікіпедыя — электронная народная энцыклапедыя — шмат гадоў падае прозвішча творцы Міхал Сяўрук. Не абмінаю ўвагай і подпісы, што ставіў аўтар на сваіх працах. Аўтографы розныя: Сяўрук і Сеўрук, а то і зусім коратка СМ ці МС. Упершыню падумалася: а якім жа чалавекам пачуваў сябе сам мастак, што нарадзіўся ў Варшаве, жыў некалькі гадоў у памежным Брэсце, пасля ў Маскве,  дзе вучыўся ў гімназіі?.. Польшча, Расія і толькі пасля, але назаўсёды, — родная сноўска-нясвіж-ская Беларусь.

Дык як жа правільна пісаць і прамаўляць? Як трэба? Паспрабуем разабрацца.

Пачнем з таго, што не выклікае ніякіх сумненняў: прозвішча мастака беларускае. Прыгадаем падобныя — Дзмітрук, Федарук, Кудрук. Калі пералічваць тыя, што канчаюцца на -ук, то іх на Нясвіж-чыне вялікае мноства: Базыльчук у Нясвіжы і Гарадзеі; Гайдук у Саскай Ліпцы, Рудаўцы, Малеве; Дзішук у Нясвіжы, Заазер’і, Лані; Дранчук у Петухоўшчыне і Новых Навасёлках; Захарчук, Кавальчук, Якімчук у Нясвіжы — усіх не пера-лічыць. Прывяду прозвішчы вядомых беларусаў — паэт Юрка Гаўрук, касманаўт Пятро Клімук, пісьменнік-драматург Георгій Марчук, мастак Мікола Селяшчук. Менавіта так яны заўсёды прамаўляюцца, ніколі не даводзілася чуць             Гаўрук, Клімук ці Марчук. А чаму ж  Сеўрук, а не Сяўрук? Адказ знайсці зусім не цяжка, ён у жыццёвых акалічнасцях мастака, якому давялося жыць і ў розных адміністрацыйных сістэмах, дзе моўныя ўплывы былі не апошнія, і ў традыцыях звычак пэўнага нясвіжскага асяроддзя, дзе ўплыў польскай мовы быў вельмі моцны. Такім чынам,  Сеўрук — найперш, спаланізаваны варыянт ад беларускага Сяўрук.

Самы ж галоўны аргумент на карысць варыянта Сяўрук у тым, што сам творца, падпісваючы свае працы ў правым ніжнім куточку, як тое заведзена ў мастакоў, нярэдка ставіў свой каліграфічны росчырк — Сяўрук. Асабліва пераканальна сведчыць на карысць беларускага варыянта адзін з вядомых графічных аўтапартрэтаў майстра, пад якім аўтар ідэнтыфікуе сябе не толькі са сваім знешнім партрэтам, але і ўласным самабытным імем.

За падпісаным надзіва хораша і прамаўляецца. Міжволі ўслухаемся — Міхаіл Сяўрук.  Сугучча імя і прозвішча дае выключны эфект. Чуецца наскае, роднае.  Ёсць у гучанні  штосьці глыбока беларускае, сялянскае, ад раллі і сяўбы, ад песні жаўрука, ад засевак і дажынак, без чаго, здаецца, не сталася б  і… “Жніва” — адной з лепшых карцін мастацкага генія творцы.

Думаецца, не вікіпедыя, не сталічныя мастацтвазнаўцы і лінгвісты, а мы, мясцоўцы, землякі Міхаіла Канстанцінавіча, бліжэйшыя нашчадкі яго творчых набыткаў павінны паклапаціцца пра вяртанне менавіта гэтага варыянта прозвішча ў нашу мову і яго выкарыстанне незалежна ад таго, як мы размаўляем — па-беларуску, па-руску ці па-польску. Тым самым давесці бясспрэчнае: Міхаіл Сяўрук — па паходжанні, па духу і змесце творчасці беларускі мастак. Наш. Тутэйшы.

У жыцці як чалавек выключнай выхаванасці і далікатнасці, як інтэлігент, які валодаў і роднай мовай, і польскай, і рускай, і нямецкай, чытаў нават французскую мастацкую літаратуру ў арыгінале, пра што сведчыць ягоны вучань Яўген Ждан, Міхал Канстанцінавіч размаўляў на той мове, якой карыстаўся яго суразмоўца. Праўда, у пасляваенныя савецкія часы, як, зрэшты, і сёння, хутчэй было натрапіць на рускамоўнага суразмоўцу. Аднак паводзіны моўнай талерантнасці (назавём гэта так) не пярэчылі і не перашкаджалі мастаку адчуваць сябе беларусам.

Яшчэ адзін жывы сведка — жыхарка Нясвіжа Юзэфа Мечыславаўна Цвірка. Ёй, вучаніцы гімназіі, у якой Міхаіл Канстанцінавіч выкладаў чарчэнне, адзін з любімых настаўнікаў запомніўся як чалавек выключна беларускамоўны, паважны і чуйны да роднага слова. Натуральна, і сам прадмет яна спасцігала ў тагачаснай гімназіі на роднай беларускай мове.

Сёння, калі адзначаем чарговы юбілей мастака, напрошваюцца і такія развагі-абагульненні. Чым далей, тым большай будзе цікавасць да творчасці майстра, тым большая частка культурнай прасторы будзе належаць яму, аўтару шыкоўных яркіх настурцый, альбянскіх лужкоў і ліпаў, цудоўных партрэтаў людзей Нясвіжчыны. Гэтая мастацкая з’ява, на думку культуролагаў і мастацтвазнаўцаў, стане не менш арганічнай для горада, чым багатая спадчына Ра-дзівілаў з велічным замкам і пейзажным паркам. Таму імя мастака набывае асаблівы знак — знак тутэйшасці і прыналежнасці да нясвіжскай зямлі, знак беларускасці. І гэты знак, знак традыцыі  мусіць быць дакладным і дасканалым. Варта прыйсці  да поўнай узгодненай адназначнасці і ў напісанні, і прамаўленні прозвішча, якім пазначаем глыбока народную нацыянальную спадчыну, гонар Нясвіжа: СЯЎРУК Міхаіл Канстанцінавіч — мастак, педагог, які яшчэ нядаўна, некалькі дзясяткаў гадоў таму жыў і ствараў побач з намі, для нас і нашых нашчадкаў.

Свабодную копію з карціны  “Настурцыі” Вольга Барсукевіч выканала ў адметнай чорна-белай графіцы

Свабодную копію з карціны
“Настурцыі” Вольга Барсукевіч выканала ў адметнай чорна-белай графіцы

Настурцыі  ад Майстра

Падчас наведання кватэры-музея Сеўрука гасцей чакала прыемная навіна. Юныя мастакі Нясвіжа, выхаванцы педагога Марыны Канавалавай, выканалі копіі жывапіснай карціны “Настурцыі”.

Гэты твор мастака нязменна прыцягвае ўвагу наведвальнікаў яго дома. І сваім памерам — гэткі выцягнуты яркі дыванок, падобны на стракатую градку  ў кветніку, і месцам размяшчэння — вісіць над утульнай мемарыяльнай канапай, у пакоі, дзе калісьці мастак збіраў сяброў, дзе яго асабістыя рэчы, кніжная паліца, сямейны альбом… Тут заўжды гаспадарыла сонца, пакой шырокім акном выходзіць на поўдзень. Настрой карціны адпаведны — душэўны, пяшчотны. І сонечны. Звычайна кажуць, што настурцыі Міхаіл Сяўрук надзвычай шанаваў, яны былі навідавоку ля хаты, на кветніку пад вокнамі. Але галоўная праўда карціны ў сімпатыях і выбары мастака, яго стылі і адчуваннях.

Выкананне копій “Настурцый” было не толькі  ўдалым перайманнем майстэрства і настрою слыннага аўтара, але найперш — удзячным жэстам насустрач нашай памяці, калі хочаце, кветкамі на яго магілу, адзначаную ў гэты дзень новенькім барэльефам. Маладыя таленты на чале з педагогам не проста перастварылі твор майстра, але па-свойму ўклалі ідэю неўвядальнасці прыгожага. Настурцыі мастака не адцвілі, яны вечныя, з намі, цешаць і ўзвышаюць, і акцэнт на гэтай карціне быў прыняты  з належнай увагай, як добры знак на будучыню, бо дагэтуль зазвычай успрымаўся як элемент хатняга інтэр’еру, не больш, і раптам здарыўся не толькі сюрпрыз, але цуд — карціна стала шэдэўрам. Вакол “Настурцый” узнікла прыемная мітусня, ажыўлены дыялог, успаміны, прызнанні. А мне падумалася, што настурцыі, такія звыклыя ў нашых кветніках, былі куды менш заўважаныя мастакамі, чым іншыя кветкі. Як кажуць, рэспект Міхаілу Сеўруку! Госці нават зрабілі свае подпісы-пажаданні аўтарам копій, так бы мовіць, аўтографы на ўдачу і поспех.

Я вяду гэта ўсё да таго, каб зрабіць прапанову Нясвіжу, грамадскасці горада, усім зацікаўленым службам:  няхай НАСТУРЦЫІ МАСТАКА СТАНУЦЬ НАШАЙ НЯСВІЖСКАЙ АБЛІЧЧАВЫЗНАЧАЛЬНАЙ КВЕТКАЙ, ДАПОЎНЯЦЬ АРХІТЭКТУРНЫ І ЗЯЛЁНЫ ВОБлік ГОРАДА НОВАЙ ФЛАРЫСТЫЧНАЙ ФРЭСКАЙ.

Гісторыя гарадоў, у тым ліку невялікіх, такіх, як Нясвіж, падае нам шмат добрых прыкладаў. Мне давялося быць у горадзе Ульме, што на поўдні Германіі — ён сусед вядомага нам Лайхінгена, пародненага з Нясвіжам. Улюбёнцам гараджан стаў верабей, што па даўняй легендзе быццам бы ўратаваў горад.

З неўтаймоўным імпэтам самым разнастайным чынам  славяць жыхары Ульма  гэтую несамавітую птушачку, нават сувенірныя кандытарскія вырабы, невялічкія  кексы  ў адмысловых формах таго верабейкі, запакаваныя ў празрыстыя скрыначкі, прапануюць шматлікім турыстам. На кожнай вуліцы, у кожным завулку, практычна на кожным кроку сустрэнеш там гэты сімвал. Да таго ж, у горадзе дзейнічае падтрыманы ўладамі буйнамаштабны шматгадовы творчы праект: больш як метровыя (!) макеты птушкі расфарбоўваюцца, на ўсе лады інтэрпрэтуюцца мастакамі, скульптарамі, нават дзецьмі ці проста людзьмі з разумнай фантазіяй і  ўсталёўваюцца паўсюдна, а лепш сказаць, узнімаюцца ў палёце над горадам. На час майго гасцявання іх было далёка за дзвесце. Агульнымі стараннямі гэта настолькі стала, так бы мовіць, турыстычнай фішкай горада, што едуць сюды часам найперш пабачыць “ульмершпатц”, а пасля ўжо  радзіму Энштэйна і грандыёзна манументальны кафедральны сабор Мюнстэр.

Наш Нясвіж таксама мае такія пазнавальныя сімвалы — Слуцкую браму, званіцу ля касцёла, яшчэ колькі архітэктурных адметнасцей. Але зусім не лішне займець і батанічную прыкмету, якая будзе нагадваць пра мастака-творцу. І як добра было б распачаць гэта ў яго юбілейны год. Хай гарадскія клумбы ўжывую ўвасобяць тое маляўнічае палатно Сеўрука. Хай гаспадыні паклапоцяцца, каб іх кветнікі вытачалі тонкі водар самых розных гатункаў настурак. Чаму б сярод звыклых штогадовых святаў не ўвесці сваё, толькі нясвіжскае, больш пунцова-яркае, Свята настурцый, падчас якога ініцыятыва і творчасць гараджан выявіцца і ацэніцца ў самых розных кірунках: лепшы настуркавы падворак, балкон, офісная кампазіцыя, ухваленая гараджанамі расцяжка, лепшы літаратурны твор (верш, лірычная мініяцюра, біяграфічны ўспамін), самая модная сукенка ці капялюшык, густоўная вышыванка — шмат чаго  і, зразумела ж, аўтарскія жывапісныя і графічныя выявы абранай кветкі. Ад такога свята горад стане больш рамантычным, набудзе ў сваім абліччы яшчэ адну прывабную рыску, якую многія стылёвыя гарады займелі даўно. Яшчэ адзін надзвычай тыповы прыклад — “кветкавы горад” Берн са сваёй незвядальнай чырвонай  геранню на падваконнях, хоць багатай гісторыі і адметнай архітэктуры там хапае аж з гакам.

Гарадскі праект “Настурцыі ад Сеўрука” мае патэнцыял яркага, прывабнага, шматаспектнага ў творча-мастацкіх дачыненнях і, разам з тым, вельмі таннага праекта, які не запатрабуе дадатковых выдаткаў, апроч некаторых змен “дэкарацый” ці пераарыентацый.

Мяне добра зразумеюць і гаспадыні. Красавік — месяц першых кветак,        час клопатаў пра летнюю квецень, утульныя падворкі, прыгожы аздоблены горад. За вокнамі і ў паветры больш сонца і цеплыні, у людскіх стасунках — расчуленасці, прагі да прыгажосці. Кветкавы настрой ад настуркавых копій, якімі было падсвечана свята мастака, напаўняе рэальную прастору, сягае ў будучыню. Слава Міхаіла Сеўрука была сціплай, наша памяць мусіць быць шчодрай.

Наталля Плакса,

краязнаўца.


Поделитесь с друзьями
  • 4
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Перад славай і будучыняй: 1 комментарий

  • 27.04.2015 в 08:54
    Permalink

    Прочла с удовольствием. Спасибо автору и газете. Публикация убедительна и пассионарна. Зачет.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.