Пра дбайных гаспадароў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ахарактарызаваць, які хто гаспадар, можна, мяркуючы па выглядзе таго ж плоту  на сядзібе ці саміх будынкаў. Такую выснову я зрабіў, знаходзячыся ў вёсцы Андрушы побач з домам, дзе пражываюць муж і жонка Жыгалкі, Яўген Паўлавіч і Надзея Іосіфаўна. Па ся-дзібе відаць, што жывуць сапраўдныя гаспадары, бо так старанна да зімы былі падрыхтаваны сад і агарод! Праз праезджую частку вуліцы, супраць дома, які загароджаны дабротным бетонным плотам, растуць прыгажуні бярозы, якія ў свой час пасадзіў сам Яўген Паўлавіч. Але не для таго, каб піць бярозавы сок, а для прыгажосці.

У іх доме, які не назавеш сінонімам — хата — парадак, чысціня. Гаспадары, нібы апраўдваючыся за прыемную чысціню, тлумачаць, што вельмі часта прыязджаюць дзеці, па графіку наведвае дом сацыяльны работнік Ганна Праневіч, якая дапамагае ў многіх пытаннях…

Яўген Паўлавіч, як кажуць тутэйшыя, быў на штаце. Словам, працаваў на фермах мясцовай гаспадаркі. А гэта работа вельмі адказная. Надзея Іосі-фаўна была і паляводам, і жывёлаводам.

Часта іх можна бачыць разам,  калі сядзяць на лаўцы ля плоту, які з густам вымалявалі дочкі. Любуюцца пажылыя людзі бярозкамі свайго жыцця, свайго лёсу…

Праз колькі хат — сядзіба другой пажылой пары, Яўгена Адамавіча і Зінаіды Іосіфаўны Крывашэй. Тут якраз кіпела работа. Прыехаў да бацькоў сын Сяргей. Напружана гула бензапіла: ішла абрэзка галін пладовых дрэў. Сяргей, абразаючы некаторыя галіны чарэшні, пажартаваў, што дрэва ўжо старое, але ягады будуць хоць  шпакам…

Дарэчы, Яўген Адамавіч мінулай восенню пазаворваў усе ўчасткі агародаў, не толькі сабе, але і  суседзям. І што цікава: неяк па-свойму ўскочыць на каня і верхам гоніць яго на пашу. У такія гады — не кожнаму такі спрыт дазволены…

У гэты час падыходзіць мясцовая паштальёнка  Вольга Ванагель, якая прынесла гаспадарам раённую газету “Нясвіжскія навіны”. Зінаіда Іосіфаўна гаворыць, што газету пастаянна выпісвае, і не дзеля праграмы тэлебачання, а каб у вольную хвілінку пачытаць.

Далей ідучы ў бок магазіна, на невялікім пера-крыжаванні бачу Святы Крыж, які стаіць ля плоту пажылой жанчыны Марыі Фамінічны Ванагель. Жанчына часта падыходзіць да крыжа, каб падправіць вянок… Муж Марыі Фамінічны — Мікалай Іосіфавіч, які пайшоў з жыцця, у свой час лепшым майстрам па дрэве ва ўсёй акрузе быў, таму да гэтага часу застаўся яго “почырк” як на дабротным доме, так і на гаспадарчых пабудовах.

На гэты раз мы сустрэліся з Марыяй Фамі-нічнай ля брамкі, дзе жанчына размаўляла з сацыяльным работнікам  Анжалікай Мамчыц. Жартам пытаюся: “Навошта вам сацыяльны работнік, калі вас часта можна  ўбачыць у мясцовым магазіне, ды й амаль кожны тыдзень прыязджаюць дзеці?” Марыя Фамінічна адказала, што дапамога ёсць дапамога, а яшчэ добра і пагутарыць.

Настала вясна — на сядзібе шмат работы. Трэба клапаціцца, каб урадзіла ўсё ў цяпліцы. І мая суразмоўца накіравалася ў агарод.

Канстанцін ПРАНЕВІЧ,

вёска Андрушы.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.