Прыгажосць на вуліцы Лясной

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

куница5

У раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Нясвіжскага раёна ў 2014 годзе другое месца па  Сноўскім сельскім  выканкаме заняла сядзіба Люсі Хрыстафораўны Куніцы з аграгарадка Друцкаўшчызна.

Люся Хрыстафораўна Куніца доўгі час працавала  на будоўлі ў былым насенгасе “Друцкаўшчызна”, вывучыўшыся некалі на муляра ў Баранавічах. Потым асвоіла іншыя  будаўнічыя прафесіі. І ніколі не  думала, што так захопіцца ландшафтным дызайнам, так моцна пасябруе з прыродай. А пайшла на пенсію — і пачала ствараць прыгажосць на сваёй сядзібе. Вось ужо сем  гадоў іх дом на вуліцы Лясной у аграгарадку Друцкаўшчызна прыцягвае ўвагу прахожых.

— Спачатку выкапалі з зяцем  Аляксандрам сажалку. Потым я пачала разводзіць розныя кветкі, — расказвае Люся Хрыстафораўна. — І цяпер самой падабаецца, асабліва,  калі ўсё зацвітае. Вый-дзеш на двор — і ў дом вяртацца не хочацца.

Упрыгожваюць сядзібу рознакаляровыя  цюльпаны (іх гатункаў 8 ці нават болей ёсць), нарцызы,  ружы, лілеі, астры, флоксы, аксаміткі, хрызантэмы… Гаспадыня прадугледжвае  вырошчванне кветак розных тэрмінаў цвіцення, каб яны радавалі  вока з ранняй вясны да позняй восені.

Разнастайнасць у афармленне ўносяць малыя архітэктурныя формы. Тут ёсць млынок, калодзеж, домік,  сабачая будачка і цацачны сабака. Прыйшла вясна, і Люся Хрыстафораўна вынесла на двор цацкі: лебедзяў, чаплю, саву…

Каля дому шмат зямлі адведзена і пад агарод. Вырошчваюць тут бульбу, памідоры, агуркі, перцы, капусту, зяленіва. Ёсць цяпліца. Расаду  гаспадыня ўжо вырасціла. У паўсядзённых турботах маме дапамагае дачка Алена. І кветнік, і агарод патрабуюць увагі і клопатаў. “Сумаваць не даводзіцца”, — кажа Люся Хрыстафораўна Куніца.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Галіны КАРПЕЙ. 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.