У клапатлівых гаспадароў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

SAM_0091

Парадкам і прыгажосцю сустракае гаспадароў прысядзібны ўчастак пераможцаў раённага конкурсу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў па Гарадзейскім сельсавеце Аляксандра Серафімавіча і Наталлі Эдуардаўны Бусько, што жывуць у пасёлку Новагарадзейскі. Абодва яны — людзі занятыя: Аляксандр Серафімавіч працуе на Гарадзейскім цукровым камбінаце кладаўшчыком у цэху дробнай фасоўкі, а Наталля Эдуардаўна — галоўным ветурачом у СВК “Гарадзея”. Жыццёвая прастора каля іх дома ўладкавана так, каб усё было не толькі прыгожым, але і функцыянальным, не загрувашчаным лішнімі дэталямі: пабегі дэкаратыўнага вінаграду, што ўюцца па падпорах адпаведнай формы, утвараюць зялёную альтанку, у якой так добра пасядзець цёплым летнім вечарам, а вада з рукатворнай сажалкі пры патрэбе выкарыстоўваецца для паліву раслін у засушлівае надвор’е, а яшчэ ў яе вельмі добра акунуцца пасля выхаду з гарачай лазні, што стаіць непадалёк. Вельмі шмат тут руж, гераней, у тым ліку і ў падвясных вазонах, петуній і іншых аднагадовых кветак, якія гаспадыня вельмі любіць за яркасць і доўгае цвіценне. У пашане тут таксама хвойныя і цвітучыя кустарнікі. — Кожны гаспадар уладкоўвае свой дом і ўчастак так, як блізка яго душы, — гаворыць Наталля Эдуардаўна. — Галоўнае, каб пры доме быў парадак. Без яго прыгажосць немагчымая. Гледзячы на падворак сям’і Бусько, разумееш, што гэтыя словы — кіраўніцтва да дзеяння для гаспадароў.

SAM_0095

Другое месца ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні населеных пунктаў па Гарадзейскім сельсавеце занялі Уладзімір Уладзіміравіч і Святлана Анатольеўна Колбік, што жывуць у пасёлку Ударны. Сваё жыццё яны звязалі з працай на чыгунцы, а душой адпачываюць тут, на роднай зямлі, дзе ствараюць свой, асаблівы куточак утульнасці і прыгажосці. На стандарных 15 сотках тут размясцілася ўсё, што патрэбна для камфортнага жыцця: сад з 20 пародамі дрэў, агарод, газоны з дарожкамі, выкладзенымі тратуарнай пліткай, і, вядома ж, мноства кветак і дэкаратыўных кустарнікаў — розных відаў туі, ядлоўцу, юкі. Па прызнанні саміх гаспадароў, Уладзіміру Уладзіміравічу вельмі падабаюцца петуніі, асабліва ў падвясных карзінах, а Святлане Анатольеўне — лілеі, якіх вельмі шмат на падворку. Альтанка сярод кветак, садовыя лаўкі — усё зроблена так, каб прысядзібны ўчастак быў і прыгожым, і ўтульным. Дарэчы, гэта прыгажосць не абмяжоўваецца плотам, які аддзяляе сядзібу ад вуліцы — да самай дарогі добрыя гаспадары пасеялі газонную траву і высадзілі дэкаратыўныя кустарнікі, якія радуюць вока прахожых.

SAM_0086

Прысядзібны ўчастак жыхаркі вёскі Макашы Леакадзіі Іосіфаўны Няглюй заняў трэцяе месца ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні населеных пунктаў па Гарадзейскім сельсавеце. Ужо 22 гады гэта працавітая жанчына, якая амаль усё жыццё прысвяціла мясцовай гаспадарцы, знаходзіцца на заслужаным адпачынку, аднак сумаваць і сядзець без работы — не ў яе правілах. Леакадзія Іосіфаўна ўпэўнена: прыгажосць неабходна чалавеку, як паветра, і заўсёды знаходзіць час і сілы, каб даглядаць свае кветкі. Яны прыносяць ёй шмат радасці, якой яна шчодра дзе-ліцца з іншымі людзьмі. Вядома, поўнасцю самастойна адолець усе работы на ўчастку гаспадыні было б ужо вельмі складана. Таму на дапамогу прыходзяць сын з нявесткай, якія прыязджаюць ледзь не кожныя выхадныя, за што Леакадзія Іосіфаўна ім вельмі ўдзячна. Нездарма яе падворак упрыгожваюць белыя лебедзі — сімвал кахання і вернасці. — Там, дзе ёсць добрая сям’я, будзе і дабрабыт, і прыгажосць, і ўтульнасць, — упэўнена мудрая гаспадыня.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.