Яна была актрысаю…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Марына Станіслаўчык у спектаклі “Графіня Эльвіра”. 2007 год

Марына Станіслаўчык у спектаклі “Графіня Эльвіра”. 2007 год

Памяці Марыны Іванаўны Станіслаўчык, артысткі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь Нясвіжскага тэатра імя Уршулі Радзівіл.

 

Усе блізкія і родныя, суседзі і знаёмыя  ведалі яе як прыстойнага і светлага чалавека, надзейнага і вернага сябра, а   ў нашых сэрцах яна назаўжды застанецца сяброўкай і часткай нас. Столькі дапамогі і падтрымкі заўсёды было ад яе, столькі любові і радасці!

Марына жыла, любіла і была любімай.

У прафесійнай дзейнасці — загадчык сектара “Ратуша” Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, а ў душы — актрыса.

З самага дзяцінства Марына праяўляла асобую цягу да мастацтва, часта з’яўлялася на сцэне ў рамках розных школьных выступленняў. Менавіта таму пасля заканчэння дзесяцігодкі нават і не думала аб тым, якую спецыяльнасць выбраць і куды паступаць.

І вось яна ў 1989 годзе ўжо маладым спецыялістам вяртаецца на родную Нясвіжчыну пасля заканчэння Мінскага культурна-асветніцкага вучылішча.

Спачатку працуе загадчыкам Квачоўскага сельскага клуба, затым — мастацкім кіраўніком Высакаліп-скага сельскага дома культуры, паралельна з працай завочна вучыцца ў Мінскім інстытуце культуры і паспяхова яго заканчвае.

Па-сапраўднаму раскрыліся талент і здольнасці Марыны Іванаўны тады, калі яна ў 1990 годзе прыйшла працаваць у раённы метадычны цэнтр.

Спявачка, вядучая канцэртаў і вечароў адпачынку, артыстка тэатра і галоўны дзеючы персанаж амаль  усіх тэатралізаваных прадстаўленняў — з гэтымі ролямі Марына спраўлялася на выдатна і для ўсіх гледачоў сустрэча з ёй на сцэне была жаданай і заўжды прыемнай. Энергічная, з бліскучым пачуццём гумару, яна вельмі любіла жыццё, у ёй быў такі запал, такая жвавасць. Яе гераіні, якімі б яны ні былі — станоўчымі ці адмоўнымі — заўсёды былі такімі натуральнымі, такімі непадробнымі ў сваіх учынках і пачуццях і заўсёды з цікавасцю ўспрымаліся гледачамі.

Хіба можна забыць яе  няўрымслівую Маланку ў спектаклі па п’есе В.Рудава “Камедыя пра няшчаснага селяніна і чорта, які страціў сэнс існавання”, ці гарэзлівую, хітрую Няньку (“Про Федота стрельца”), трагічную Зіну (“Трыбунал”), какетлівую жонку камандзіра палка (“Графіня Эльвіра”) і многія іншыя?!

Але… 10 студзеня 2010 года ў самым росквіце гадоў Марына пайшла ад нас. Смутак наш — бязмерны!

У нашых сэрцах застаецца падзяка за тое добрае, што яна зрабіла пры жыцці! Мы абавязаны справіцца з болем, бо тая, каго мы аплакваем, была б вельмі засмучана, убачыўшы нашы слёзы.

Таццяна ЛУК’ЯНЧЫК,

дырэктар Нясвіжскага раённага цэнтра культуры.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.