Набліжаючы Дзень Перамогі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

666

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 30,31,32)

З баямі ішлі на захад

Кожны нумар Нясвіжскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”, пачынаючы з 1 студзеня 1945 года і заканчваючы 10 мая, калі было надрукавана паведамленне аб падпісанні Акта аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл, змяшчаў аператыўныя зводкі Савецкага інфармацыйнага бюро аб справах на франтах Вялікай Айчыннай  вайны. Няма сумнення, што гэтыя звесткі людзі чакалі, іх уважліва чыталі, і ў сэрцах раслі радасць і гордасць за нашу армію, якая ўжо вызваляла ад акупантаў краіны Еўропы, набліжаючыся да логава германскага фашызму — Берліна. Праўда, былі гэтыя пачуцці перамешаны з трывогай, смуткам і горам, бо ў кожнай  сям’і хтосьці ваяваў — дзед, бацька, муж, брат, сын, а ў некаторыя хаты чорнай весткай прыйшлі пахавальныя лісты…

Дзякуючы самаахвярнасці і гераізму байцоў Чырвонай Арміі, яе воінскія фарміраванні дабіваліся перамогі ў жорсткіх, кровапралітных баях і рухаліся ўсё далей на захад. У сту-дзені 1945 г. яна абрушыла на  ворага небывалы па сіле ўдар на ўсім фронце — ад Балтыкі да Карпат. Узламала на працягу 1200 кіламетраў магутную абарону немцаў. Напрыклад, у аператыўнай зводцы за 3 студзеня паведамлялася, што напярэдадні, 2 студзеня, на ўсіх франтах нашы войскі падбілі і знішчылі  61 нямецкі танк. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі быў збіты 21 самалёт праціўніка. “На працягу 3 студзеня на тэрыторыі Чэхаславакіі нашы войскі, якія наступаюць на горад Лучанец з усходу і поўдня, авалодалі населенымі пунктамі Аждзяны, Двойкерэсцюр… (названа яшчэ 9 населеных пунктаў — Аўт.) У баях за 1-2 студзеня ў гэтым раёне нашы войскі ўзялі ў палон 2320 нямецкіх і венгерскіх салдат і афіцэраў…”

Вось такім для савецкіх салдат было  навагодняе свята. А падарункамі  служылі кожны вызвалены ад фашыстаў горад ці вёска.

Не дзіўна, што ў нашай лексіцы з’явіўся такі крылаты выраз — “як весткі з фронту”. Сціслыя, кароткія, лаканічныя фразы. Чытаеш — і мароз па скуры бяжыць. А калі яшчэ ўявіць, як гэтыя паведамленні ад Савецкага  інфармбюро агучваў па радыё дыктар Юрый Левітан…

У аператыўнай зводцы за 20 студзеня паведамлялася:

“Войскі 3-га Беларускага фронту 20 студзеня штурмам авалодалі гарадамі Усходняй Прусіі — Тыльзіт, Грос Скайсгірэн, Ауловен, Жылен і  Каукемен — важнымі вузламі камунікацый і моцнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на Кенігсбергскім напрамку… Войскі 2-га Беларускага фронту, прадаўжаючы наступленне, авалодалі на тэрыторыі Польшчы гарадамі Хожэле, Яново, Зелюнь, Бежунь, Дробін, Вышогруд, а таксама з баямі занялі больш 500 другіх населеных пунктаў… Войскі 1-га Беларускага фронту ў выніку імклівага наступлення танкавых злучэнняў і пяхоты 20 студзеня авалодалі  гарадамі Влоцлавек і Бжэсць-Куяўскі — буйнымі вузламі каму-нікацый і апорнымі пунктамі абароны  немцаў на левым беразе Віслы… Занялі больш 1000 другіх населеных пунктаў. Войскі 1-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне, авалодалі гарадамі Відава, Люблінец, Олькуш… (прыводзяцца назвы 29 буйных населеных пунктаў, а ўсяго іх занята больш за 300 — Аўт.). Войскі 4-га Украінскага фронту… у цяжкіх умовах горналясістай мясцовасці, у паласе Карпат, 20 студзеня з боем авалодалі на тэрыторыі Польшчы горадам Новы Сонч і на тэрыторыі Чэхаславакіі — гарадамі Прэшоў, Кошыцэ, Бардзева, а таксама з баямі занялі  больш 450 другіх населеных пунктаў…

За 19 студзеня нашы войскі на ўсіх франтах падбілі і знішчылі 190 нямецкіх танкаў. У паветраных баях і агнём зянітнай артылерыі збіта 46 самалётаў праціўніка”. (“Чырвоны сцяг” за 25 студзеня 1945 г.).

За сорак дзён наступлення ў студзені-лютым 45-га года савецкія войскі выгналі фашыстаў з 300  гарадоў, захапілі каля сотні ваенных заводаў, занялі звыш 2400 чыгуначных станцый, авалодалі сеткай чыгунак працягласцю больш за 15 тысяч кіламетраў. За гэты кароткі час Германія страціла каля 800 тысяч салдат і афіцэраў забітымі, звыш 350 тысяч узяты ў палон. Чырвоная Армія за гэты перыяд знішчыла і захапіла каля 3 тыс. нямецкіх самалётаў, больш за 4500 танкаў і самаходных гармат і не менш 12 тысяч гармат. Савецкія воіны поўнасцю вызвалілі Польшчу і значную частку Чэхаславакіі, вывелі з вайны апошняга саюзніка Германіі ў Еўропе — Венгрыю, авалодалі большай часткай Усходняй  Прусіі і нямецкай Сілезіі і прабілі сабе дарогу ў Брандэнбург, у Памеранію, да подступаў да Берліна…

(Заканчэнне будзе).

“Чырвоны сцяг” чытала

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ. 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.