Экзамен для ўсіх органаў улады

Выборы

Прэзідэнцкія выбары неабходна падрыхтаваць і правесці адкрыта, сумленна, спакойна і строга ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і прынятымі міжнароднымі абавязацельствамі.

Пра гэта ішла размова на нарадзе па актуальных і ўнутрыпалітычных пытаннях, якую правёў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Цэнтральная выбарчая камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў унесла прапанову аб правядзенні прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка 2015 года. «Думаю, што дэпутаты ў гэтым выпадку падтрымаюць прапанову ЦВК, і, верагодна, выбары адбудуцца 11 кастрычніка», — адзначыў беларускі лідар.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на заўвагі і крытыку з боку апанентаў улады наконт таго, што нібыта на месяц раней праводзяцца прэзідэнцкія выбары. «Што значыць раней? Толькі парламент мае права вызначыць дату. Наколькі я разумею, ніколі парламент нават не заяўляў аб даце. ЦВК называў крайні тэрмін правядзення прэзідэнцкіх выбараў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«І мы і сёння мяркуем, што 11 кастрычніка будуць праведзены прэзідэнцкія выбары, калі гэта рашэнне прыме парламент», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 30 чэрвеня на заключным пасяджэнні сёмай сесіі парламента разгледзяць гэтае пытанне і канчаткова вызначацца з тэрмінамі. Прэзідэнт адзначыў, што ўжо цяпер трэба паклапаціцца пра поўную гатоўнасць да іх арганізацыі і правядзення.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што выбарчыя кампаніі любога ўзроўню маюць вельмі важнае значэнне як форма волевыяўлення народа. «А выбары Прэзідэнта — гэта галоўная грамадска-палітычная падзея для любой краіны, тым больш для нашай, дзе паўнамоцтвы Прэзідэнта вельмі вялікія, — адзначыў беларускі лідар. — Аддаючы свой голас на карысць таго ці іншага кандыдата, грамадзяне Беларусі вызначаюць лёс дзяржавы, куды і як мы будзем рухацца далей, які шлях развіцця пры гэтым выберам».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары з’яўляюцца ў пэўным сэнсе экзаменам для ўсіх органаў улады. «Гэта экзамен перад народам, перад тымі, хто даверыў нам лёс Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, ён прадэманструе стаўленне людзей да вынікаў гэтай работы, а таксама стане асновай стратэгіі далейшага развіцця краіны.

«Гэта найважнейшае палітычнае мерапрыемства, і мы павінны забяспечыць яго правядзенне на самым высокім узроўні. Пры гэтым хачу падкрэсліць, што яшчэ ніколі не было такіх магчымасцяў для правядзення выбараў на тым узроўні, каб ніхто не змог нават папракнуць нас, падкапацца пад нейкія праблемы і пытанні», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўную ролю ў правядзенні выбарчай кампаніі ў адпаведнасці з заканадаўствам будзе адыгрываць Цэнтральная выбарчая камісія. «ЦВК з часу аб’яўлення прэзідэнцкіх выбараў, толькі яна будзе займацца ў краіне арганізацыяй і правядзеннем выбарчай кампаніі. Усе астатнія, я ў тым ліку, будуць удзельнічаць у ёй толькі настолькі, наколькі гэтага запатрабуе ЦВК. Усялякія заявы, ініцыятывы павінны ўзгадняцца са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У той жа час у вырашэнні эканамічных і арганізацыйных пытанняў заўсёды актыўна ўдзельнічаюць мясцовыя органы ўлады».

«Перад намі стаяць сур’ёзныя і адказныя задачы. Нам неабходна падрыхтаваць і правесці прэзідэнцкія выбары, па-першае, адкрыта, па-другое, сумленна, па-трэцяе, спакойна і, самае галоўнае, строга ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і тымі абавязацельствамі, якія мы ўзялі перад міжнароднымі арганізацыямі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.