Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 10 °C

Фестываль «Джаз у горадзе N» пройдзе 7 і 8 ліпеня ў Нясвіжы

Нясвіжскія навіны 9 месяцев назад 0 0

Такую лакацыю для адпачынку прапануюць аматарам добрай музыкі ў рамках сумеснага праекта Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я Фінберга і Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», які днямі прэзентавалі ў Нацыянальным прэс-цэнтры. 

— У Нясвіжы, у знакавым месцы для нашай краіны, праходзіць вялікая колькасць разнастайных мерапрыемстваў. Штогадовых, якія ўжо зарэкамендавалі сябе. А сёлета адкрываецца новая старонка, новы накірунак, які мы пачынаем з нашым нацыянальным аркестрам, — распавёў мастацкі кіраўнік-галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі імя М. Я. Фінберга Максім Расоха. — Наш фестываль называецца «Джаз у горадзе N», і адпаведна ўся гісторыя праекта звязана з Нясвіжам і джазавай музыкай. Два летнія вечары ў сценах знакамітага замка, дзе ўпершыню прагучыць джаз — гэта дзве цікавыя праграмы. У першы вечар, 7 ліпеня, будзе прадстаўлены «Джаз уначы». Там прагучыць музыка, якая мае дачыненне да ночы, зорак, месяца і іншых з’яў прыроды. Наведвальнікі гэтага канцэрту атрымаюць задавальненне ад спакойнай, класічнай, лірычнай музыкі, але не абыдзецца і без энергічных кампазіцый. А ўжо 8 ліпеня мы прадставім праграму «У джазе толькі класіка». Там прагучаць творы Чайкоўскага, Моцарта, Бетховена, Рахманінава і іншых кампазітараў, але ў джазавых апрацоўках. Таму ўсе, хто любіць як джаз, так і акадэмічную музыку, могуць прыехаць і наведаць наш канцэрт, атрымаўшы двайное задавальненне ад такога сінтэзу мастацтва.



У сваю чаргу Наталля Жэрка, першы намеснік дырэктара «Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», распавяла, што сёлета культурная ўстанова адзначае сваё 30-годдзе, і яе напаўненне фарміравалася паступова:

— На працягу свайго існавання музей выконваў розныя функцыі, і не адразу ён стаў месцам прыцягнення турыстаў. Усё пачыналася з аднаўлення гістарычных аб’ектаў у горадзе. На працягу першых двух дзесяцігоддзяў музей актыўна займаўся аднаўленнем гісторыка-культурных каштоўнасцей, а 11 гадоў таму, калі мы сталі паўнавартасным музеем, завяршылі ўсе будаўнічыя работы, то пачалі думаць, якім жыццём павінен быць напоўнены гэты аб’ект. І пачалося ўсё літаральна з першага дня ўрачыстага адкрыцця, калі мы прынялі каля шасці тысяч чалавек тэатралізаванай праграмай. І тады зразумелі, што якраз падобныя масштабныя культурныя праекты і павінны праходзіць на гэтым аб’екце. За дзесяць гадоў іх у нас адбылося шмат. І тое, што ў юбілейны год у нас стартуе яшчэ адзін праект, дае надзею, што і ён вырасце да вялікіх масштабаў. Такія фестывалі нашаму замку вельмі адпавядаюць, і публіка на іх ахвотна адгукаецца.

Распачынаюць у гэтым годзе фестываль у фармаце крыху меншым, чым магчымы ў замку. На першыя яго канцэрты ў цэнтральным двары змогуць трапіць парадку 600 наведвальнікаў. У далейшым арганізатары плануюць, арыентуючыся на запыт гледачоў, пашыраць магчымасці для ўдзелу ў ім.

Важную ролю для праектаў опэн-эйр адыгрывае надвор’е, таму хочацца верыць, што яно ў гэтыя выходныя будзе спрыяльным, каб нішто не перашкодзіла магчымасці атрымаць задавальненне ад джазавай музыкі. Чакаць сваіх гасцей на «Джаз у горадзе N» у Нясвіжы будуць 7 і 8 ліпеня.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!