На пульсе часу

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_3225

На мінулым тыдні ў раёне адбылася нарада па  выніках работы жывёлагадоўчай галіны за 5 месяцаў 2015 года. На яе былі запрошаны кіраўнікі, іх намеснікі па жывёлагадоўлі, галоўныя  заатэхнікі і галоўныя  ветурачы сельгаспрадпрыемстваў, работнікі раённых службаў галіны. Правёў нараду  старшыня раённага выканаўчага  камітэта Іван Крупко.

З інфармацыяй аб выніках работы выступіў начальнік аддзела арганізацыі і перапрацоўкі прадукцыі жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Станіслаў Капытка. Ён падкрэсліў, што пагалоўе буйной рагатый жывёлы з пачатку года павялічылася  на 3674 галавы ў параўнанні з гэтым перыядам 2014 года і раўняецца 63333. У тым ліку кароў налічваецца 16688 (+474), дабіліся 103% росту. Пагалоўе свіней налічвае 72310, плюс склаў 2459 галоў (у адным ААТ “Лань-Нясвіж  дабавілася 2378 свіней).

Валавая вытворчасць малака па раёне дасягнула 49355,7 тоны (+3456 т). Рэалізавана малака ў фізічнай вазе 45004,8 тоны (+3385 т). Сярэдні працэнт тлустасці — 3,71 % або на 0,19 % болей, чым было за гэты ж перыяд мінулага года. Самы высокі працэнт тлустасці малака ў СВК “Гарадзея” (4,1 %), у  ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” (3,97 %), ААТ “Грыцкевічы” (3,91 %). Сортам “экстра” малака здадзена 68 %. СВК “Агракамбінат Сноў” меў 98,7 % “экстры”, СВК “Гарадзея” — 93,6 %, ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” — 88 %.

Сярэдні паказчык таварнасці малака — 91,2 %. Найбольш высокі ён у “Снове” — 94,1 % (+1 %). 93,9 % — у ААТ “Новае жыццё”, 93,8 % — у ААТ “Лань-Нясвіж”. У гаспадарках, якія не выйшлі на неабходныя 90 % таварнасці, дзе высокі сабекошт, нізкая цана рэалізацыі малака і невысокая рэнтабельнасць, ёсць над чым папрацаваць.

Затым дакладчык зрабіў аналіз прадуктыўнасці жывёлы. Надой малака на фуражную карову за 5 месяцаў дасягнуў 2955 кг (+110 кг). Найбольш удойныя каровы — у СВК “Агракамбінат Сноў” — 4080 кг (+127 кг), СВК “Гарадзея” — 3478 кг (+27 кг), ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” — 3178 кг (+ 91 кг). У сямі гаспадарках прадуктыўнасць кароў ніжэй сярэдняй па раёне.

Валавая прывага на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы дасягнула 5379 т, што вышэй        мінулагодняга на   306,7   тоны,      рост склаў 106 %. Значную прыбаўку далі ЗАТ “Росіч” — рост 125 %, ААТ “17 верасня” — рост 122 %, ААТ “Лань-Нясвіж” — рост 118 %, ААТ “Грыцкевічы” — рост 111 %. Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме  дасягнула 783 грамы (+ 7 грамаў да леташняга ўзроўню). Аднак перавысілі мінулагодні паказчык толькі 9 гаспадарак з 14-і, за май — 10 гаспадарак. Дарэчы, у маі сярэднясутачная прывага па раёне склала 785 грамаў, у т.л. у “Снове” — 944 г, у Нясвіжскай сортавыпрабавальнай станцыі — 872 г, у “Гарадзеі” — 854 г, у “Грыцкевічах” — 842 г. Рэалізавана жывёлы вышэйшай укормленасцю 81,8 %. 90,2 % — такі гэты паказчык у “Гарадзеі”; 95,7 % — у сортавыпрабавальнай станцыі; 87,3 % — у ЗАТ “1 Мая”; 87 % — у “Снове”; 82,3 % — у “Новым жыцці”.

Спыніўся дакладчык і на сярэднясутачнай прывазе рамонтных цялушак. З пачатку года яна склала 692 грамы. А задача стаіць мець 750 грамаў.

Валавая  прывага свіней на вырошчванні і адкорме дасягнула 6233 т, рост — 111,6 %. Найбольшай прыбаўкі дабіліся ў ААТ “Лань-Нясвіж” — 464,7 тоны (рост — 141,2 %. Сярэднясутачная прывага па раёне — 688 г (+41 г). Самая высокая яна — у “Снове” (762 г).

Актуальным пытаннем у свінагадоўлі з’яўляецца  біялагічная ахова комплексаў і ферм. На месцах трэба аператыўна рэагаваць і ліквідоўваць недахопы, якія выяўляе абласная ветэрынарная служба і рэгіянальныя інспекцыі ветэрынарнага нагляду. Асаблівую ўвагу звяртаць на кармленне свінапагалоўя: выкарыстоў-ваць толькі грануляваныя камбікармы і камбікармы ўласнай вытворчасці, збожжа для якіх прайшло неабходную тэрмічную  апрацоўку. Усе набытыя напаўняльнікі павінны мець сертыфікат якасці. Купляць іх трэба ў рэгіёнах, дзе няма заражэння афрыканскай чумой свіней.

Вытворчасць малака, свініны і мяса птушкі ў раёне рэнтабельная. Стратнай  з’яўляецца ялавічына (рэнтабельная яна толькі ў СВК “Гарадзея”). Такое становішча спраў склалася з-за дыспарытэту цэн. Але ж гэта не значыць, што ялавічынай  не трэба займацца. Спажыўцамі яна запатрабавана, прыносіць грошы сельгаспрадпрыемствам. І яны паступова нарошчваюць і адкормачнае пагалоўе, і яго прадуктыўнасць.

Перад прысутнымі выступілі таксама дырэктар райплемстанцыі Раіса Гурына і галоўны  ветэрынарны ўрач раёна  Сяргей Стрэчань, асвятліўшы пытанні галіны  па сваіх кірунках.

Задачы, якія стаяць перад  працаўнікамі жывёлагадоўлі, кіраўнікамі  сельгаспрадпрыемстваў, акрэсліў старшыня райвыканкама Іван Крупко. У прыватнасці, неабходна ўзмацніць работу над якасцю малака. У сувязі з тым, што плануецца змяненне  стандартаў, нормы ацэнкі якасці  малака стануць больш жорсткімі, неабходна неадкладна ўдзяліць пільную ўвагу данаму пытанню. З гэтай мэтай за кожнай  гаспадаркай будуць замацаваны  адказныя спецыялісты.

Па-ранейшаму актуальнай застаецца прафілактыка захворвання афрыканскай чумой свіней, і для гэтага неабходна строга выконваць усе патрабавані.

Залогам паспяховага развіцця  жывёлагадоўлі з’яўляецца добрая кармавая база. У раёне гэтаму надаецца вялікая ўвага, у тым ліку вырошчванню шматгадовых траў. Так, сёлета ў гаспадарках на плошчы 1377 гектараў, пасля ўборкі яравых збожжавых, будзе пасеяна люцэрна. Апошні тэрмін сяўбы — 10 жніўня. Толькі строга  вытрымліваючы тэхналогію, можна атрымаць належны  травастой.

Для якаснага захоўвання  травяніс-тых кармоў неабходна мець дастатковую колькасць  сянажных і сіласных траншэй. Сёлета іх у раёне пабудавалі 12, да канца ліпеня ўвядуць яшчэ 14.

Будуюцца ў гаспадарках і новыя памяшканні для ўтрымання жывёлы, якія называюць клюшачнікамі. У бягучым годзе іх будзе ўведзена 14.

Па пытаннях, што абмяркоўваліся на нарадзе, было заслухана ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”. Работнікам таварыства  дадзены канкрэтныя даручэнні па ліквідацыі недахопаў, якія маюць месца ў сельгаспрадпрыемстве.

Пасля пленарнага пасяджэння  адбыўся выезд  у сельгаспрадпрыемствы. У ААТ “17 верасня” кіраўнікі раёна  і гаспадарак наведалі ферму “Еськавічы”. Яна стаяла ў раённым плане добраўпарадкавання на май-чэрвень. Яно праведзена належным чынам. На ферме зроблена рэканструкцыя былых кароўнікаў з мэтай утрымання маладняку буйной рагатай  жывёлы на вырошчванні і адкорме. Тлумачэнні даваў дырэктар  таварыства Андрэй Коктыш.

У СВК “Гарадзея” ўдзельнікі  нарады пазнаёміліся з новымі аспектамі ў кормавытворчасці. Яны пабывалі на полі, дзе нарыхтоўваўся  сянаж з аднагадовага райграсу з падсевам фестулоліума і канюшыны, змаглі параўнаць яго з полем, дзе райграс рос у чыстым выглядзе. Зразумела, што ў першым выпадку гектар больш прадуктыўны. Працуюць гарадзейцы згодна з рэкамендацыямі спецыялістаў замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Рапуль-Бел”.  Акрамя старшыні гаспадаркі Мікалая Салаўя, тлумачэнні даваў прадстаўнік фірмы Міхаіл Ламанос.

 На ферме “Завітая” дзяржаўнага прадпрыемства “Эксперыментальная  база “Свеклавічная”, дзе “гідам” быў дырэктар базы Віталь Панкрат, паглядзелі ў дзеянні новы клюшачнік. У кожнага  кіраўніка свае падыходы да будаўніцтва гэтых памяшканняў, таму калегі маглі пераняць адзін у аднаго нейкі вопыт.

На ферме “Стрыхараўшчына” ЗАТ “Росіч” генеральны дырэктар Аляксандр Андрушкевіч азнаёміў з работай групы выкладчыкаў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны па абрэзцы капыт у кароў.

Аб’ектам увагі ў ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” стаў малочнатаварны комплекс “Слаўкава”. Дырэктар таварыства Юрый Скрыба паказаў, як праходзіць рэканструкцыя пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы на саламянай падсцілцы — больш бюджэтны варыянт, а таксама — мантаж клюшачніка.

У ААТ “Юшавічы” ў гэты дзень адбылося адкрыццё другой чаргі малочнатаварнага комплексу на 480 галоў “Затур’я” № 2. З гэтай нагоды запрасілі старшыню наглядальнага савета акцыянернага таварыства Віктара Азарку, дырэктара ТАА “Кулеш-Будкам” Івана Куляша, калектыў якога ўзводзіў комплекс, айца Васілія, які асвяціў аб’ект. Як патлумачыў дырэктар таварыства Алег Вінаград, робаты на новым кароў-ніку зманціраваны, на той дзень у ім стаяла 40 цялушак.

Напрыканцы нарады намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ірына Ксяневіч падвяла яе вынікі, яшчэ раз нагадаўшы галоўныя аспекты ў рабоце на бліжэйшы час.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.