Аграгарадок Сейлавічы рыхтуецца прымаць раённыя дажынкі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_0520

Тое, што раённыя дажынкі 2015 года пройдуць у Сейлавічах, было вырашана яшчэ летась. Таму і Сейлавіцкі сельскі выканкам, і ААТ “Сейлавічы” мелі час падрыхтавацца да свята. Бо кожны дбайны гаспадар, чакаючы гасцей, наводзіць у сябе парадак, прыгажосць. Як рыхтуюцца тут да адказнага мерапрыемства, мы папрасілі расказаць старшыню Сейлавіцкага сельвыканкама Васіля ЧЫЧКО. Вось што ён паведаміў:

— Даведаўшыся, што будзем прымаць раённыя дажынкі 2015 года, мы камісійна з прадстаўнікамі раённага аддзела адукацыі, цэнтральнай раённай бальніцы, акцыянернага таварыства пагля-дзелі стан школы, дзіцячага садка, амбулаторыі, адміністрацыйнага будынка выканкама і сельгаспрадпрыемства, вясковых вуліц. Склалі праграму падрыхтоўкі, вызначылі аб’ёмы работы.

Добра, што загадзя, восенню, аб’явілі пра тое, што свята прой-дзе ў нас. Да новага года мы закупілі патрэбныя матэрыялы (тратуарную плітку, бардзюры). Сёлета, у цяжкіх фінансавых умовах, гэта зрабіць было б цяжэй.

Цяпер жа работы на аб’ектах ідуць поўным ходам. Рабочыя ПМК-218 зрабілі фасад адміністрацыйнага будынка: выраўнялі сцены, патынкавалі іх, пафарбавалі. Зараз гаспадарчым спосабам вядзецца добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі. Сельвыканкам выдзеліў матэрыялы, сельгаспрадпрыемства наняло рабочых.

Школа і дзіцячы сад рамантуюцца за кошт аддзела адукацыі райвыканкама. У школе з’явіўся новы дах, атынкаваныя сцены фасада чакаюць афарбоўкі. Цяпер ідзе рамонт кабінетаў і санвузлоў. Мяняюць тую частку акон, якія яшчэ не былі заменены. На мінулым тыдні закрылі на рамонт дзіцячы садок. У ім трэба памяняць вокны, многае зрабіць унутры.

Амбулаторыя таксама пакрыта новым дахам. Тут адрамантавалі кабінеты галоўнага ўрача, акушэркі, працэдурны, стаматалагічны, фізіятэрапеўтычны. Вядуцца работы ў кабінеце фельчара і ў лабараторыі. Абноўлены і фасад будынка. Рамантуем за кошт райбальніцы.

IMG_0522

Яшчэ трэба шмат чаго зрабіць. На вуліцах Цвяточнай, Сонечнай, Школьнай адрамантаваць і часткова пакласці тратуары. Патрабуецца асфальтавае пакрыццё праезджай часткі. Сельгаспрадпрыемства плануе афарбоўку фасадаў будынкаў былых аптэкі і камбіната бытавога абслугоўвання, жылых дамоў па вуліцы Школьнай, якія знаходзяцца на балансе ААТ.

Правялі работу з насельніцтвам, пагутарылі з жыхарамі, каб яны пафарбавалі фасады дамоў, адрамантавалі, пафарбавалі платы, дзе гэта патрабуецца. Вынеслі прадпісанні тым, чые сядзібы выглядаюць нездавальняюча. На жаль, некаторыя чакаюць, што ім да дажынак новы плот паставяць за дзяржаўны кошт. Але ж такога ўжо не будзе. Трэба пазбаўляцца ад пачуцця ўтрыманства, разлічваць на свае сілы і сродкі, бо дом — гэта прыватная ўласнасць чалавека. Варта адзначыць, што некаторыя вяскоўцы прыступілі да добраўпарадкавання сваіх сядзіб, але вялікай разваротлівасці пакуль няма. Тэрміны прадпісанняў зыходзяць, будзем ізноў рабіць напамінкі.

— Васіль Рыгоравіч, каго з жыхароў Сейлавічаў можна адзначыць, чые сядзібы служаць добрым прыкладам для іншых?

— Ужо не раз адзначалася акуратная, прыгожая сядзіба галоўнага ўрача амбулаторыі Ігара Альфрэдавіча і бухгалтара ААТ Ніны Рудольфаўны Лукашэнка. Хочацца сказаць і пра сядзібу дбайных гаспадароў з вуліцы Цвяточнай бухгалтара сельгаспрадпрыемства Тамары Юльянаўны і былога вадзіцеля, а цяпер вартаўніка Вікенція Леанідавіча Калевіч.

Варта адзначыць і дачнікаў. На Цэнтральнай вуліцы купіла дом мінчанка Марта Сяргееўна Шмыдкова. На гэтай жа вуліцы ў спадчыну ад маці застаўся дом Ірыне Станіславаўне Лазарэвіч. На летні сезон сем’і прыязджаюць у вёску. У афармленне іх сядзіб укладзена шмат фантазіі, творчасці, густу. Разнастайныя кветкі, малыя архітэктурныя формы, новыя пафарбаваныя агароджы ўпрыгожваюць двары. І суседзі пачалі браць з іх прыклад. А гэта, безумоўна, добрая прыкмета.

— Ведаю, што ў Сейлавічах добры стараста вёскі — Алена Міхайлаўна Кувалдзін. Яна — ваш надзейны памочнік у пытаннях добраўпарадкавання.

— Так. Алене Міхайлаўне мінула 80 гадоў, але яна ўвішная, энергічная, неабыякавая. Пры яе арга-нізацыйных здольнасцях і непасрэдным удзеле, дзякуючы пэўнаму ўкладу сельвыканкама і сельгаспрад-прыемства, прыбраны ў вёсцы каталіцкія могілкі: спілены старыя дрэвы, высечаны хмызняк, пастаўлена агароджа. Яна і грошы з жыхароў збірала для гэтага, і сама шмат працавала там, і ў сельвыканкам часцяком заглядвала, турбавала, напамінала: дапамажыце тое, дапамажыце гэта. Такога настойлівага чалавека яшчэ трэба пашукаць. Яна і ў касцёле сейлавіцкім парадак падтрымлівае. І сваю ся-дзібу як след даглядае. Кожны год падфарбоўвае плот, вось сёлета зноў падфарбавала. Кветкі ў агародчыку цвітуць. Жыве яна цяпер адна, дзеці прыязджаюць на выхадныя і на лета. Але ўсюды жанчына паспявае, усюды спраўляецца.

На могілках жа цяпер, і каталіцкіх, і праваслаўных, толькі трэба рэгулярна скошваць траву, прыбіраць. Выканкам выдзяляе для гэтага людзей, гаспадарка аплачвае іх работу.

Дарэчы, сёлета на праваслаўных могілках адкрылі капліцу. Будаўніцтва яе пачыналі ўжо колькі гадоў таму, нарэшце, закончылі. Будоўля была народнай: уклад у яе ўносілі і акцыянернае таварыства, і сельвыканкам, і жыхары.

— Адна з важных работ выканкама — ліквідацыя закінутых сядзіб, дзе ў дамах ніхто не жыве…

— Працуем і ў даным кірунку. У 2015 годзе ў Сейлавічах бу-дзе знесена 5 такіх дамоў, а можа — і болей атрымаецца. Ёсць цяжкасці з пошукамі нашчадкаў. Даводзіцца выходзіць на іх нават праз міліцыю тых гарадоў, дзе жывуць. Бывае, на пасяджэнні суда ісцец клятвенна запэўнівае, што будзе прыбіраць сядзібу — і нічога не робіць, не паказваецца ў вёсцы. Год праходзіць — нам трэба ізноў збіраць поўны пакет дакументаў на прызнанне дома безгаспадарным. Або ёсць у нас такі факт. Спадчыннік адной палавіны дома жыве ў Дзяржынску, спадчыннік другой палавіны — у Германіі. Калі з першым пытанне вырашыць можна, то другога давядзецца, мабыць, адшукваць праз Інтэрпол. Тры гады, пакуль праходзіць неабходная працэдура прызнання дома безгаспадарным, косім траву вакол яго, прыбіраем. На дадзены момант у Сейлавічах на вуліцы Цэнтральнай тры такія дамы, якія даглядае сельвыканкам. У гэтым аграгарадку маем 8 участкаў пад будаўніцтва, якія сталі свабоднымі і перайшлі выканкаму пасля зносу нежылых дамоў. Бяс-платна выдзяляем іх для ўзвядзення жылля, згодна з чаргой, тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Клопатаў шмат, але ўсе яны накіраваны на паляпшэнне вы-гляду нашых вёсак, таму — апраўданы.

—      Дзякуй, Васіль Рыгоравіч, за змястоўны расказ.

  Інтэрв’ю правяла

 Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.