Магазін, з якога не хочацца выходзіць

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Дырэктар ПГУП “МірКір” Мікалай Корзун каля вітрыны з бытавой хіміяй

Дырэктар ПГУП “МірКір” Мікалай Корзун
каля вітрыны з бытавой хіміяй

IMG_8878

Калі заходзіш у магазін  “Віейка”, што размешчаны па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Грыцкевічах, то ловіш сябе на думцы, што выходзіць адсюль зусім не хочацца. І справа не толькі ў яркіх вітрынах, прыемных колерах сцен і падлогі, але і ў асаблівым адчуванні спакою, утульнасці і ветлівасці, якія тут пануюць. І сапраўды, ці шмат дзе, нават у горадзе, яшчэ знойдзеш гандлёвую кропку з невялікім, але вельмі прывабным басейнам у цэнтры гандлёвай залы, дзе калышуцца ў вадзе марскія расліны і плаваюць жывыя чарапашкі, а падаконнікі аздоблены акварыумамі з бліскучымі рыбкамі?

Аб тым, як стваралася ўся гэта прыгажосць і  як увогуле дзейнічае магазін, я папрасіла расказаць яго гаспадара, дырэктара прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “МірКір” Мікалая Корзуна. Па яго словах, уласна магазіну “Віейка” 16 жніўня споўніцца год са дня адкрыцця, а само ПГУП “МірКір”, якое пачыналася як “ІП Габрынеўская”, існуе з лютага 2008 года і за гэты час прайшло немалы шлях развіцця. На месцы дзеючага зараз магазіна раней быў павільён, і пасля афармлення ўсёй патрэбнай дакументацыі пачалося будаўніцтва капітальнага будынка. Якім павінен быць новы магазін, гаспадар дасканальна прадумваў сам, і ўжо па яго задумцы прафесіяналы рабілі праект.

Мікалай Корзун дэманструе  жывую  чарапаху  з міні-басейна  ў сваім  магазіне

Мікалай Корзун дэманструе
жывую чарапаху з міні-басейна ў сваім магазіне

— Ставіць пасярод гандлёвага зала традыцыйны вялікі лар для самаабслугоўвання мне не хацелася, — гаворыць Мікалай Сяргеевіч. — Гэта занадта звыкла і нецікава. Мне заўсёды падабаліся міні-басейны, і я вырашыў упрыгожыць такім чынам і магазін. Да таго ж, басейн уладкаваны так, што яго ў любы момант можна прыняць і зрабіць на яго месцы нешта другое. Акварыумы на падаконніках з’явіліся выпадкова, адразу я не планаваў імі займацца, але затым “вадзяная тэма” неяк захапіла, я даведаўся шмат новага пра акварыумных рыбак, і атрымалася тое, што атрымалася.

Дарэчы, прыемна воку тут не толькі ў самім магазіне, але і каля яго. Тэрыторыя ўпрыгожана клумбай з камянямі, карлікавым кустоўем. “Можна было, вядома, проста засеяць усё навокал травой і касіць яе, але мы вырашылі добраўпарадкаваць тэрыторыю, каб падабалася нам самім. А што прымна самім, то прыемна і другім”, — небеспадстаўна лічыць Мікалай Сяргеевіч. (Дарэчы, у момант візіту карэспандэнта “НН” гаспадар магазіна ўласнаручна падчышчаў зелле каля клумбы).

Што да назваў самога прадпрыемства і магазіна, то, як патлумачыў гаспадар, “МірКір” — гэта першыя літары ад імёнаў яго старэйшага і сярэдняга сына — Міра-слаў і Кірыл, а калі нарадзілася малодшая дачушка Валерыя, то імя сваё яна, калі толькі пачала гаварыць, вымаўляла па-свойму — Віейя, і яе жартам называлі Віейка. Так і з’явілася назва магазіна — каб дзеці не крыўдзіліся, што ў гонар аднаго нешта назвалі, а ў гонар другога — не.

Клумба каля магазіна “Віейка”

Клумба каля магазіна “Віейка”

На просьбу расказаць пра асартымент магазіна, Мікалай Сяргеевіч адказаў, што адразу гэта зрабіць не так лёгка — гандаль на сяле дазваляе мець вельмі шырокі набор тавару. Прасцей назваць яго катэгорыі — гэта і прадукты, і адзенне, і бытавая хімія, і канцылярыя, і цацкі. Усё гэта захоўваецца па санітарных нормах у асобных аддзелах ці зашклёных шафах.

Тавар у магазін пастаўляе мноства беларускіх фірм, якія цяжка пералічыць поўнасцю. “Калі, напрыклад, для бытавой хіміі гэта дзясяткі розных кампаній, — гаворыць гаспадар, — то хлебазаводаў і мясакамбінатаў на парадак менш, але і тут неабходна прадастаўляць пакупніку выбар. Напрыклад, сярод хлебазаводаў — гэта наш, Нясвіжскі, Баранавіцкі, Лідскі, чатыры Мінскія заводы, сярод мясакамбінатаў — у першую чаргу таксама наш, СВК “Агракамбінат Сноў”,  а таксама Бярозаўскі, Мінскі, Слонімскі і іншыя.

Прадаўцы Алена Скрыба і Алена Крукоўская  абслугоўваюць чарговага пакупніка

Прадаўцы Алена Скрыба і Алена Крукоўская
абслугоўваюць чарговага пакупніка

На пытанне аб спецыфіцы гандлю на сяле Мікалай Сяргеевіч адказаў, што раней, калі людзі мелі менш машын і былі больш прывязаныя да свайго месца жыхарства, у нечым, магчыма, было і лягчэй, то цяпер розніцы паміж сельскімі і гарадскімі жыхарамі няма — трэба ўсюды вытрымліваць высокі ўзровень абслугоўвання і прадастаўляць шырокі асартымент тавару. “Цэны мы таксама стараемся трымаць прымальнымі для пакупніка, каб яму не хацелася ехаць кудысьці за трыццаць — сорак кіламетраў, каб купіць тры рэчы з разрэкламаванай скідкай і пры гэтым яшчэ пяць — даражэй, чым у нас”, — адзначыў ён.

Зараз ПГУП “МірКір” у нашым раёне, акрамя магазіна ў Грыцкевічах, належаць павільён у вёсцы Аношкі і гандлёвая кропка ў будынку былога магазіна райспажыўтаварыства ў вёсцы Мацы-лёўшчына, які арэндуецца, ідзе рамонт павільёна ў вёсцы Казлы.

Гандаль для прадпрымальнікаў ужо шмат гадоў з’яўляецца справай сямейнай, справай усяго жыцця, у якую яны ўкладваюць шмат сіл, розуму і сапраўднага творчага натхнення, без якога не было б у аддаленай вёсцы раёна ўсёй гэтай прыгажосці. Няхай жа ім спрыяе поспех і плён у працы, якая вельмі патрэбна людзям!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.