НАМ ЁСЦЬ ЧЫМ ГАНАРЫЦЦА …

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

gallery_2179_434_186970

Досыць часта мы чуем: я люблю Беларусь, я ганаруся Беларуссю. Многія мерапрыемствы ў краіне праводзяцца пад лозунгам “Жыву ў Беларусі — і тым ганаруся!”

За што ж мы яе любім, нашу сінявокую? Цікава, што сам выраз “сінявокая Беларусь” належыць украінскаму паэту Уладзіміру Сасюру, які любіў нашу старонку і  часта бываў у гарадах і вёсках нашай краіны. Які ж час, якая духоўная прастора, якія людзі ў беларускай гісторыі найперш заслужылі таго, каб не толькі нам пераймаць у спадчыну, але яшчэ і перадаць нашым нашчадкам з ХХІ стагоддзя ў наступныя?..

Давайце  звернемся да мінулага. Назаву самыя старажытныя гарады Беларусі — Полацк, Тураў, Друцк, Лукомль, Брэст, Віцебск, Гродна, Пінск, Орша, Мінск, Лагойск, Навагарудак, Слонім. Самыя старыя помнікі старажытнарускай пісьменнасці (развівалася на старажытнарускай і стараславянскай мове на аснове кірыліцы) — Астрамірава Евангелле (1056 — 57), Тураўскае Евангелле (ХІ ст.). Пра пашырэнне айчыннай пісьменнасці сведчаць таксама шматлікія летапісы, у тым ліку агульнарускі летапісны звод “Аповесць мінулых гадоў”, берасцяныя граматы, графіці, помнікі эпіграфікі (Барысавы камяні, Рагвалодаў камень).

Вялікую ролю ў духоўным жыцці старажытнай Беларусі адыгрывалі манастыры, дзе ажыццяўляліся перапіска і пераклад кніг. У Полацку перапіскай і распаўсюджваннем кніг займалася  знакамітая князёўна Ефрасін-ня Полацкая. Адметна, што самым папулярным жанрам арыгінальнай літаратуры была аповесць. Вяршыняй старажытнай усходнеславянскай літаратуры з’яўляецца “Слова аб палку Ігаравым”, прасякнутае глыбока патрыятычным пафасам, фальклорнай, язычніцкай сімволікай. Кірыла Тураўскі праславіўся як выдатны майстар урачыстага царкоўнага красамоўства, як аўтар “слоў”.

Яшчэ ў ХІІ стагоддзі ў культавым будаўніцтве пад уплывам першага манументальнага збудавання на тэрыторыі Беларусі — Полацкага  Са-фійскага сабора — склалася ўнікальная Полацкая школа дойлідства (Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, аўтарам якой з’яўляецца дойлід Іаан, Бельчыцкі  Барысаглебскі манастыр). Самабытнай была і Гродзенская школа дойлідства (Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенская Барысаглебская царква (Каложская). Арыгінальныя рысы выявіліся таксама ў архітэктуры Віцебскай Дабравешчанскай царквы і ў знакамітым помніку абарончага дойлідства — Камянецкай вежы. У Полацку, Гродне, Віцебску аформіліся ўнікальныя цэнтры манументальнага жывапісу. Ужо ў тыя часы людзі імкнуліся да незалежнасці, і адным з першых у феадальнай Русі сталі адасабляцца Полацкае княства, затым — Тураўскае і Гродзенскае.

З ХІІІ ст. з’явіліся характэрныя  рысы беларускай мовы, якія  на працягу ХV — ХVІ ст. выразна акрэсліліся і замацаваліся ў афіцыйных дакументах і іншых помніках беларускай пісьменнасці і літаратуры.  З ХІV ст. пачаў ужывацца тэрмін “Белая Русь”, спачатку ў дачыненні да паўночна-усходніх і ўсходніх рэгіёнаў, а пасля і да ўсёй тэрыторыі Беларусі.  Пра рост гістарычнай і этнічнай самасвядомасці беларускай народнасці сведчылі напі-санне беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік ХІV—ХVІ стст.  (“Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс  1446”, “Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”.

Статут Вялікага Княства Літоў-скага 1529 г. (новыя, пашыраныя рэдакцыі былі прыняты ў 1566 і 1588 гг.) — адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў.

Вяршыняй тагачаснай беларускай літаратуры стала гуманістычная дзейнасць вучонага-энцыклапедыста, першадрукара, пісьменніка і мастака Францішка Скарыны, у асобе якога беларуская культура выйшла на міжнародную арэну.

Пачынаючы з  2-й паловы ХVІ ст., было пабудавана мноства замкаў і храмаў-крэпасцей: Мірскі, Лідскі, Крэўскі замакі, Мураванкаў-ская царква-крэпасць,  Сынковіцкая царква-крэпасць, Навагрудская Барысаглебская царква, Ішкалдскі Троіцкі касцёл, Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл. Пануючым мастацкім кірункам у архітэктуры было барока, сярод лепшых узораў дойлідства гэтага стылю назавём наступныя: Нясвіжскі касцёл езуітаў, Магілёўскі Богаяўленскі сабор, Магілёўская Мікалаеўская царква, Гродзенскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў, Міхалішскі касцёл, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак, Магілёўская ратуша, Віцебская ратуша. А сама мастацкая сістэма позняга барока атрымала назву віленскага барока (перабудова Полацкага Сафійскага сабора, Вольнаўская Троіцкая царква, Слонімскі Андрэеўскі касцёл).

З ХVІ ст. на Беларусі склалася самастойная школа жывапісу. Беларуская іканапісная школа вызначалася насычанасцю этнаграфічнымі дэталямі, а свецкі партрэт — рэалістычнасцю і псіхалагічнай глыбінёй.

Росквіт беларускай драўлянай скульптуры і разьбы па дрэве прыпадае на ХVІ — ХVІІ стст., калі айчынная разьба стала шырока вядома за межамі Беларусі. Многія беларускія разьбяры працавалі ў Аружэйнай і іншых палатах Маскоўскага Крамля.

Былі створаны многія іншыя культурныя каштоўнасці, у тым ліку — сусветна вядомыя слуцкія паясы.

Беларуская народная паэтычная творчасць была непаўторнай формай мастацкага мыслення,  багатай крыніцай ведаў, своеасаблівым кодэксам маральных норм. А казачны эпас беларусаў лічыцца адным з найбагацейшых і найярчэйшых сярод славян.

Своеасаблівым сімвалам духоўных сувязей беларусаў і рускіх з’явілася творчасць Сімяона Полацкага, якая вызначыла шляхі развіцця ўсёй усходнеславянскай паэзіі перыя-ду Асветніцтва.

Развіццё беларускасці цярпела вялікія цяжкасці. З 1842 г. афіцыйна забараняўся тэрмін “Беларусь”, замест яго паўсюдна ўводзіўся тэрмін “Паўночна-Заходні край”, не дазвалялася друкаванне кніг па-беларуску. У прыгонных тэатрах (у Нясвіжы, Слуцку, Слоніме, Шклове, Гродне, Гомелі) ішлі спектаклі на польскай, французскай, італьянскай, нямецкай, рускай мовах. У Нясвіжы і Слуцку магнаты Радзівілы стварылі музычную, вакальную і балетную школы, дзе французскія і італьянскія спецыя-лісты вучылі майстэрству прыгон-ных музыкантаў, спевакоў, танцораў. Свае драматычныя, оперныя, балетныя тэатры мелі Агінскія, Сапегі, Тышкевічы, Зорыч, свой цырк — пан  Оштарп. Беларускія прыгонныя артысты былі вядомы на варшаўскай і пецярбургскай сцэнах.

У 1840-50-я г. дзейнічаў тэатр В.Дуніна-Марцінкевіча, які паставіў першы беларускі музычны спектакль “Ідылія”. У ХІХ стагоддзі збіраліся і публікаваліся разнастайныя матэрыялы па фальклоры і этнаграфіі беларусаў (“Слоўнік беларускай мовы” І.Насовіча, шматтомныя фальклорна-этнаграфічныя працы А.Кіркора, Е. Раманава, П.Шэйна, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, А.Сержпутоўскага. Фундаментальны ўклад у беларусазнаўства зра-біла даследаванне Я.Карскага “Беларусы” (т.1-3, 1903-1922).

Найярчэйшым выражэннем нацыянальнай свядомасці ў пачатку ХХ ст. стаў верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?” Асабліва шмат для згуртавання беларускіх літаратурных сіл зрабіла газета “Наша ніва”. Заснавальнікамі новай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы сталі Янка Купала і Якуб Колас. На аснове вечароў беларускай культуры, што адбываліся ў гарадах і вёсках па ініцыятыве Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні, нарадзіўся беларускі прафесійны тэатр. Арганізатарам яго стаў Ігнат Буйніцкі.

Айчынная літаратура ХХ ст.  выдатна вырашыла задачу зразумення і асэнсавання нацыянальнага характару беларусаў, дыялектыкі нацыянальнага і інтэрнацыянальнага, свайго ўласнага і агульначалавечага. Шмат для духоўнага выхавання народа зрабілі Дзяржаўны тэатр оперы і балета, Беларускі тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі тэатр імя Якуба Коласа, якім нададзена званне акадэмічных.

Сёння беларуская культура  развіваецца ва ўмовах  узаемаўзбагачэння з культурамі іншых народаў, што выражаецца ў росце мастацкага перакладу кніг, у актывізацыі правядзення дэкад, тыдняў і дзён беларускай літаратуры і мастацтва за межамі Беларусі, дэкад, тыдняў і дзён іншых народаў на Беларусі. У Беларусі сур’ёзна вывучаюцца праблемы беларуса-знаўства (гісторыя, мовазнаўства, фалькларыстыка, этнаграфія, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства, краязнаўства).

Нам разам пісаць і тварыць гісторыю і культуру Беларусі ХХІ стагоддзя і яе надзвычай таленавітага народа! Бо дзе ж яшчэ знайсці любоў да Бацькаўшчыны і вернасць зававетам нацыі, калі не ў самога народа?! Менавіта любоў да Радзімы — першае вызначэнне цывілізаванага чалавека. Любіць Беларусь — гэта значыць палымяна і страсна жадаць бачыць у ёй ажыццяўленне найбольш прыгожых ідэалаў чалавецтва, па магчымасцях і здольнасцях садзейнічаць гэтаму!

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

краязнаўца.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.