“Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму”

Поделитесь с друзьями
  • 2
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

 

Фота 1

Фота 1

Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці. Шмат стагоддзяў карыстаюцца ім беларусы. Ткуць і расшываюць яго і сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала мноства папярэдніх пакаленняў.

Цікавасць да гэтага прадмета абумоўлена не толькі прыгажосцю яго тканага, вышыванага або плеценага дэкору, але і цеснымі сувязямі з абрадавым жыццём народа, сімволікай шматлікіх функцый. Па-ранейшаму ручнік абавязкова прысутнічае ў найбольш важныя этапы жыццёвага шляху чалавека.

Ручнікі разных рэгіёнаў адрозніваюцца мясцовым каларытам, формай і размяшчэннем узору, тэхнікай выканання.

“Мамін  ручнік — белая дарога ў вечнасць.

Усё яе жыццё —  патканае надзеямі.

Усе яе надзеі —  пабітыя градам болю.

Увесь яе боль — падшэрхлая  скарынка цярпення.

Усё яе цярпенне — крона  магутнага  радавога дрэва.

Трымаю аберуч святую —

Мамай сатканы ручнік

З кутасамі надзеі і веры —

І не веру, што некалі гэтае  сонейка зойдзе!”

Гэтым прыгожым вершам беларускай паэткі Ніны  Загорскай распачалося фальклорнае  падарожжа “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму” ва Ужанкаўскім сельскім Доме культуры.

Якія трывожныя думкі! Якая жальба, якія хвалюючыя і балючыя радкі! Чаму ж так маркоціцца і засмучаецца аўтар, калі ўзгадвае ручнік? Чаму гэты смутак перадаецца і нам? На гэтыя пытанні гледачам адказалі вядучыя мерапрыемства: загадчык Ужанкаўскага  СДК Віктар Шыманскі і аўтар гэтых радкоў (фота 2). Мы прасачылі шлях ручніка з дня мінулага ў дзень сённяшні.

У выкананні Настассі Глобаж, Таццяны Жук, Настассі Дрык і Мікіты Дрык прагучалі вершы Н. Загорскай “Мамін ручнік”, Л. Геніюш “Куфар”, А. Пысіна “Ручнік”.

На мерапрыемства была за-прошана  майстрыха, вышывальшчыца ручнікоў з вёскі Ужанка Валянціна Сяргееўна Буян. Яна са сваімі вырабамі прысутнічае на выставах, якія праходзяць у розных гарадах Беларусі. І мы з задавальненнем паклікалі яе на сустрэчу з вяскоўцамі. На сцэне СДК аформілі прыгожую выставу “Крылы ільняныя — ручнікі” з вырабаў Валянціны Сяргееўны. Хочацца адзначыць, што ручнікі ў яе пераважна з беларускім арнаментам.

Фота 2

Фота 2

На пытанні “Якое месца займаюць беларускія ручнікі сярод астатніх Вашых вырабаў?”,  “Колькі часу будзе доўжыцца жыццё беларускага ручніка?” Валянціна Сяргееўна адказала: “Упэўнена, што не менш значнае, чым астатнія вырабы, бо попыт на іх ёсць. І колькі будзе жыць беларус, столькі будзе беларускі ручнік! Яны непарыўна звязаны”.

Мы даведаліся, што вышываць наша госця навучылася яшчэ ў школьныя гады. А іменна з руч-нікамі працуе чатыры  гады.

Нарадзілася Валянціна Сяргееўна ў горадзе Століне Брэсцкай вобласці, дзе і пражыла доўгі час. Але склалася так, што прыйшлося памяняць месца жыхарства. пераехала Валяціна Сяргееўна ў нашу Ужанку і аб гэтым ніводнага дня не шкадуе. Валянціне вельмі падабаецца наша мясцовасць. Ды яшчэ адсюль бліжэй да сына, які жыве ў Мінску.

Валянціна чалавек творчы, з залатымі рукамі. Калісьці ў суседкі яна ўбачыла ручнік, які вельмі спадабаўся. Захацелася вышыць такі ж і сабе. І першым яе ручніком быў вясельны — з ружамі і птушкамі. У раённай бібліятэцы яна брала літаратуру пра беларускую вышыўку. Потым сын знайшоў літаратуру ў электронным варыянце. Яна з цікавасцю вывучала беларускія арнаменты і ўзоры. Гэтыя ўзоры маюць сваё значэнне, сімвалы. На ручніках некалі выказваліся думкі, пажаданні.

Фота 3

Фота 3

— І гэта ўсё вельмі заваражыла. Мне захацелася паказаць усім людзям гэтую прыгажосць узораў. Нават было балюча, што мы, беларусы, часам забываемся пра сваю цудоўную спадчыну, — гаворыць Валянціна.

У апошні час яна не проста капіруе ўзоры, а стараецца ўдыхнуць у іх сучасныя ноткі.

Валянціна Буян — пастаянная наведвальніца Ужанкаўскіх СДК і бібліятэкі. Яна карыстаецца бібліятэчнай літаратурай, дапамагае ў афармленні выстаў, якія праходзяць у Доме культуры. Радуецца, што людзі цікавяцца сваёй спадчынай.

У знак удзячнасці для майстрыхі Валянціны Буян прагучала на нашым мерапрыемстве песня “Вышывальшчыца”  ў выкананні Любові Дрык, мастацкага кіраўніка Ужанкаўскага СДК. А яшчэ ў падарунак Валянціна Сяргееўна атрымала прыгожыя кветкі.

Тыя, хто прыйшоў на мерапрыемства, з цікавасцю знаёмі-ліся з выставай, са спецыяльнай літаратурай. На нашым здымку 3 вы бачыце за гэтым заняткам жыхарку Ужанкі Вольгу Шэфер.

Людміла  ГУЛЕНКА,

бібліятэкар  Ужанкаўскай сельскай  бібліятэкі.

 


Поделитесь с друзьями
  • 2
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.