Праўда з фронту

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

письмаpng

У 1945 годзе  старшыні Быхаўшчынскага сельскага Савета С.І. Наздрачову прыслаў пісьмо з фронту аднавясковец, чырвонаармеец Леанід Дудко. Сцяпан Наздрачоў перадаў яго ў рэдакцыю раённай газеты “Чырвоны сцяг”, у якой яго і надрукавалі.

Сёння мы прыводзім  вытрымку з таго франтавога  ліста. Стыль і арфаграфія  арыгінала захаваны:

“…Прайшоў праз усю Польшчу і хачу  апісаць Вам, таварыш Наздрачоў, крывавыя справы нямецкіх звярэй, якія яны рабілі на польскай тэрыторыі. Фашысцкія бандыты вывозілі польскіх сялян на катаргу ў Германію, а на іх землях пасялялі  сваіх каланістаў. Застаўшыяся сяляне павінны былі працаваць на каланістаў дарэмна. Усе прадукты з калоній вывозіліся ў Германію. Насельніцтва галадала. Людзі жылі ў найхудшэйшых умовах ад жывёлы. Польскае насельніцтва не мела ніякіх правоў. Польскаму народу было звернута рабства, якое існавала тысячы год назад.

Многа перацярпеў польскі народ. З якой радасцю насель-ніцтва Польшчы сустракае Чырвоную Армію — сваю вызваліцельніцу. Насустрач выносяць усё лепшае, што маюць: кветкі, табак, малако.

Праклятыя акупанты зрабілі б і ў нас тое самае. Але ім не хапіла часу. Чырвоная Армія вышвырнула іх з нашай тэрыторыі. Мы зараз ідзём па нямецкай зямлі — ідзём як суддзі, як мсціўцы. Мы адпомсцім за слёзы нашага народа, за гора, якое яны прычынілі нам, за смерць нашых дзяцей і бацькоў. Мы з чэсцю выканаем прыказ таварыша Сталіна № 220 — даб’ём нямецкага звера ў яго ўласнай бярлозе і ўзнімем над Берлінам сцяг перамогі…” (“Чырвоны сцяг” за 23 лютага 1945 г.)

Гэта яшчэ адзін напамін тым, хто зараз хоча перапісаць гісторыю нашага народа, гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, хто гаворыць: “вось, каб  немцы засталіся тут, то і мы жылі б так добра, як яны цяпер у сваёй Германіі”.

Не, не жылі б так. А хутчэй за ўсё, не жылі б зусім.

У фашыстаў наконт нас былі іншыя планы.

У сакрэтным мемарандуме Гімлера “Некаторыя думкі пра  абыходжанне з насельніцтвам  на Усходзе” ад 25 мая 1940 года гаварылася, што захопленыя ўсходнія тэрыторыі належыць разглядаць як аб’ект каланізацыі і германізацыі, што акупацыйная палітыка павінна быць накіравана на  тое, каб ператварыць актыўную масу “іншароднага насельніцтва” ў напаўпісьменных рабоў. Масавы тэрор, рабаванні, гвалтаванне і забойствы на акупіраванай тэрыторыі, фізічнае знішчэнне яе насельніцтва ўзводзіліся ў ранг дзяржаўнай палітыкі трэцяга рэйха.

І ажыццяўленне гэтай палітыкі на тэрыторыі суседняй Польшчы мы яскрава бачым з пісьма нашага земляка, байца Чырвонай Арміі Леаніда Дудко.

З усімі жахамі акупацыйнага рэжыму сутыкнуліся беларусы. Нагадаю: толькі  ў Нясвіжскім раёне за перыяд гаспадарання фашыстаў было зверскі замучана і расстраляна  больш за 10000 чалавек, з іх — каля 1000 дзяцей да 14-гадовага  ўзросту. На катаржную працу ў Германію гітлераўцы гвалтоўна ўгналі 2800 чалавек…

22 чэрвеня 2015 года пад Мінскам урачыста адкрылі мемарыяльны комплекс “Трасцянец”, дзе ў гады вайны дзейнічаў самы буйны на акупіраванай тэрыторыі Савецкага Саюза канцэнтрацыйны лагер, у якім абарвалася жыццё больш за 200 тысяч чалавек. Выступаючы на мітынгу-рэквіеме “Вароты Памяці”, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Гады фашысцкай акупацыі пакінулі глыбокі след на нашай зямлі. Спаленыя вёскі і разбураныя гарады, бесчалавечныя “фабрыкі смерці” — усё гэта было нацэлена на знішчэнне нашага народа. Ад Беларусі практычна не засталося і следу. Нельга забывацца, што на тэрыторыі краіны было амаль  250 лагераў савецкіх ваеннапалонных, 350 месц зняволення грамадзянскага насельніцтва, 186 яўрэйскіх гета…”

Нядоўга давялося гаспадарыць ворагу на нашай зямлі. 23 чэрвеня 1944 года пачалася выдатна спланаваная Беларуская наступальная аперацыя “Баграціён”, у выніку якой войскі Чырвонай Арміі разграмілі гітлераўцаў, выгналі іх з акупіраванай тэрыторыі. Для правядзення аперацыі былі прыцягнуты сілы 1-га Прыбалтыйскага, 3-га Беларускага, 2-га Беларускага і 1-га Беларускага франтоў, авіяцыя далёкага дзеяння і Дняпроўская ваенная флатылія. Асобную сілу і размах набылі і дзеянні партызанскіх злучэнняў у тыле ворага. Па сваім размаху, колькасці сіл, што ўдзельнічала ў ёй, аперацыя “Баграціён” з’яўлялася адной з буйнейшых не толькі  ў Вялікую Айчынную, але і ў Другую сусветную вайну. Наступленне, якое пачалося  ў паласе 700 км, завяршылася на фронце шырынёй каля 1000 км.

Больш за 1600 савецкіх воінаў, якія вызначыліся ў Беларускай аперацыі, былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Сярод іх — лейтэнант М.П. Лешчанка, узвод якога 3 ліпеня 1944 года прыняў бой з фашысцкімі танкамі на ўскраіне Нясвіжа. Адной гарматай смелыя і мужныя байцы падбілі 5 варожых машын, прымусіўшы астатніх павярнуць назад.

Днём вызвалення Беларусі стаў дзень 3 ліпеня, калі быў вызвалены Мінск. А 28 ліпеня ўзяццем Брэста савецкія войскі завяршылі выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі.

Мы таму і жывём сёння, радуемся сонцу і высокаму чыстаму небу, працуем, гадуем дзяцей і ўнукаў, адпачываем, любуючыся прыгажосцю  роднага краю, што 71 год назад  нашы дзяды і бацькі прагналі  ворага з беларускай зямлі, а затым знішчылі пачвару ў яе логаве. Нізка кланяемся вызваліцелям за іх бессмяротны подзвіг.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ. 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.