Сусветнае веча

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

монитор

Дзе яшчэ можна ў наш час усё знайсці, абмеркаваць, параіцца, пазнаёміцца, палячыцца, даведацца?  Ну, вядома ж, праз інтэрнэт. Помніце, як сказаў  інспектар Грандэн з фільма “Шукайце жанчыну”: “Калі мне трэба будзе пра што-небудзь абвясціць увесь Парыж, — я звярнуся да Вас, мадмуазель Пастык”. Сёння галоўная гераіня камедыйнага серыяла  клікнула б “Аднакласнікаў” ці “У кантакце”, каб паведаміць усяму свету пра  свае дэтэктыўныя здольнасці  ці прадэманстраваць фатаграфіі з Лазурнага берага. Колькі народу падсела на камп’ютарныя  гульні, наўрад ці хто падлічыць. А жаданне расказаць пра ўласны адпачынак у Турцыі ці на Мальдзівах з кожным месяцам набірае ўсё больш жадаючых. Такім чынам,  можна пабачыцца ў сеціве са сваімі знаёмымі, калі ты іх даўно не бачыў наяве і палюбавацца іх фотавыявамі на фоне Чорнага ці Адрыятычнага мораў, у сямейным коле, на пікніку, з унукамі і сяброўкамі. А па “скайпе” пагаварыць з сяброўкай, якая жыве за некалькі дамоў. Аматары прыгод і ахвотніцы замежных жаніхоў  падключаюцца да гульні “А раптам пашанцуе?” На жаль,  яны часцей за ўсё прайгра-  юць, і не толькі маральна, але і матэрыяльна, выслаўшы “трапіўшаму ў цяжкае становішча  ”іншаземцу” свае кроўныя грошы. І калі хто навучыцца, што не трэба верыць камп’ютарным махлярам, сказаць цяжка. Ёсць і канкрэтны трагічны выпадак. Усе газеты пісалі пра Юлію Саламаціну, якая на сайце знаёмстваў завязала адносіны з хлопцам, прыехала да яго позна вечарам. Ён аказаўся нідзе не працуючым, быў на момант сустрэчы п’яным і ў ходзе сваркі, што адбылася між імі, задушыў дзяўчыну. Адбыўся суд, вінаваты і яго маці-саўдзельніца цяжкага злачынства атрымалі прыгавор і будуць адбываць пакаранне. Гэты выпадак павінен навучыць маладых быць асцярожнымі і думаць, перш чым завязваць віртуальнае знаёмства. Хаця, вядома, здараюцца выпадкі і са шчаслівым канцом. І ўсё ж варта быць абачлівымі, як дзяўчатам, так і хлопцам.

Многа чаго ёсць у сусветнай павуціне, як называюць інтэрнэт, і добрага, і дрэннага, трэба толькі ўмець усё прасейваць. А для пустой цікаўнасці многія заглытваюць і ролікі, дзе ў асноўным адбываюцца бойкі на дарозе ці  дэманстрацыя розных “здольнасцей”, ад  прагляду якіх адчуваеш сябе не ў сваёй талерцы. Чытаеш  цынічныя жарты і думаеш: хто іх запускае ў народ і для чаго? Анекдоты з нецэнзурнымі  словамі і пошлым сэнсам. Як абараніць ад гэтага бруду дзяцей? Тут ужо бацькі павінны патлумачыць, чаму нельга чытаць  і глядзець такое, калі ёсць лепшае.  А паказы п’яных ці  жывёл, якія валяюцца ў гразі?  Колькі такога спаму   носіцца ў віртуале! Гуляе па нэце і гарачае жаданне паказаць свету сваіх таленавітых дзетак, праўда, здольнасці тыя падаюцца ў дзіўным плане, і часта далёка не дзіцячым. Не так даўно паказалі  ролік, дзе пяцігадовая дзяўчынка спявала песню… “Чарка гарэлкі на стале…” і далей у падобным духу. Наўрад ці яна ведае пра Чабурашку  або Бураціна, што такое добра і што такое дрэнна,  калі бацькі  навучылі  “сучасным”, дачасным  яе ўзросту песням. Мала таго, як аб’явіў у сваёй перадачы “Няхай гавораць” Андрэй Малахаў, “гэты ролік узарваў інтэрнэт і набраў мільёны праглядаў”. У студыю  запрасілі “гераіню” з мамай, а прысутныя захапляліся і расчульваліся ад гонару… А чым, уласна кажучы, ганарыцца? Тым, што дзіця ўжо не мае дзяцінства, яно рвецца на дарослую свабоду за кошт блатной песні. Што будзе далей, уявіць няцяжка: зайздрасць равеснікаў, ганарыстасць дзяўчынкі і бацькоў, жаданне выдзеліцца пойдзе шпаркімі тэмпамі. Такое выхаванне ў некаторых камп’ютарных дзяцей. Але чым  думаюць  таты і мамы?  Маральныя каштоўнасці далі  яўны крэн у бок  нізкапробнай  папулярнасці і адсутнасці  элементарнай  сціпласці. Прасла-віцца любым чынам, засвяціцца, а далей — хоць патоп. Такая пазіцыя, безумоўна,  дасць рэзананс у свой час, але якім ён будзе, сёння ніхто не хоча думаць. Пакуль што дамінуючы прынцып сучаснай псеўдапапулярнасці ўсё больш уцягвае ў сусветную павуціну моладзь і дзяцей. Той жа інтэрнэт прапануе падлеткам спайс, ад якога пакутуюць і паміраюць юныя, навязвае фільмы пра чалавека-павука і яму падобных пошасцей. Узяць мультфільм  “Маша і мядзведзь”. Чаму ён можа навучыць? Аднаму: як здзекавацца і насміхацца над бліжнім.

Хацела б закрануць яшчэ адну тэму камп’ютараманіі: лячэнне. Добра, калі вы зойдзеце на сайт, дзе будзе анлайн-гутарка са спецыялістам. А калі проста паверыце любой інфармацыі пра тую ці іншую хваробу і будзеце лячыцца, а выніку не атрымаецца?  Таму трэба прадумана падыходзіць да розных парад “знаўцаў”, а ўвогуле лепш звярнуцца да свайго ўрача, кваліфікацыя і вопыт якога вам вядомыя. Я чытала ў адной з рэспубліканскіх  газет выказванне доктара аб тым, каб менш давяралі інтэрнэт-лячэнню. Усё павінна  быць праверана і даказана, бо шмат яшчэ шарлатанаў, жадаючых ці праславіцца, ці  займець аўтарытэт.

Аспрэчваць той факт, што сёння мы не абыдземся без новых тэхналогій, нельга. Я сама, калі малодшы сын працаваў год за мяжой, гаварыла з ім па “скайпе” і сказала: “Няхай жыве Біл Гейтс!”  Кампанія “Майкрасофт” вядомая ўсяму свету і карысць ад камп’ютара як памочніка чалавека бясспрэчная. Але хацелася б, каб усё было ў меру, і каб дзеці не забывалі, што ёсць  рухомыя гульні на двары, а не толькі кіраванне мышкай, а маладыя людзі помнілі пра  знаёмства з супрацьлеглым полам  у парку ці ля кінатэатра, бацькі калі-нікалі расказвалі ці чыталі дзецям казкі — чароўныя і добрыя. Увогуле, каб сусветнае веча было мірным і добрым, ва ўсякім разе, хоць бы на працэнтаў 80.

Раіса  ХВІР,

г.Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.