«Я бачыў палёту яго неабсяжнасць…»

 

176948,03

Пісьмо

Давай пачнём усё спачатку:

Твой першы погляд, мой уздрыг.

А час будзённых спраў заціх…

Пісьмо чакае пад пячаткай.

 

Давай пачнём усё спачатку —

З дзяцінства, з самых першых дзён,

Дзе шчэ канец не так відзён,

І не гніюць расткі пачатка.

 

Давай пачнём, дзе ёсць пачатак:

Мы не пілі там кроў-віно,

І ўрач у белым паліто

Не надзяваў сваіх пальчатак…

 

Давай пачнём усё спачатку!

Мы немалы сплацілі кошт

За тое, што не клалі ў кош

Клубком спавіўныя пачаткі.

 

Давай пачнём усё спачатку!

Нам трэба толькі зразумець,

Ці можа успамінаў медзь

Узбагаціць калі  нашчадкаў?

 

Давай пачнём усё спачатку!

Хоць скалыхнула нашу клець

Стварэнне з гучным імем Смерць,

Пісьмо чакае пад пячаткай…

 

Спрасонку

Прачнуўся. Чырвоным золак

мне паласнуў

Лязом па вачах, як рабіў безліч раз.

Чамусьці я мроіў, што забыў, загубіў

Пытанне сваё, на яго свой адказ.

 

Я гнаў тыя думкі градам поту з ілба,

На кухні напоўніў свой звыклы бакал.

Але я не выпіў нават кроплі віна:

З люстэрка мяне нехта ўсё аглядаў.

 

І гэтую ноч я больш не змог, не заснуў:

У скроні лупіў, біў палаючы вар.

Адбітак смяяўся, а яшчэ падміргнуў, —

Стары невымоўна мне здаўся той твар.

 

Сустрэча

Ахвярую сябру свайму Міколу Ш.

Давай жа, сябра, памахаем

Пасля бойкі кулакамі.

Павольна час закалыхаем,

Як па Волзе бурлакамі.

 

Давай абдымемся, мой дружа! —

Усплывуць жыцця нататкі.

І паспрабуем разам мужна

Зноў пачаць усё спачатку.

 

Дык разлівай тады нязлосна

Запазнелае «Баржомі»,

Бо разумееш — лепш жа позна,

Чым увогуле ніколі.

 

Памылкі

Калі пасыплюцца падзеі,

Пачнуць шукаць, хто вінаваты.

Маўчаць тут будуць дабрадзеі,

Што так крычалі ўсе зацята.

 

Свабода будзе лепшы хабар

І канцэнтрат падзей для здрады.

Забудуць хутка, хто ёсць сябар

Пад смачным водарам улады.

 

І не ўзгадаюць, што за плата

Была у нас паміж сабою:

Як прыкрывалі спіну брата

Мы ў няроўным тым двубоі.

 

Калі у твар нам кінуць глінай,

Не баючыся памыліцца —

Мы пойдзем, ўзяўшы ўспаміны,

І жменю роднае зямліцы.

 

Ісці

Употай выйсці на сцяжыну.

Не верыць людзям і сабе.

Любіць дачку, кахаць дзяўчыну,

І не захраснуць у мане.

 

Ісці дарогаю, дзе мгліцца,

Дзе замяняюць ночы дні.

Ісці — ў надзеі нарадзіцца

І жыць надзеяю ісці!

 

Млосць

Я йшоў дамоў,

мая дарога

мне малявала хібы.

Млосць

казала: «Хутка перамога!

Ты — ёсць не той, кім быў,

хто ёсць».

 

Я засяродзіў свае думкі

і на шашы паўстаў

пустым.

Не, я не той,

хто меў стасункі.

Не, я не той,

хто стаў не тым!

 

Змяняў раптоўна накірунак;

мінаў,

ішоў, куды хацеў.

Мяняла карта свой малюнак —

калі б туды не паглядзеў.

 

Ляцеў.

У прорву праваліўся.

Кранаў жывое раптам штось.

Быў тым, хто шчэ не нарадзіўся,

і хто народзіцца вось-вось.

 

Жыў так — жыцця нібыта мала

было сягоння,

заўтра — зноў.

А мог быць тым, каго не стала,

або пражыць жыццё наноў.

 

Нябёсы слалі свае грукі.

Туман жа слаўся,

быў густым:

лавіў мае нямыя гукі:

«Не, я не той,

хто стаў не тым…»

 

Мяняў шляхі для кожнай сцежкі,

каб зблытаць тых,

хто вёў мяне.

Пісаў адлегласці,

прамежкі

употай хутка на сцяне.

 

Ці мог я быць не тым,

а іншым? —

Я не задумваўся,

ішоў.

Стаў блытаць сок саспелай вішні:

прымаў яго за плазму,

кроў.

Сасмяг.

Здранцвеў.

Краналі вусны

бутэлькі, поўныя вады.

Язык цяжкі і закарузлы

парушыў гронкі нематы.

 

Я піў нагбом.

Зародкі млосці

знікалі ў целе без умоў.

Чырвонае ў бакале штосьці:

то быў кампот,

а можа, кроў.

 

Вось ачуняў.

Мае адказы

рыпелі  мне, нібы на злосць:

ты той, кім быў тады,

адразу!

Ты той — кім быў,

ты той — хто ёсць!

 

Знайдзі!

Знайдзі сілы ў сабе аддзяліцца

Ад натоўпу, ад масы людзей.

Лепшым будзе — усё ж памыліцца,

Чым закладнікам быць у ідэй.

 

Тых ідэй, дзе адведзены  схемы,

Па якіх тут кружляюць даўно

Ні то людзі, ні то манекены,

На душы у якіх ёсць таўро.

 

Дый за лепшае будзе  упасці

На дарозе сваёй — не чужой.

І спыніўшы душэўныя жарсці,

Вырашаць лёс сваёй галавой.

 

Лепш стань тым, хто ужо не баіцца,

Шляхам рушыць, дарогай сваёй.

Ты дазволь сабе зноў нарадзіцца,

Каб застацца самім жа сабой!

 

Рыса

Клаўся снег на мяне калярова,

карункамі,

не даваў больш сабрацца

на гэты раз з думкамі,

замінаў, як ніколі, напэўна, да гэтага,

астудзіўшы мяне,

так надзейна сагрэтага.

Выйшаў з хаты  —

прайсціся зімы намалотамі:

даць разбегчыся думам свавольна, з прыгодамі,

не збівацца каб ім той гаворкай

з задругаю,

бо яе я ўсё роўна чамусьці не слухаю.

 

За сталом думы лезлі, глыбокія, плыткія,

часам добрыя, светлыя, часам —

і брыдкія.

Я з надзеяй пайшоў скласці

думку адзіную,

каб данесці яе прад сваёю сябрынаю.

Снег ішоў на мяне калярова,

карункамі.

Ён дзяліўся са мною здагадкамі,

думкамі.

Я ж растаўся ўжо, ідучы

скрыжаваннямі,

з мінакамі былымі, з былымі

спатканнямі…

І пайшоў адваротна дарогаю новаю.

Быў і з роздумам новым,

і з новай асноваю.

Падвёў рысу пад тлустаю

назвай «мінулае»,

ды адрэзаў з душы

ўсё набраклае, чулае.

Думы склаў на паліцы, завесіў

гардзінамі:

не дарэмна блукаў сам з сабою

гадзінамі,

лёд падэшвай душыў і са снегам,

са слотаю.

…Я ў пятніцу выйшаў, вярнуўся — суботаю.

 

Вяртанне салдата

Я ехаў доўга з цяжкім сэрцам,

Сяк-так мінаючы дамы.

А звонкі гук, што моцна льецца

Ў той час здаваўся мне нямым.

Я ведаў тое, што не трэба,

Пабачыў праўду, што не дасць

Астатнім дням праліцца срэбрам.

Ў вачах лунае прывід-жарсць.

Мяне завуць палі ды вёскі

І пахі леташняй раллі.

Ў вушах стаіць рачны зоў-плёскат:

Тады з атрадам мы плылі.

Вось у кішэні фотаздымкі —

Нямыя сведкі тых часоў,

Дзе ўсе жывыя у абдымках,

Калі яшчэ не льецца кроў.

Я буду помніць генералаў,

Чысцюткі штаб іх, інтэр’ер,

І як салдатам не ставала

Пісьма, якое нёс «кур’ер».

Мне сніцца будуць верталёты,

Сябры, акопы, гразь — наноў…

І бляск вачэй забітых злёту

Хлапцоў, што верылі ў любоў.

Успомню я, як гойдаў вецце

Атакі гул, што не міне, —

Я буду помніць ўсё на свеце!..

А ці ўзгадае хто мяне?..

 

Мяшок

Ўсё, што можна сказаць, — я сказаў,

Не пакінуўшы слоўніку слоў.

Каго мог забіваць — забіваў

Безумоўнымі словамі сноў!

 

Ўсё, што можна спазнаць, — я спазнаў,

Чорнай плямай адклаўшы ў душы.

Калі хочаш, то я — увабраў

Міражы той нябачнай мяжы.

 

Ўсё, што можна пачуць, — я пачуў,

Пробкі ў вушы заткнуўшы глыбей.

Я памацаў, гукі адчуў,

Цішыні што бываюць цішэй.

 

Ўсё, што можна забыць, — я забыў,

Нават тое, што ведаць не мог.

Я ляжаў, я глядзеў, я застыў

У няведанні ведаў, як мох.

 

Каго можна сустрэць — я сустрэў,

Палічыўшы пляўкі ўсе у твар.

Мяне холад, нарэшце, сагрэў

Цеплынёю намараных мар.

 

На што можна глядзець — я глядзеў,

Завязаўшы павязку тужэй,

І на зрэнкі, на тыя, што меў,

На вачніцы самлелых вачэй.

 

Што я мог падарыць — я аддаў —

Невядомфы ў няведанне крок.

Ўсё, што можна сабраць, — я сабраў,

Склаўшы рэчы ў дзіравы мяшок.

 

Праўда

Быў час, калі чалавек

не ведаў праўды,таму не было мэты

казаць аб нечым.

Але як чалавек спазнаў ісціну —

надышоў момант,

калі нельга было яе гаварыць.

Кожны маўчаў,

глядзеў у вочы суседу,

бязмоўна разумеў адзін аднаго.

 

Нарэшце прыйшла пара —

людзі маглі казаць слушныя словы.

Тады чалавек

пачаў гаварыць праўду,

крычаць аб ёй, заглушаючы іншых;

шаптаць таму, хто быў побач,

іншую, нейкую сваю праўду…

 

І настала эпоха,

калі чалавек упэўнены, што праўда ёсць,

але не можа зразумець, якая праўда

мусіць быць сапраўднай.

 

Пакой

Я трымаў у руках фотаздымак.

На ім — я у пакоі сваім

Баўлю час у маленстве, дзяцінстве.

О які быў мой светлы пакой!..

 

Час прайшоў: ён, канечне, няўмольны.

Я гляджу… А пакой мой такі ж:

Гады мала ў ім што змянілі,

Не лічыўшы, што ён пацямнеў…

 

Я жыву ў тым самым пакоі:

Простым, родным, любімым маім…

Ён здаваўся б, напэўна, і светлым,

Калі б былі жывыя усе…

 

Самы забыты дзень

Я забыты ў забытым парку

сяджу на забытай лаўцы

з дагэтуль забытай марай

у самы забыты дзень.

 

Сяджу ля забытай рэчкі.

Забытыя цёплыя слёзы

цякуць па шчоках забытых

у самы забыты дзень.

 

Па самай забытай сцежцы —

мае забытыя крокі

кіруюць зацята-забыта —

у самы забыты дзень.

 

Я іду, і забытыя словы

злятаюць  забытаю птушкай

з забытых вясною вуснаў

у самы забыты дзень.

 

І даўно забыты я сонцам,

і неба мяне не ўзгадае,

як і ты ужо не успомніш

у самы забыты дзень.

 

Цяжка быць самым забытым

у самым забытым месцы,

калі сам усё помніш яскрава,

у самы забыты дзень.

***

Хто не сышоў —

той сыйдзе.

Пойдуць ўсе:

бязбожныя і вернікі;

багатыя і бедныя;

хлуслівыя і чэсныя;

і змагары, і здраднікі;

спакойныя, нервовыя;

шчырыя, двудушныя;

моцныя, слабыя;

добрыя і злосныя;

хто хоча, хто не хоча;

хто любіць і хто не…

 

P.S. Смерць — адзіная справядлівасць.

***

Паэт не ў стане «гаварыць»,

і цяжкія ліць прамовы:

так не жыццю трэба вучыць —

лепш казаць аб невымоўным.

***

Я бачыў палёту

яго неабсяжнасць,

крылаў

яго неабдымнасць,

калі ён ляцеў

у наступнасць, —

самалёт.

***

На базары

ўсё без зменаў:

безліч рук,

людзей,

бязменаў…

***

Няўжо спадабалася?!

занатоўвае жаночы след

летні размяклы асфальт.

***

Там усё ж такі лепш?

Вераб’і з дрэва

зляцелі на дах.

***

Стаю на другім

канцы дарогі.

Падміргнуў зялёны:

«Ідзі!»

***

…Але выжыў той,

хто спадзяваўся на сябе

і верыў ў заўтра.

***

Як жа лёгка запомніць

памылкі чужыя,

так жа цяжка

ўзгадаць пра свае.

***

Ранак.

Аўтобус мінае дамы:

з акна у акно

скача сонца.

***

Дайграў усё,

што было за дзень.

Засталася

адзіная нота —

адзі-

          нота.

Андрэй КОЗЕЛ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.