Аглядаючыся на настаўніка

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_2536

Ніна Аркадзьеўна заўсёды была ў акружэнні дзяцей

У кожнага з нас былі яны, настаўнікі. З іх беражлівых рук, ад іх цёплых і разумных душаў выпраўляліся мы ў свой шлях. Вы-праўляліся, не надта задумваючыся пра тых, хто нас праводзіў, прымаючы іх увагу як належнае, як волю  самога жыцця. А яны, нашы апекуны і дарадчыкі, заставаліся і доўга глядзелі ўслед, бо аддавалі нам частку саміх сябе, і іх трывожыла, ці не згубім мы гэты нябачны дарунак, ці скарыстаем яго як найлепш…

Колькі ўсё ж высакароднасці і духоўнасці ў тых, хто здолеў нам многае даць у дарогу, даць з любоўю і шчырай зычлівасцю!

Сёння, азіраючыся на прой-дзенае, бачу асаблівую педагагічную ролю ў нашым лёсе былога класнага кіраўніка, настаўніка рускай мовы і літаратуры Ніны Аркадзьеўны Гутаровіч, сэрца якой перастала біцца 11 ліпеня 2015 года. Яна працавала ў Казлоўскай сярэдняй школе і была неардынарным педагогам, які шмат ведаў і стаў для нас высокім аўтарытэтам. Настаўніца старалася, каб мы палюбілі слова, адчулі яго паэтычныя магчымасці. На ўроках мы шмат чыталі, здаецца, гэта рабілася за кошт іншых формаў работы над творам, але, мусіць, дзякуючы гэтаму вуснаму чытанню ў класе мы адкрылі для сябе творы многіх пісьменнікаў рускай класічнай літаратуры. Ніна Аркадзьеўна няспынна апелявала да нашых развагаў, ставячы перад класам пытанні. Яна імкнулася, каб мы самі прыйшлі да высноў, якія фармуляваліся тым ці іншым граматычным правілам. Колькі яна выцерпела, выслухоўваючы нашы наіўна-бездапаможныя адказы на такія пытанні! І ўсё ж трымалася  свайго прынцыпу. Здаецца, мы добра ведалі мову. Асабіста я дыктоўкі і пераказы ўспрымала як прыемную, нават радасную па-дзею школьнага жыцця.

Класны кіраўнік шмат увагі аддавала вучням, яна захаплялася пастаноўкай спектакляў, інсцэніравала з намі не толькі творы праграмных аўтараў, а і тагачасных пісьменнікаў, якія ёй падабаліся. Мы амаль усе пабывалі ў ролі артыстаў, у кожным настаўніца ўмела знайсці тыя ці іншыя здольнасці, усё рабіла хутка і неяк непрыкметна, заўсёды ўпэўненая ў нашым будучым поспеху. Яна шмат распавядала нам пра прыватнае жыццё пісьменнікаў-класікаў і такім чынам вельмі ўзбагачала разуменне іх творчасці, разбураючы стандартныя ўяўленні пра суадносіны літаратуры і рэчаіснасці.

Карэктна стрыманая і роўная па настроі, Ніна Аркадзьеўна прымушала вучыць на памяць амаль усю праграмную паэзію. Я глыбока ўдзячна за тое настаў-ніцы, бо разумець і адчуваць паэзію можна толькі ведаючы тэкст. А звычка запамінаць лепшыя здабыткі паэтычнай творчасці вельмі каштоўная, яна становіцца з цягам часу ўнутранаю патрэбаю і спрыяе арганічнаму спажыванню паэзіі, гэтай адмысловай галіны слоўнага мастацтва.

Настаўніца прыносіла  і давала нам чытаць сур’ёзныя кнігі, падказвала карысную літаратуру, раіла,  як займацца самаадукацыяй. Прайшло 30 гадоў з тае пары, але і сёння бачу яе разумны і зычлівы позірк, позірк інтэ-лігента, які ставіўся да кожнага з аднолькавай увагай і шчыра хацеў, каб мы сталі адукаванымі людзьмі.

Настаўнікі патрэбны нам заўсёды, бо чалавек усё жыццё вучыцца, часцей сам таго не заўважаючы. І чым больш сталееш і старэеш, тым больш становішся крытычна пераборлівым у адносінах да ўсяго павучальнага. І ўсё ж навука жыцця як спрадвечны яго складальнік робіць нязменна запатрабаванаю прафесію педагога. Я таксама абрала гэту прафесію дзякуючы намаганням сваёй дарагой настаўніцы Ніны Аркадзьеўны Гутаровіч. Таму што сапраўдны настаўнік не можа быць благім чалавекам. Гэтаксама, як добры, прыгожы чалавек не можа не быць настаўнікам, бо непазбежна вучыць іншых, станоўча ўплывае на іх. Вялікі дзякуй, што ў мяне і маіх равеснікаў была такая настаўніца, улюбёная ў школу і дзяцей,  самаахвярная працаўніца педагагічнай нівы, якая дапамагла нам стварыць свой свет жыцця. Няхай жа будзе добраславёная яе сціплая постаць, няхай жа зберажэцца пра яе памяць…

Пакуль ёсць  Настаўнікі, наша зямля мае будучыню.

Святлана ШЫНКЕВІЧ,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Аношкаўскі навучальна-

педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

Фота з сямейнага архіву Н.А. Гутаровіч. 1979 г.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.