Гарадзея: гісторыя і сучаснасць

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

сахарный

Там, где было Замирье

 с Заречьем,

Там теперь Городея, друзья.

Если ехать из Минска на Несвиж,

Её обойти нам нельзя.

Такімі  словамі  пачынаецца песня пра гарадскі пасёлак  Гарадзея. Напісала  яе настаўнік-філолаг Ядзвіга  Вікенцьеўна  Чэкман  на музыку  Барыса Канстанцінавіча Скачко —  музыканта і краязнаўцы, дзякуючы  якому  мы шмат ведаем пра мінулае Гарадзеі. Кароткі экскурс у гісторыю пасёлка паводле кнігі “Гарадзея”, збору матэрыялаў для якой прысвяціў вялікую частку свайго жыцця Б.К. Скачко, прапануем чытачам з нагоды свята  —  485-годдзя  г.п. Гарадзея.

Гарадзея  (Гародзей, у пачатку ХХ стагоддзя — Замір’е) — гарадскі пасёлак, чыгуначная станцыя на лініі Мінск — Баранавічы, цэнтр Гарадзейскіх  пасялковага і сельскага  Саветаў. Назва паселішча паходзіць ад беларускага дзеяслова “гарадзіць” (агароджваць). Яшчэ старыя людзі расказвалі, што назва магла ўзнікнуць ад часоў уладання князёў Радзівілаў.  Адзін з Радзівілаў ехаў праз паселішча ў Мір, і  яго конь зламаў нагу. Радзівіл узрушана ўсклікнуў: “От гора дзея!” Кажуць, з тых часоў паселішча стала Гарадзеяй. Але гэта толькі паданне.

Першы пісьмовы ўспамін пра Гарадзею як маёнтак у Наваградскім ваяводстве  датуецца 1530 годам. Уладальнікі  Васіль і Леў Чыжы  разам з Бейнаровічамі і Пратасовічамі скардзіліся на пана С. Ільініча, які чыніў разбой на тэрыторыі іх маёнткаў Гарадзея і Астроўкі. У прысутнасці сведкаў былі ўдакладнены межы ўладанняў.

У 1551 г. Гарадзея — уладанне  П.А. Ганусовіча, які  ў 1555 го-дзе прадаў трэцюю частку Б. Пратасовічу, дзве астатнія аддаў яму ў заставу. У 1571 годзе  Б. Пратасовіч купіў увесь маёнтак, а ў 1575 годзе прадаў яго Радзівілам.

У 1603 годзе Гарадзея ўспамінаецца ў прыходна-расходнай кнізе земляў, што належалі Ра-дзівілам. Гарадзея была фальваркам — феадальнай гаспадаркай, якая складалася з пан-скай сядзібы, гаспадарчых пабудоў, ворыўнай і іншых земляў. Фальварак Гарадзея меў каля 327 га зямлі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.)  Гарадзея апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Наваградскім павеце Мінскай губерніі з 1796 года. Па звестках на 1798 год у Гарадзеі знаходзілася 2 уніяцкія царквы.  Першая (Саслання Духа Святога) заснаваная панамі Халецкімі  ў 1719 г. і знаходзілася ў Дольнай Гарадзеі ва ўладаннях пана Брахоцкага. Царква была драўляная, прыход складаўся  з 27 двароў. Людзей “да споведзі здольных” налічвалася: 114 мужчын  і 81 жанчына.

Другая ўніяцкая царква  (Уваскрасення Госпада і Жалобнай Багародзіцы), заснаваная  ў 1644 годзе Кыржанеўскімі, была ў Горнай Гарадзеі ва ўладаннях паноў  Марцінкевіча і  Корбута. У 1810 г. фальварак і вёска Гара-дзея знаходзіліся ў  арэндзе Багдановіча. З 1861 г. Гарадзея — цэнтр воласці — тэрытарыяльная адзінка накшалт сучаснага сельсавета. Яна падзелена на некалькі частак: малы Гародзей, Вялікі Гародзей, Абібакі.  Увогуле  ў Гарадзейскай воласці было 33 вёскі, 1 засценак, 17 маёнткаў, 1 карчма, 3 мястэчкі, 3 пасада, 3 сялы, паштовая станцыя, чыгуначная станцыя, 2 урочышчы, 16 фальваркаў.

Уладзімір Сыракомля — паэт, фалькларыст і краязнаўца — наведаў яе і ў сваіх “Вандроўках па маіх былых ваколіцах” назваў  “сапраўдным аазісам у гэтым баку…”  У маёнтку вырабляліся сыры, якія прадаваліся ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Згодна з інвентаром 1863 года, у фальварку Гарадзея былі жылы дом, дом аканома, саладоўня, склеп, птушнік, памяшканні для жывёлы, стайня, кузня, млын.

У 1860-70-я гады ў Гарадзеі пабываў вядомы беларускі кампазітар і мастак Напалеон Орда. Ён намаляваў палац Эміліі  Брахоцкай. Гэта самая першая выява Гарадзеі. Алоўкавы, падмаляваны акварэллю малюнак падпісаны: “15 ліпеня. Гарадзея. Эміліі Брахоцкай. Губ. Мінская”.

З пабудовай  Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (1871 г.) у Гарадзеі  з’явілася чыгуначная станцыя, якая хутка стала  пунктам гандлю сельгаспрадуктамі і  збожжам. Нават Варшава мела сваіх гандлёвых агентаў.

вокзал в городее

У 1876 — 1888 гадах на месцы цяперашняга мястэчка размяшчаліся маёнткі: Дольная Гарадзея (30 двароў, 194 жыхары, хлебазапасны магазін), Горная Гарадзея — 122 двары, 730 жыхароў, 2 царквы (царква Ражства Багародзіцы пабудавана ў 1897 годзе), валасное праўленне, піцейны дом і хлебазапасны магазін. Паселішча Гарадзея  складалі  92 двары, 719 жыхароў, малітоўны дом, аптэка, 17 лавак, 2 склады цукру, 2 піўныя склады, 5 піцейных дамоў. Аднайменных і сумежных з Гара-дзеяй маёнткаў у гэты час налічвалася 4: уладанні Марцынкевіча (32 жыхары), Святаполк-Мірскага (61 жыхар), Неслухоўскага (56), Болтуця (12 жыхароў і 2 млыны).

У Гарадзеі працавала народнае вучылішча, у якім у 1905-1906 гг.  вучыліся 106 хлопчыкаў  і  20 дзяўчынак. Дзейнічала царкоўнапрыходская школа. Мена-віта ў ёй у пачатку ХХ стагоддзя  сваю першую навуку спасцігаў будучы выдатны беларускі паэт  Уладзімір Жылка, сюды ён прыходзіў вучыцца са сваіх родных Макашоў.

Шмат бяды прынесла жыхарам Гарадзеі Першая сусветная вайна. Чыгуначная станцыя ў тыя часы называлася Замір’е, знаходзілася ў прыфрантавой паласе. У адным  з атрадаў рускай арміі служыў пісьменнік Канстанцін Паўстоўскі. Свае ўражанні аб паселішчы ён апісаў у “Повести о жизни».

У лютым 1918 г. Замір’е  занялі нямецкія войскі, у канцы 1919 года — бальшавікі. У жніўні 1919 года — польскія войскі, потым зноў — бальшавікі, у кастрычніку 1920 г. — зноў польскія войскі. У 1920-39 гг. Гарадзея знаходзілася ў саставе Польшчы, згодна з  Рыжскай мірнай дамовай (1921 г.). Яна зрабілася цэнтрам гміны Нясвіж-скага павета і атрымала статус мястэчка, якое мела 147 двароў,  1120 жыхароў, гміннае праўленне, аддзяленне сувязі, касцёл, 2 сінагогі,  чыгуначную станцыю, па чацвяргах і нядзелях працавалі базары.

У1939 годзе Гарадзея  ўвайшла ў склад БССР. З  15 студзеня 1940 года лічыцца ў Нясвіжскім раёне Баранавіцкай вобласці. 12 кастрычніка 1940 г.  атрымала статус  пасёлка гарадскога тыпу і стала цэнтрам сельсавета.

У 1940 годзе тут створаны калгас “1 Мая”. У  мястэчку было 1719 жыхароў, 10 дробных прадпрыемстваў, 2 паравыя і 2 вадзяныя млыны, 4 гандлёвыя кропкі, 2 няпоўныя сярэднія школы, хата-чытальня, бібліятэка, клуб, бальніца, радзільны дом, паліклініка, аддзяленне сувязі.

У часы Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 па 2 ліпеня 1944 года знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.  Было спалена 250 дамоў, бібліятэка з фондам тры тысячы кніг.

Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі 1137 чалавек яўрэйскага насельніцтва Гарадзеі. Гэта трагедыя разыгралася 17 ліпеня 1942 года. Людзей сагналі за чыгунку, паставілі ля выкапанага рова і расстралялі.  На месцы расстрэлу некалькі сутак шавя-лілася зямля. У 2004 годзе, праз 62 гады,  на гэтым месцы намаганнямі мясцовай і раённай улад, а таксама яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў краіны і замежжа быў створаны мемарыяльны помнік ахвярам. Аўтар праекта — Леанід Левін, архітэктар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі  СССР і былы кіраўнік яўрэйскіх абшчын  Беларусі.

Вызвалялі Гарадзею кавалерыйскія часці кубанскіх коннікаў пад  камандваннем генерал-маёра  Тутарынава, генерал-лейтэнанта Пліева, генерал-маёра Галаўскога і палкоўніка Папрыкайла. 2 ліпеня 1944 года пасёлак быў вызвалены часцямі  10-й гвардзейскай казацкай кавалерыйскай  Кубанскай дывізіі  4-га  гвардзейскага  казацкага кавалерыйскага корпуса, а менавіта зводным атрадам гэтай дывізіі  ў саставе 128 танкавага палка, дзвюх батарэй 152-га знішчальнага супрацьтанкавага палка і аўтаматчыкамі 40-га гвардзейскага кавалерыйскага палка.

костел в городее

У1947— 49 гг. прайшла ў Гарадзеі  калектывізацыя. У Горнай Гарадзеі  створаны калгас  імя Свярдлова.  У 1949 — 50 гг. была створана Гарадзейская  МТС. У маі 1959 г. на аснове трох калгасаў утварыўся саўгас  “Гарадзейскі”. Цэнтральная сядзіба саўгаса была пабудавана на другім баку ракі Гарадзейка.  У студзені 1969 года сядзіба стала называцца  пасёлак Новагарадзейскі.

У 1954  годзе пабудаваны  Нясвіжскі льнозавод, які працаваў  60  гадоў, практычна  да  2014 года.

8 студзеня 1954 года пасёлак Гарадзея ўвайшоў у склад Мінскай вобласці.

26 снежня 1959 года першую прадукцыю даў  Гарадзейскі цукровы завод, будаўніцтва якога пачалося ў 1956 годзе.

Для будаўніцтва цукровага завода было створана  ў 1956 го-дзе БМУ  “Цукрабуд”, якое праз шмат рэарганізацый  стала ПМК-10 трэста “Мінсксельбуд”, цяпер гэта  — ПМК-217.  Прадпрыемствам узведзена шмат аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння і дамоў.

На вуліцы Шашэйнай размяшчалася Гарадзейская  нафтабаза,  заснаваная яшчэ ў 1944 го-дзе. Там цяпер кандытарскі цэх. У 1972 годзе была пабудавана новая нафтабаза, цяпер гэта наліўны пункт  РУП “Мінскаблнафтапрадукт”.

Яшчэ адно старэйшае прад-прыемства пасёлка — Гарадзейскае збожжапрыёмнае, створанае ў 1939 годзе, тады яно называлася па-руску “Заготзерно”.

У 2000 годзе  пачало дзейнічаць  СЗАТ  “Еўратарэкс” па вытворчасці поліпрапіленавых тканых мяшкоў для цукру. Працуе ў Гарадзеі і  ТАА “ Інвуддорс”, якое вырабляе дзверы. Вытворчасць рапсавага алею і жмыху пачалася  ў ЗАТ “Аблрапсаграсэрвіс” восенню 2011 года.

У Гарадзеі дзве сярэднія агульнаадукацыйныя  школы — №1 (1947 г.)  і №2 (1966 г.), два дзіцячыя садкі, спецыяльная школа-інтэрнат (1961 г.), дзве бібліятэкі — гарпасялковая (1949 г.) і дзіцячая (1959 г.), два Дамы культуры,  дзіцячая школа мастацтваў (1969 г.), бальніца, новая паліклініка (1994 г.).

15 жніўня 2005 года  адчыніла дзверы новая гасцініца       “Гарадзейскі фальварак”.   Рэ-старан беларускай і еўрапейскай кухні  “Тракціръ  “Для друзей”  адкрыўся ў ліпені 2010 года. 26 сакавіка  2015 года на месцы былога кафэ “Белая Русь” гасцінна расчыніў дзверы забаўляльны цэнтр сямейнага адпачынку  “Бумеранг”  са спорт-барам, рэстаранам, боулінгам і більярдам.

Герб і сцяг гарадскога пасёлка  Гарадзея быў  зацверджаны рашэннем Гарадзейскага пасялковага выканаўчага камітэта  24 жніўня 2000 года.

У 2005 годзе ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя “ да 475-годдзя пасёлка выйшла кніга “Гарадзея”. Кожнаму, хто любіць і паважае гісторыю Беларусі, свайго краю, будзе цікава яе пачытаць. Знайсці кнігу можна ў Гарадзей-скай гарпасялковай бібліятэцы. Як гаварылася вышэй, яна з’явілася на свет дзякуючы ўраджэнцу Гарадзеі Барысу Канстанцінавічу Скачко,  неабыякаваму чалавеку, які быў захоплены  багатай  гісторыяй  роднай  зямлі. Тут ён нарадзіўся, скончыў школу і больш за 40 год працаваў выкладчыкам музыкі  і спеваў у сярэдняй школе №1, выкладчыкам па класе акардэона і тэарэтычных дысцыплін, завучам музычнай школы. На жаль, ён памёр у 2003 годзе і не дачакаўся выхаду кнігі. Але праз два гады намаганнямі былога старшыні Гарадзейскага пасялковага Савета Л.П. Качановіча пры фінансавай дапамозе Нясвіжскага райвыканкама кніга была выдадзена. Матэрыялы пра сучаснасць Гарадзеі сабраў і апрацаваў выкладчык гісторыі Гарадзейскай школы-інтэрната А.С. Бруй.

Таццяна НІКІЦІНА,

загадчык Гарадзейскай гарпасялковай бібліятэкі.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.