Кветкі, туі, газоны…

2015-08-05 11-57-08

На вуліцы Цвяточнай у вёсцы Сейлавічы сям’я Калевіч  пася-лілася ў 1988 годзе — пабудавалі там кааператыўны дом на тры пакоі. З таго часу імкнуцца  адпавядаць назве вуліцы — сядзіба патанае ў кветках  і зеляніне.

Увесь зямельны ўчастак займае 12 сотак. Адразу хоць і расло шмат кветак, але агарод быў большым. Цяпер жа, як кажа  гаспадыня Тамара  Юльянаўна, кветкі і газоны займаюць сотак пяць. Асабліва многа лілей — сартаў пяцьдзясят. Дачка Вольга, настаўніца  мясцовай сярэдняй школы, захопленая кветкаводствам, стараецца набыць усё, чаго ў іх яшчэ няма. Вельмі любіць лілеі. Акрамя іх, у агародчыку цвітуць у розны  час крокусы, нарцысы, цюльпаны, касачы, ружы, бягоніі, сульфініі, гладыёлусы, кляматысы, вейгела, фарзіцыя.

Кветкавыя кампазіцыі аформлены так, што  рознакаляровасць пялёсткаў удала адцяняе залёны аксаміт газоннай травы. Усё, што пляцецца ўверх, мае  арачныя падпоры. Іх робіць гаспадар, Вікенцій Леанідавіч. І яго клапатлівым рукам удзячны кляматысы, прыгожа і багата  раскідваючы пад сонцам  галіны з бутонамі і кветкамі.

Кветкавыя кампазіцыі разгароджаны дэкаратыўнымі  плоцікамі, дзе-нідзе кінута бардзюрная стужка.  Побач з кветкамі — фігуркі буслоў, гноміка, пеўня з курачкай.

Растуць на ўчастку таксама яблыні,  груша, чарэшня, вішня. Устанавілі арэлі.

Калі выпадае вольная хвіліна — самі гаспадары  пасядзяць, адпачнуць. А іншым часам на іх  вылежваюць каты. Нядаўна Калевічы яшчэ і сабачку маленькага  завялі — каб іх вясковая гаспадарка была поўнасцю ўкамплектавана.

Сочаць яны і за парадкам на прылягаючай тэрыторыі.  За агароджай пасадзілі туі, рэгулярна падкошваюць траву.

— Рыхтуючыся да раённых дажынак, якія сёлета пройдуць у аграгарадку Сейлавічы, тут шмат што робяць, — расказвае Тамара Юльянаўна. — На нашай вуліцы паднялі бардзюры, адноўлены, дзе быў, тратуар, вядзецца асфальтаванне праезджай часткі. Заасфальтавалі вуліцу Школьную, завулак Школьны, абнаўляецца асфальтавае пакрыццё на Юбілейнай і Паркавай вуліцах. Добраўпарадкавана пляцоўка каля сталовай. Прыгожа зрабілі тэрыторыю вакол адміністрацыйнага  будынку ААТ “Сейлавічы” і сельвыканкама. Працуюць  у нас работнікі зялянбуда, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ДРБУ         № 168. Думаю, што перад гасцямі сорамна не будзе.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.