Памяці Міхася Сазончыка

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

сазончик

У вершах праўда, як паветра,

Бальзам на сэрца і душу.

Пра вас, мае нашчадкі светлыя,

Я думаю, для вас пішу.

Напрыканцы чэрвеня пайшоў з жыцця вядомы на нясвіжчыне паэт з Гарадзеі Міхаіл Яфрэмавіч Сазончык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

ён нарадзіўся 5 ліпеня 1932 года ў вёсцы Юрцава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і рабочых. Скончыў Юрцаўскую школу. У 1951 годзе пайшоў служыць у рады Савецкай Арміі. Пасля скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум.

Працаваў у Крупскім раёне. Там ажаніўся з дзяўчынай з г.п. Гарадзея. З  Крупак паехалі працаваць у Аршанскі раён. Калі аднойчы прыехалі  з жонкай у госці да родных  у Гара-дзею, вырашылі застацца тут жыць.

Вершы Міхась Сазончык пачаў пісаць на аршаншчыне. Першы верш “Вячэрні эцюд” надрукаваў у газеце “Ленінскі прызыў”. Пасля друкаваўся ў часопісах “Маладосць”, “Бярозка”, “Вожык”, “Вясёлка”, у газетах  “Белорусская нива”, “Мінская праўда”, “Нясвіжскія навіны”. Яго вершы змешчаны ў літаратурных зборніках нясвіжчыны : “Нясвіжскія вытокі”, “Пяром і сэрцам з Нясвіжам”, “Званы памяці”.

У 1998 годзе ў Нясвіжскай друкарні выйшаў зборнік вершаў  “Пад родным небам”, у тым жа годзе ў выдавецтве “Юнацтва” — дзіцячая кніжка “Вераб’іная дача”. У 2002 годзе, да 70-годдзя паэта, з дапамогай спонсараў у Нясвіжскай друкарні была выдадзена кніга вершаў  “Люблю”. Наступны зборнік вершаў і казак “Навагодні светлячок”  убачыў свет у 2006 годзе. У зборнік паэзіі “Крыніца” (2007 г.) увайшлі лепшыя творы, якія напісаны за ўсю  творчую дзейнасць. 2008 год быў адзначаны кнігай вершаў пра Радзіму і гумарыстычна-сатырычнай паэзіі “Выпрабаванне часам”.

У 2010 годзе з,явілася кніга вершаў “Роздум”.  Прэзентацыя адбылася ў Гарадзейскай гарпасялковай бібліятэцы з удзелам паэта. У ёй вершы-роздумы аб харастве роднага краю, аб земляках- беларусах, знакамітых людзях. Лірыка перамяжоўваецца з сатырай, адзін з раздзелаў адрасаваны дзецям.

Кніжка  вершаў, казак і загадак  для дзяцей “Сонца мыецца” выйшла ў свет у 2011 годзе.

У  2012 годзе да свайго 80-гадовага юбілею  М.Я. Сазончык  выдаў кнігу  “Жыву ў Гарадзеі” — зборнік паэзіі, прысвечанай мясцінам, дзе прайшла большая частка жыцця.

18 чэрвеня 2014 года  Міхаілу Яфрэмавічу   Сазончыку за шматгадовую плённую працу на ніве беларускай літаратуры  і ў сувязі з 80-годдзем  Саюза пісьменнікаў Беларусі  прысвоілі званне “Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі”…

26 чэрвеня адляцела ў сусвет душа паэта, а вершы нам засталіся ў спадчыну.

Няхай зямля будзе пухам Вам, паважаны паэт!

таццяна Нікіціна,

загадчык Гарадзейскай гарпасялковай бібліятэкі.

 

СА СВЯТАМ

3 Вялікім Святам, краю любы,

Я віншаваць цябе прыйшоў

Ад рэк, азёр, ад хатаў-зрубаў,

Дзе шчасце, радасць я знайшоў.

Яшчэ віншую ад прастораў:

Лугоў, бароў і вербалоз,

Дзе незлічона ясных зораў

Свяцілі мне, калі я рос.

Сваю прыдбаўшы

незалежнасць

Ў перабудовачны наш час,

Мы, беларусы, усе за еднасць,

А самастойнасць — компас наш.

Жывём у рытме новых будняў,

Будуем вёскі, гарады

У сваёй рэспубліцы паўсюдна —

Лепш за мінулыя гады.

Сягоння кожны з беларусаў

Адчуў сябе гаспадаром

I клятву продкаў не парушыў,

Збярог у бітвах родны дом.

Жывуць у памяці нашчадкаў

Ахвяры, страты той вайны —

Святыняй сталі іх парадкі,

За што змагаліся яны.

I вось сягоння я віншую

Цябе, мой краю дарагі,

I Мінск прыгожы салютуе,

Палошча родныя сцягі.

Святочна вуліцы прыбраны

Мястэчак, вёсак, гарадоў,

I, загаіўшы свае раны,—

Мы зноў у квецені садоў.

Святкуе сёння край любімы

Свой пераможны, ясны дзень.

Ад сэрца, любая Радзіма,

Нашчадкам свеціць твой

прамень.

О, Беларусь,

мая пралеска

О, Беларусь, мая пралеска:

Цяністы бор, квяцісты гай,

Палі, узгоркі, пералескі —

Бацькоўскі наш цудоўны край.

Над галавой гарыць вясёлка

Ці неба шэрае ад хмар —

Шчыруе кожны з нас, як пчолка,

Збірае свой зямны няктар.

О, Беларусь, якое шчасце

Пра хлеб надзённы разам дбаць

І клапаціцца пра нашчадкаў,

Дзяцей і  ўнукаў гадаваць.

 

Прызнанне

Не апошні і не першы

Я пішу ў Нясвіжы вершы.

Не такі ўжо я мастак,

Ды стараюся, аднак,

Я раскрыць сваю душу:

Пра палітыку пішу,

Пра каханне і сяброўства,

Пра птушыны свет чароўны,

Пра азёры і бары,

Радзівілавы муры.

Можа, крышку і радзей —

Пішу вершы для дзяцей.

I яшчэ скажу таксама:

Не мінаю ў свята крамы.

Час бяжыць-ляціць імкліва,

Дык чаму не выпіць піва,

Тост усмешкай не сагрэць,

Песню родную не спець:

«Касіў Ясь канюшыну,

Паглядаў на дзяўчыну…»

Прыйдзе клопат пра зямлю —

Я пяро сваё змяню

На плужок ці на касу…

Крыж сумленна свой нясу.

Нясвіжскія вытокі

Бруяцца зноў нясвіжскія вытокі,

Бруяцца зноў —

крыніцамі з зямлі.

Гісторыя давала тут урокі,

Якія нам цікавымі былі.

 

Пакаюся, душой крывіць не стану:

I я, каб не наклікаць зла-бяды,

Маўчаў у час застою і падману,

Маўчаў, нібы набраўшы

ў рот вады.

 

Нясмела прабіваўся потым голас,

У мову матчыну ўпадаў, мацнеў.

I Будны, што прыйшоў здалёк, і Колас

Дапамагалі добрым словам мне.

 

Не дасць у крыўду нас,

нашчадкаў Буднага,

Нясвіж — адзін на ўсіх бацькоўскі кут.

I мы нідзе ніколі не забудзем,

Удзячныя: вытокі нашы — тут.

 

СУСТРЭЧА

3 АДНАКУРСНІКАМІ

Аднакурснікі, я вас вітаю,

Рад усім вам, сябрам дарагім.

I любові струна залатая

Ажывае у сэрцы маім.

 

Падалося, нібыта дарэчы

Шлях жыццёвы крутнуўся назад,

I чуваць на вясёлай сустрэчы

Галасы юнакоў і дзяўчат.

 

За сталом прыгадаем, вядома,

Як вучыліся мы, як жылі,

Як пасля, атрымаўшы дыпломы,

Працавалі на роднай зямлі.

 

Не грашылі мы, дзякаваць Богу,

Неслі людзям дабро і святло,

Святкавалі над злом перамогу,

Хоць і цяжка парою было.

 

Ці сустрэнемся болей, не знаю,

Развітальную песню спяём,

Ды любові струна залатая

Не парвецца, пакуль мы жывём.

 

ТАК ЗАВЕДЗЕНА СПРАДВЕКУ

Якая доля ў чалавека,

Наперад вырашае Бог.

I так заведзена спрадвеку,

Бо толькі Бог нас і бярог.

 

Скажу я шчыра малаверам:

Вас мала сёння на зямлі.

Я ўсёй душой у Бога верыў,

А вы — двурушныя былі.

 

Маліцца нам забаранялі,

За храмам руйнавалі храм,

Дыхнуць за працай не давалі,

Я гэта памятаю сам.

 

Мы на зямлі сваёй павінны

Хрыстовы справы адрадзіць

I замаліць свае правіны,

Каб доўга і шчасліва жыць.

 

***

Нялёгка без дзейснай

падтрымкі,

Тады — у краіне любой —

Збіраюцца людзі на рынку

I дзеляць даход між сабой.

 

Рабочыя рукі патрэбны,

Іначай — дзяржава банкрот:

Яна застанецца без хлеба

I не падтрымае народ.

 

Пра хлеб клапаціцеся, людзі,

Бо там, дзе работы няма,

Ніхто з нас шчаслівым не будзе,

Інфляцыя ўсё з’есць сама.

 

Песня лепшая не спета

Я пішу

Адкрыта, шчыра,

Не губляе сэнсу Ліра,

Сэрца вераю сагрэта —

Песня лепшая

Не спета.

Святы Храм

Храм Божай Маці ў Гарадзеі

Падняў у высь тры купалы —

Апора наша і надзея,

Алтар для Божае хвалы.

Тут бацюшка наш Аляксандр

Ад ранку да цямна рабіў:

Прараб і слесар шчыры самы,

Ён нас за працай парадніў.

За ім і вернікі з душою

Рабілі ўсе, хто толькі мог,

І ззяе Храм святой красою,

Якую асвяціў сам Бог.

Пра гэта забываць не трэба,

Дзе б ты ні жыў, дзе б ты ні быў,

Усім нам бліжай стане неба

У родным свеце рэк і ніў.

У Храме бацюшка нас вучыць,

Каб жыў сумленна чалавек,

Сябе і іншых каб не мучыў

У тлумны дваццаць першы век.

Мы тых з павагай не забудзем,

Хто сродкі аддаваў на храм.

Маліцца божай Маці будзем,

Пакроў яе паможа нам.

 

Вызваленне

Быў я тады шпінгалетам,

Помню, як сёння, той дзень

У сорак чацвёртым: лета,

Якраз даспяваў ячмень.

Танк першы — «Іосіф Сталін» —

У вёску нашу зайшоў,

І людзі салдатаў віталі

Як смелых блізкіх сяброў.

Ад радасці плакалі зранку,

Абдымкам канца не было.

Ад зорак чырвоных на танках

Здавалася, льецца святло.

А потым, помню, ракета

Узвілася ў блакіт нябёс:

Наперад сігнал быў гэта

Для тых, хто нам волю прынёс.

І рушылі танкі: чакала

Іх новая бітва ў той дзень,

А маці серп свой дастала —

Якраз даспяваў ячмень.

 

ПАЖАДАННЕ

МАЛАДЫМ

Прынясуць у хату грошы,

Калі ты — пенсіянер.

Я для ўсіх цяпер харошы,

Бо яшчэ і «мільянер».

 

Дабрабыт сям’і мацую,

Дзесяць сотак у мяне,

Разам з жонкаю працуем,

Старасць нас у крук не гне.

 

Паважае дзеда моладзь,

Паважае дома ўнук.

Ім жа я жадаю ўголас:

— Не шкадуйце ў працы рук!

 

Хто хаваецца

за Бога

Хто хаваецца за бога,

Патаемны мае план,

Яму плацяць, мусіць, многа?

І за здраду, за падман.

Але прыйдзе час расплаты —

Веру цвёрда ў гэта я.

Ўсім, хто ў гэтым вінаваты,

Кара прыйдзе не мая.

Кара Божая, з нябёсаў,

Аб чым ведаюць усе!

Дзе ламаюць безліч лёсаў

Патаемна, пакрысе.

 

Мае сакрэты

Я паэтам знакамітым

Не жадаю быць, сябры,

Не хачу і быць забытым

У Гарадзеі, хоць стары.

А таму пішу ў «раёнку»,

Не хапаю з неба зор,

Лёсу ўдзячны я, што жонка —

Крыжык строгі з даўніх пор.

Такіх мала зараз жонак,

Маю шмат яшчэ сяброў.

П’ю календулу з рамонкам,

Шмат хаджу — таму здароў.

І паверце: не сумую

І заўсёды, дзень пры дні,

Ў агародзе я працую,

Ў гэтым мне няма раўні.

Вось і ўсе мае сакрэты

Чым сягоння і сагрэты.

Сумленна жыву

Светлай памяці маіх родных — бацькі, маці, брата

Бацька мой — палітрук.

I падпольшчыца — маці.

Партызаны-заслонаўцы —

брат і сястра.

Я прасіўся ў атрад, ды сказалі

дзіцяці,

Каб на печы падрос, ваяваць —

не пара.

На вайне яны, бацька і брат,

засталіся,

На кладах і пакутніца маці

ляжыць.

Сіраціна, марнеў

я без хлеба калісьці

I сягоння пытаю парой:

як мне жыць?

Хоць і цяжка бывае — плячэй

не схіляю,

Хоць і цяжка бывае — сумленна

жыву.

Не люблю, калі сеюць і жнуць

на паперы.

Не люблю, калі дзеляць зямлю,

як пірог,

Не люблю, калі ў Бога з дзяцінства

не вераць,

А прыходзяць у храм да Яго,

каб памог.

Я адпрэчваю слабасць, сумненні

і горыч,

Я трываю і ў мірным жыцці,

як салдат,

Бо заўсёды са мною вы крочыце

поруч,

Дарагія матуля, і бацька, і брат.

 

Наша будучыня —дзеці

Наша будучыня — дзеці.

Не даводзьце іх да слёз,

Гадаваць дзяцей умейце,

Каб шчаслівым быў іх лёс.

Трэба догляд, трэба ласка

Для надзённых іх патрэб.

Дык чытайце дзецям казкі

І адкуль бярэцца хлеб.

Дзеці — наша падабенства,

Я і сам дзяцей люблю,

Шанаваць вучу з маленства

Свой народ, сваю зямлю.

 

Зімовай сцюжай

наталюся

Зімовай сцюжай наталюся

У час калядных маразоў.

І шчыра Богу памалюся

Ў царкве і дома — зноў і зноў.

Я пазбягаю лішніх стрэсаў

Ў свае шаноўныя гады

І маю безліч інтарэсаў,

Напэўна, больш, як малады.

Таму жыву і не здаюся,

Хоць моцны ў гэтай мітусні,

За справы ўпэўнена бяруся,

Чакаю сонечнай вясны.

І ўсе нягоды я здалею,

На лёс не стану наракаць,

У пошуках душу сагрэю —

Ў глыбінцы мне не прывыкаць.

 

СХІЛЯЮ НІЗКА ГАЛАВУ

Маім сёстрам Ніне і Алісе

Зямля ад вогненнай залевы

Крывёй сцякала ўсё часцей.

Аберагалі ў лесе дрэвы

I партызан, і нас, дяцей.

Пад мірным небам,

Ясным сонцам

Я, пасівелы ўжо, жыву —

I перад лесам-абаронцам

Схіляю нізка

Галаву.

 

Хацеў бы

я ведаць…

Пад сонца сыходзячы ў вечнасць,

Хацеў бы я ведаць адно:

Як будзе жыць род чалавечы?

Пытанне хвалюе даўно.

Ці зменяцца нашы парадкі,

Ці творчы парадуе ўздым,

Ці будуць заўсёды нашчадкі

Шчаслівыя ў краі сваім?..

Прашу, дарагія зямляне,

У Храмы да Бога прыйсці, —

І гора на свеце не стане,

І Бог паспрыяе ў жыцці.

Міхась САЗОНЧЫК.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.