Сакрэты цыбульнага ўраджаю

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

лук

Вось і надышоў час уборкі рэпчатай цыбулі. На кухні без яе ніяк — цыбулі шмат не бывае, і запас на зіму патрэбен добры. Толькі вось не заўсёды ён атрымліваецца: хоць і няма асаблівых складанасцей у вырошчванні гэтай культуры, але агароднікі часта скардзяцца на дрэнны ўраджай. То ўся цыбуля ў стрэлку пайшла, то шкоднікі яе паелі, то дробная атрымалася, то не захоўваецца — гніе ці прарастае…

Сакрэт 1: што саджаць, калі саджаць

Многія спрактыкаваныя агароднікі раяць саджаць толькі самую дробную сеянку (цыбулінкі да 1 см дыяметрам) і толькі пад зіму ці вельмі рана вясной. Чаму так? Прычын некалькі:

— такая цыбуля менш пашкоджваецца цыбульнай мухай — да моманту яе вылету расліны ўжо сілу набіраюць, шкоднікам «не па зубах»;

— такая цыбуля раней паспявае, і ўбраць яе звычайна паспяваеш да зацяжных дажджоў, халодных ранішніх рос і іншых «радасцяў прыроды», якія адбіваюцца на захаванасці ўраджаю.

Сакрэт 2: тонкасці

догляду

Рыхленне і праполка

Самая клапотная — першая праполка, пакуль усходы яшчэ невялікія, а трава расце актыўна. Потым хапае аднаго толькі рыхлення, але рэгулярна. Колькасць і перыядычнасць залежыць ад глебы: чым яна больш шчыльная, тым часцей трэба рыхліць глебу. Пасля дажджу або паліву — вельмі пажадана.

Паліў

Паліваць цыбулю пачынаюць, калі зямля ад вясновай вільгаці прасыхае. Да сярэдзіны чэрвеня трэба паліваць рэгулярна, потым — у залежнасці ад надвор’я і стану раслін. Паліў трэба спыняць, калі пачынае спець цыбуліна, інакш лішак вільгаці прывядзе да таго, што захоўвацца ўраджай будзе дрэнна. Бывае, што паўплываць на гэта ніяк немагчыма: калі зарадзілі дажджы на месяц… Што ж зробіш! Але калі на пачатковым этапе, у час актыўнага росту лісця і фарміравання цыбуліны, вільгаці будзе мала, то і ўраджаю добрага не відаць — вырасце цыбулька дробная і смакам асабліва не парадуе.

Сакрэт 3: нюансы ўборкі

Вырасціць добрую цыбулю — палова справы; каб яна доўга захоўвалася, вельмі важна своечасова ўбраць і правільна прасушыць.

Час уборкі

Як вызначыць, што пара прыйшла? Калі пяро палегла, у цыбуліны з’явілася луска, і яна лёгка здабываецца з градкі — настаў час уборкі. Калі ператрымаць, цыбуля зноў пускае карані (асабліва калі надвор’е дажджлівае). Такі ўраджай будзе дрэнна захоўвацца.

Зручней, вядома, убіраць усю цыбулю ў адзін прыём. Але вось бяда — спець адначасова яна ніяк не хоча. Таму варта выбіраць яе паступова — па меры гатоўнасці. Так што расцягнуцца ўборка ўраджаю можа і на тыдзень, і на 10 дзён. Зразумела, што такі варыянт магчымы толькі ў тым выпадку, калі вы на агародзе бываеце досыць часта, а калі толькі наездамі, то ўбіраць даводзіцца адразу ўсю, калі большая частка цыбулін на градцы паспее.

Сушка

Ідэальны варыянт: убіраем цыбулю ў сухое надвор’е і на 2-3 дні пакідаем на сонейку. Яна падсыхае, да таго ж ультрафіялетавыя прамяні абеззаражваюць цыбуліны, што таксама добра адбіваецца на захоў-ванні. Калі надоўга пакінуць ураджай на градцы немагчыма, паспрабуйце хоць бы на працягу дня прасушыць яго на вуліцы: вырваць раніцай, раскласці на агародзе і не прыбіраць да вечара, а пасля дасушваць у памяшканні, якое добра праветрываецца.

На гэтым этапе наогул лепш нікуды не спяшацца — чым лепш прасушыць цыбулю, тым даўжэй яна захаваецца. Гатоўнасць вызначаюць па стане шыйкі: калі яна высахла цалкам, цыбулю можна прыбіраць на захоўванне. Цыбуліны з тоўстай шыйкай сохнуць даўжэй, а часам так і не высыхаюць — тады іх лепш адкласці і выкарыстоўваць у першую чаргу: захоўвацца яны ўсё роўна будуць дрэнна.

Што рабіць далей — справа густу. Хтосьці абразае сухое пяро і захоўвае цыбулю ў сетках, панчохах або скрынях. Хтосьці любіць заплятаць косы — і прыгожа, і зручна. Калі нейкая цыбуліна ў касе пачала псавацца або прарастаць, гэта адразу відаць, і выдаліць яе лёгка, пакуль не пацярпелі суседнія. Ну а дробную цыбульку і тую, у якой пяро абарвалася, можна скласці ў сетку для агародніны і падвесіць побач з косамі.

«Звязда».

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.