Жыві і квітней, Беларусь!

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

aiL6G8XDwes

У дзяцінстве мяне заўсёды здзіўляў сусед бабулі, які, акрамя дабра, здароўя і дабрабыту на доўгія гады, жадаў нашай сям’і мірнага неба. “А якое яно яшчэ можа быць, гэта наша беларускае неба?! — абураўся мой дзіцячы розум. — Навокал зелянее трава, звонка спяваюць птушкі, ярка свеціць сонца… Пра далёкія жахлівыя ваенныя гады нагадваюць хіба толькі кнігі і кінастужкі. Даўно ўсё ў мінулым. Няўжо зараз неба можа быць не ясным, не мірным?..”

“Дай Бог, каб так”, — ціха зга-джаўся ў адказ дзед Ануфрый.

Гэта пасля я даведалася, што і праз шэсць дзесяцігоддзяў, калі над вёскай нізка пралятаў самалёт, у яго сціскалася сэрца, і ў душу зноў закрадваўся страх. Ён разумеў, што час цяпер мірны і няма чаго баяцца, але з памяці не змог выкрасліць тыя страшныя дні бамбардзіроўкі фашысцкімі самалётамі.

Не змог забыць і тое, як у першыя дні лютага 1945 года 17-гадовым юнаком фарсіраваў Одэр у раёне Франкфурта. Іх рота трапіла пад шквальны агонь артылерыі і мінамётаў. Пераплывалі на плытах і лодках па чырвонай вадзе — яе афарбавала кроў загінуўшых і параненых салдат. Жах ад таго, што плылі па чалавечай крыві, не згладзіўся і праз дзясяткі гадоў.

Яшчэ шмат эпізодаў са свайго ваеннага жыцця прыгадваў дзед Ануфрый: і як атрымаў першае баявое хрышчэнне ў баі пад Варшавай, і як удзельнічаў ва ўпартым і кравапралітным баі за Берлін, і як даведаўся аб заканчэнні вайны і прымаў удзел у парадзе Перамогі на сталічных вуліцах Германіі… Пра яго цяжкія франтавыя будні гаварылі мы з ім шмат вечароў.

Вось ужо пяць гадоў як дзеда Ануфрыя не стала. Але апошнім часам успамінаецца ён мне ўсё часцей. Нешта падобнае да яго аповедаў зараз бачу ў выпусках тэленавін, на старонках газет і інтэрнэта. У сюжэтах паведамляюць аб новых абстрэлах і ахвярах на паўднёвым усходзе краіны-суседкі. І хоць на двары — стагоддзе ваеннай электронікі і “разумнай зброі”, класічныя спосабы наводкі гармат нікуды не дзеліся. Снарады падаюць у жылых раёнах… Значыць, у гэтыя хвіліны — хтосьці загінуў, хтосьці страціў родную хату, хтосьці бяжыць у сховішча з дзіцем на руках. Людзі гатовы перажыць яшчэ адну страшную ноч, сціснуўшы зубы і кулакі… — усё, як калісьці расказваў дзед Ануфрый…

Прайшло нейкіх два дзясяткі гадоў, і я сама, як некалі дзед Ануфрый, дарагім мне людзям у святы банальна жадаю мірнага і светлага неба над галавою, жыць у спакоі і згодзе. Напэўна, Вялікая Айчынная настолькі глыбока ўвайшла ў свядомасць і ментальнасць нашага народа, што памяць аб ёй запісана ў беларусаў розных пакаленняў амаль на генетычным узроўні. Таму — толькі жыць і квітнець табе, наша мірная Беларусь.

Аксана ГРОХ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.