Гімн роднай зямлі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

гусовский

У 2015 годзе мы святкуем дзве надзвычай важныя даты — 545 год з дня нараджэння Міколы Гусоўскага

і  485 год з дня нараджэння Сымона Буднага

Мікола ГУСОЎСКІ нарадзіўся ў  1470 годзе. Ён увайшоў у гісторыю як беларускі паэт-гуманіст эпохі Адраджэння, прадстаўнік новалацін-скай усходнееўрапейскай літаратурнай школы,  выдатны дзеяч славянскай культуры. Адукацыю атрымаў на Беларусі, паглыбляў веды ў Вільні, Польшчы, Італіі. Вялікую ролю ў лёсе Гусоўскага адыграў    Э.Вітэліус — сакратар вялікакняжацкай канцылярыі. У 1518 г.  у складзе польска-літоўскай дыпламатычнай місіі, якую ўзначаліў Вітэліус, Гусоўскі паехаў ў Рым. Выконваючы заказ для Папы Льва Х, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае  слова пра паляванне на зуброў, Гусоўскі стварыў у 1522 г. у Рыме свой лепшы твор “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго”.

У кастрычніку 1523 г. у Кракаве Гусоўскі выдаў у друкарні  І.Віетэра паэтычны зборнік “Песня пра зубра”, які складаўся з паэтычнага прысвячэння, аднайменнай паэмы і 11 вершаў. Цікава, што ў прысвячэнні, адрасаваным каралеве Боне Сфорца, паэт прасіў яе ўзяць на сябе дзяржаўнае апякунства над таленавітымі мастакамі і навукоўцамі.

М.Гусоўскі стаў выдатным папулярызатарам гісторыі і культуры Беларусі на сусветнай арэне. Усе часткі “Песні пра зубра” аб’яднаны тэмай лёсу Бацькаўшчыны, адданасці роднай зямлі, беражлівых адносін да прыроды-матухны. Па сутнасці, аўтару ўдалося стварыць Гімн прыгажосці роднай зямлі, чалавечаму розуму і духоўнай велічы.   Зубр у творы — алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго магутнасці, а Прырода — надзейная крыніца выхавання высокіх патрыятычных і эстэтычных пачуццяў. Аўтар ашчадна ставіўся да фальклору беларускага народа. Прапагандаваў сістэму лацінскай еўрапейскай адукацыі (“сем свабодных навук”), выступаў за творчае засваенне беларусамі антычнай міфалогіі і літаратуры, культуры, адводзіў мастацтву вялікую ролю ў выхаванні народа. М.Гусоўскі — пачынальнік жанру ліра-эпічнай паэмы ў літаратуры Усходняй Еўропы, стваральнік рэнесансавага мастацкага стылю ў літаратуры Беларусі.

На беларускую мову «Песню пра зубра» перакладалі Язэп Семяжон, Уладзімір Шатон і Наталля Арсеньева. Твор перакладзены таксама на польскую, літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы.

Імя М.Гусоўскага ЮНЕСКА ўключыла ў каляндар міжнародных дат вялікіх дзеячаў славянскай культуры. Імем М.Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.

 

Асветнік, філосаф, гісторык, паэт…

будны

Сымон БУДНЫ нарадзіўся ў 1530 годзе  і ўвайшоў у гісторыю як гуманіст, асветнік, філосаф, гісторык, філолаг, паэт Вялікага Княства Літоўскага. З 1558 г. выкладаў на беларускай мове Катэхізіс у пратэстанцкай школе ў Вільні. З 1560 г. жыве ў Беларусі. У Клецку выконвае абавязкі пратэстанцкага прапаведніка. З Л.Крышкоўскім і М.Кавячынскім у Нясвіжы заснаваў друкарню і ў 1562 г. выдаў па-беларуску “Катэхізіс” — першую на тэрыторыі Беларусі кнігу на беларускай мове. Была надрукавана таксама кніга “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”.

З сярэдзіны 1560-х гадоў жыў у маёнтках магнатаў Кішкаў (Хоўхла, Заслаўе, Лоск), актыўна займаўся літаратурна-публіцыстычнай дзейнасцю. Выдаў Біблію (Нясвіж, 1572), Новы Запавет (Лоск, 1574). Дарэчы, прадмова і каментарыі да якога з’яўляюцца першай у сусветнай літаратуры спробай рацыяналістычнай крытыкі евангельскіх кніг. С.Будны таксама выдаў некалькі кніг пра чалавечую прыроду Хрыста (“Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры” (Лоск, 1576) і інш.). З’яўляецца аўтарам прадмовы да трактата Анджэя Мажэўскага-Фрыча “Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай” (Лоск, 1577). У 1589 г. у Полацку палемізаваў з езуіцкімі тэолагамі. Апошнія гады жыў у Вішневе (Валожынскі раён), дзе і памёр.

Сымон Будны стаў прадаўжальнікам традыцый Францішка Скарыны. Даказваў неабходнасць засваення еўрапейскай культуры, створанай на розных мовах, у тым ліку на славянскіх. Не пагаджаўся  з праваслаўнымі  дзеячамі, якія імкнуліся абмежавацца ад заходнееўрапей-скай культуры. С.Будны сцвяр-джаў нацыянальную годнасць славян, адзначаў багатыя духоўныя вытокі і здабыткі беларусаў, заклікаў да развіцця беларускай культуры на роднай мове. Ён — аўтар эпіграм, напісаных гекзаметрам і прысвечаных не толькі беларускім магнатам (Я. Кішку, М. Дарагастайскаму, Х. Лясоце), але і простаму народу.

Катэхізіс С. Буднага перавыдаваўся  ў Стакгольме  ў 1628 го-дзе і ў Мінску ў 2005 г. У 1982 г. у Нясвіжы па вул. Міцкевіча  быў устаноўлены бронзавы помнік Сымону Буднаму. Ва ўзнятай руцэ асветніка — кніга з эмблемай сонца — сімвалам святла і ведаў (вышыня фігуры — 2,85 м, пастамента — 0,65 м. Скульптарам помніка з’яўляецца Святлана Гарбунова, архітэктарам  — Юрый Казакоў).

Сёння, у ХХІ стагоддзі, мы, нашчадкі, павінны не толькі ведаць біяграфіі сваіх знакамітых папярэднікаў, не толькі  па-сапраўднаму ганарыцца справай іх жыцця, але і працягваць яе ў імя Адраджэння і далейшай эвалюцыі айчыннай  мовы, культуры, літаратуры.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог, краязнаўца.  

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.