Небяспечнае захапленне

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

селфи

Ва ўсе часы моладзь імкнулася выдзеліцца, што, уласна кажучы,  не дзіўна.

Успомнім хіпі з іх адмаўленнем прыгожага адзення, панкаў з іракезамі, татуіроўкі і пірсінгі… Жаданне быць не такімі, як усе, цягнула юнакоў і дзяўчат да новага і нязведанага. З’яўленне новых тэхналогій падштурхнула маладых людзей да  вострых адчуванняў: я маю на ўвазе сэлфі, да якога цяпер прыцягнута ўвага. Дарэчы, слова “сэлфі” ў перакладзе з англійскай мовы азначае “сам”, “сябе”, што ў прынцыпе і адбываецца. Фатаграфаванне сваёй асобы на айфон ці смартфон пры дапамозе люстэрка, шнура ці таймера.

Тэрмін гэты стаў словам года ў Оксфардскім слоўніку англійскай мовы ў лістападзе 2013 года і набывае ўсё больш прыхільнікаў сярод маладзёжнай аўдыторыі. Усё б нічога, калі б данае захапленне было вясёлым і бязвінным.

Ну, захацеў ты ўвекавечыць сваю персону на фоне Ніягарскага вадаспаду ці  Ластаўчынага гнязда, — на здароўе.     Час  банальных надпісаў “Тут быў Вася” на дрэвах ці руінах Карфагена адышоў у нябыт. Цяпер Максы і Мілены асвоілі  прагрэсіўны метад пакідання аўтографаў. Але іншы раз яны забываюць пра элементарныя нормы бяспекі і ў выніку  захапленне прыводзіць да трагічных зыходаў. Так, маладая пара з Польшчы паехала адпачываць у Партугалію і на мысе Рока пералезла праз агароджу, каб увекавечыць сябе на фоне акіяна. Не ўтрымаліся на схіле і ўпалі з вышыні 90 метраў. У Мексіцы малады чалавек  прадэманстраваў сэлфі з пісталетам, думаючы, што ён не зараджаны, і націснуў на курок… Жудасны выпадак адбыўся і ў Маскве: дзяўчынка забралася на мост з мэтай увекавечыцца на вышыні. На жаль,  назаўжды. Сумныя прыклады папоўніў і 13-гадовы падлетак з Ніжагародскай вобласці, які залез на дах поезда, атрымаў удар токам і быў шпіталізаваны з 70 працэнтамі апёку. Яшчэ адзін аматар сэлфі не знайшоў нічога лепшага, як  сфоткацца на лініі электраперадач, і атрымаў смяротны ўдар токам. Усё гэта вельмі балюча: няма вайны, а дзеці гінуць, ды па сваёй волі. Жаданне не адстаць, вылучыцца не дазваляе ім падумаць: куды лезу? што раблю?  А варта было б… І наогул, апошнім часам цяга да самалюбавання і паказу сябе стала павальнай. Сэлфісты масава закідаюць свае фотаздымкі ў розных варыяцыях у інтэрнэт. Бывае — смешныя. А бывае — неразумныя, нават абсурдныя. Такі від забавы не заўсёды добры і цікавы, часцей надуманы і пошлы.  Але пра гэта юныя (і не толькі) аматары сэлфі не задумваюцца. Як і аб тым, што, прымацаваўшы металічную палку да тэлефона, яны на вуліцах і ў іншых месцах ствараюць нязручнасці для навакольных. Я нядаўна назірала ў нашым парку, як група прызджых мітусілася з выцягнутым смарт-фонам ля помніка сабаку, заняўшы добры ўчастак дарогі. І выглядалі яны, праўду кажучы, неяк недарэчна.

Вядома, сёння захапленне сэлфі  дасягнула свайго апагею. Пройдзе некалькі гадоў, і людзі прыдумаюць новы спосаб баўлення часу і выкарыстання нанатэхналогій. Галоўнае — каб  тыя дасягненні аказаліся карыснымі грамадству і не мелі сумных вынікаў.

Раіса  ХВІР,

 г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.