ПАД ЗВОН ГІТАР І ПЕРАСТУК ЛЫЖАК

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

славянский базар-2015

Сярод тых, хто сёлета выступаў на “Славянскім базары ў Віцебску”,  былі і “Нясвіжскія лыжкары”

Калі на сцэну выходзяць маладыя спрытныя хлопцы, зала адразу ажыўляецца: несвіжане ўжо ведаюць, што іх чакае цудоўная музыка і вясёлыя песні. Да таго ж, самадзейныя артысты дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа вядомыя  даўно. Вакальна-інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” палюбіўся гледачам. Калектыў створаны некалькі гадоў таму. Кіруе ім выкладчык музыкі каледжа Уладзімір Сухавей, знаўца і энтузіяст сваёй справы, які згуртаваў таленавітых навучэнцаў у зладжаны калектыў. Канцэрты дома і на выездзе, выступленні ў Віцебску ў рамках “Славянскага базару” прынеслі дадатковую вядомасць выканаўцам. Адзін з іх, несвіжанін Аляксандр Бруй, падзяліўся сваімі ўражаннямі:

— Я ўдзельнічаю ў ансамблі з першага курса, закончыў ужо два па спецыяльнасці  “Пачатковая адукацыя”. Мяне запрасіў Уладзімір Яўгенавіч, і я ўдзячны  яму за гэта. Іграю на бас-гітары, спяваю, і рады, што падружыўся з хлопцамі. У нас добрая дысцыпліна, усе стараюцца на рэпетыцыях і канцэртах. Вядома, перад выступленнем крыху хвалюемся, усё-такі адказнасць адчуваем — за намі ж каледж, настаўнікі, аднакурснікі. Дарэчы, усе мы з розных курсаў. Усяго ў ансамблі 14 чалавек. А на канцэртах не заўсёды выступаем у поўным саставе, бо заняткі ва ўсіх розныя, ды і прычыны бываюць, абставіны. Патрэбны, так скзаць . дублёры. Сёлета мы былі ў Віцебску, выступалі на плошчы, у клубах. Хадзілі на экскурсіі. Мне падабаецца сам горад, святочная атмасфера, нас цёпла прымалі слухачы і іх заўсёды было многа. Я з радасцю паехаў бы яшчэ раз на “Славянскі базар”.

— Якія творы выконваеце на канцэртах?

— У асноўным нашы, беларускія, песні, як “Юрачка”. Іншыя народныя, і не толькі. Іграем “Танец з шаблямі” Хачатурана. Удзельнічаем у конкурсах, летась у Мала-дзечне пацвердзілі званне народнага калектыву.

Варта адзначыць, што музыканты цэняць пачуццё дружбы, якое аб’яднала іх, і стараюцца працягваць падтрымліваць яе, нават калі старэйшыя заканчваюць каледж і едуць працаваць ці вучыцца далей.

Дырэкцыя ўстановы  заахвочвае здольных навучэнцаў маральна і матэрыяльна: ім у стыпендыю ўключаецца  прэмія за добрае выступленне. Яно і правільна, бо таленты і старанне павінны адзначацца. Да таго ж, дзеці не марнуюць вольны час, а займаюцца добрай і пачэснай справай, вучаць і ведаюць песні бацькоў і дзядоў, а гэта важна, што беларуская песня жыве і знаходзіць водгук у сэрцах маладых.

Пройдзе час, і, магчыма, хтосьці з удзельнікаў “Нясвіжскіх лыжкароў” стане вядомым артыстам. А можа — і  не адзін. Усё наперадзе. а мы будзем  ганарыцца,  што слухалі і бачылі гэтых самародкаў.

 Раіса  Хвір, 

г.Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.